Салаве́ць ’рабіцца мутным, невыразным (пра вока)’, ’рабіцца, вялым, санлівым ад зморанасці, ап’янення’ (ТСБМ). З рус. солове́ть, якое ад соло́вый, солово́й ’жаўтавата-шэры, мутны’ (Праабражэнскі, 1, 664; 2, 353 і наст.). Для рус. дзеяслова Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 712) дапускаюць кантамінацыю з осоветь (гл. савець).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Зязю́ліць ’біць’, ’піць гарэлку’ (Нас.), зязюлець ’рабіцца мутным, шэрым’ (Нас.). Словы са значэннем ’зязюля’ маюць у розных мовах шмат пераносных значэнняў, звязаных з павер’ямі, а таксама гукавобразнымі ўявамі. Трэба ўлічыць зюзь, рус. зюзю́кать ’піць’. Для «птушынай» семантыкі ’піць’ параўн. савець, салавець. У выніку ўзаемадзеяння, з аднаго боку, гукавобразных уяўленняў, а з другога боку, уяўленняў аб суадносінах выгукаў зязюлі з ударамі і ўзніклі значэнні, звязаныя таксама з указаным (гукавобразным) рус. словам. Насовіч (223) этымалагізуе зязюлець ’рабіцца шэрым, падобным да колеру зязюлі’. Гэта таксама ўваходзіць, верагодна, у сінкрэтычнае вобразнае знач. слова і яго станаўленне.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)