Рымскі Г. В. 11/173

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рымскі Г. М. 1/603

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ ПАНТЭО́Н,

помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены каля 118—125 (арх. Апаладор з Дамаска) у гонар усіх багоў пры імператару Адрыяне на месцы аднайм. храма часоў імператара Агрыпы (27 да н.э). Велічная ратонда, перакрытая паўсферычным купалам (дыяметр больш як 43 м) з кесонамі, у цэнтры з адтулінай (дыяметр каля 9 м) для асвятлення інтэр’ера. Уваход вылучаны порцікам з 16 калон з карынфскімі капітэлямі. У інтэр’еры па перыметры размешчаны нішы прамавугольнай і круглай формы. У сярэднія вякі Р.п. ператвораны ў касцёл ; цяпер — нац. маўзалей, дзе пахаваны Рафаэль, арх. Б.​Перуцы і Дж.​Віньёла, каралі Віктар. Эмануіл II, Умберта I, каралева Маргарыта і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі пантэон.
Інтэр’ер Рымскага пантэона.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ КЛУБ,

міжнародная грамадская арганізацыя для даследавання развіцця чалавецтва ў эпоху навук.-тэхн. рэвалюцыі. Засн. ў 1968, аб’ядноўвае вучоных, грамадскіх дзеячаў, бізнесменаў з многіх краін. Заахвочвае доследныя праекты і публікуе т.зв. даклады Р.к., якія прыцягваюць увагу да глабальных праблем і выклікаюць вострую палеміку.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ КАЛІЗЕ́Й, Каласей (ад лац. colosseus аграмадны, каласальны),

амфітэатр Флавіяў, помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены ў 75—80 н.э. ў часы імператараў Веспасіяна і Ціта. Грандыёзнае збудаванне ў форме чашы ўяўляе сабой у плане авал (даўж. каля 190 м, шыр. 156 м) з арэнай у цэнтры, вакол якой прыступкамі ўзвышаюцца месцы для гледачоў. Пабудаваны з туфу, трыбуны былі пакрыты мармурам; статуі і стукавае аздабленне не захаваліся. Глядзельная зала мела 4-ярусную канструкцыю: першыя 3 ярусы ордэрных арак з іанічнымі, дарычнымі і карынфскімі калонамі; у 4-м ярусе, дэкарыраваным карынфскімі пілястрамі, былі арачныя аконныя праёмы. Уваход у залу праз аркі. Р.к. меў складаную падземную канструкцыю, дзе знаходзіліся мех. прыстасаванні для правядзення гульняў, калідоры для гладыятараў і інш. У выпадку дажджу ці санцапёку збудаванне накрывалі спец. тэнтам. Прызначаўся для тэатралізаваных паказаў і разнастайных відовішчаў: баі гладыятараў і караблёў (для іх арэну залівалі вадой), цкаванне драпежных звяроў і інш. Моцна пашкоджаны. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі калізей.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПА РЫ́МСКІ,

кіраўнік каталіцкай царквы і вярх. правіцель (абсалютны манарх) дзяржавы-горада Ватыкан. Выбіраецца канклавам (калегіяй кардыналаў) пажыццёва ​2/3 галасоў + 1 голас (з 1389 толькі з кардыналаў). Згодна з догматам каталіцкай царквы, прынятым I Ватыканскім саборам у 1870, лічыцца бязгрэшным у справах веры і маралі. У афіц. спісе рым. пап, які выдаецца Ватыканам, 262 папы. З 1523 папскі прастол займалі італьянцы. Традыцыя парушана ў 1978, калі папам абраны польскі кардынал Караль Вайтыла, які прыняў імя Іаан Павел II.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ ФО́РУМ,

ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст. н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі форум.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕР РЫ́МСКІ від палявога ўмацавання стараж.-рым. войска, яго апорны пункт пры вядзенні баявых дзеянняў. Вядомы з 3—2 ст. да н.э. Будаваўся пасля кожнага дзённага пераходу, пры асадзе крэпасцей ці для працяглага размяшчэння войск (пастаянны лагер). Меў выгляд квадрата або прамавугольніка з 4 варотамі. Вакол часовага лагера рабілі роў і земляны вал з плеценымі шчытамі наверсе; пастаянны лагер умацоўвалі больш глыбокім ровам і высокім валам з частаколам, драўлянымі, радзей мураванымі вежамі. Унутры лагера ставілі роўнымі лініямі палаткі, у пастаянных лагерах — казармы. Многія пастаянныя лагеры з часам ператварыліся ў крэпасці, вакол якіх выраслі гарады. Вопыт Л.р. пазней перанялі інш. народы (гл. Лагер).

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т «Ла Сапіенца»

(La Sapienza),

адзін са старэйшых і найбуйнейшых ун-таў Еўропы. Засн. ў 1303 папам рымскім Баніфацыем VIII. Пасля аб’яднання Італіі (1870) буйнейшы навуч. і навук. цэнтр. Каля 1575 для ун-та пабудаваны спец. палац «Сапіенца» (арх. Дж. дэла Порта), назву якога іншы раз пераносяць і на ун-т. Новы комплекс будынкаў узведзены ў 1935. Ун-т з’яўляецца дзярж. установай, мае адм. аўтаномію. Навучанне вядзецца на італьян. мове. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: права; паліталогіі; эканомікі і камерцыі; статыстыкі, дэмаграфіі і актуарнай навукі; філалогіі і філасофіі; псіхалогіі; матэматыкі, фізікі і прыродазнаўчых дысцыплін; сацыялогіі; тэхн. дысцыплін; архітэктуры; медыцыны, хірургіі, стаматалогіі; фармакалогіі. У складзе ун-та школы (аэракасмічнай тэхнікі, архіў і бібліятэчныя навукі), музеі (мінералогіі, геалогіі, палеанталогіі, фізікі, антрапалогіі, класічнага мастацтва, заалогіі, гісторыі медыцыны, ін-таў), б-ка (1 млн. тамоў), б-кі ф-таў і інш.

В.​М.​Навумчык.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ-КО́РСАКАЎ (Мікалай Андрэевіч) (18.3.1844, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 21.6.1908),

рускі кампазітар, дырыжор, музычны пісьменнік і дзеяч. У 1860-я г. ўдзельнік «Магутнай кучкі», у 1880-я г. фактычна кіраўнік Бяляеўскага гуртка (у 1886—1900 узначальваў арганізаваныя М.Бяляевым Рус. сімф. канцэрты). З 1871 праф. Пецярб, кансерваторыі (з перапынкам). У кампазітарскай творчасці праявіў глыбокую зацікаўленасць нац. гісторыяй, побытам і мастацтвам. Зрабіў значны ўклад у рус. оперу: закончыў класічны перыяд яе развіцця, узбагаціў новымі жанравымі разнавіднасцямі, пашырыў яе вобразную сферу спалучэннем рэальных і нар.-фантаст. элементаў. На фарміраванні муз. мовы яго твораў адбіліся асаблівасці розных фалькл, жанраў. Аўтар 15 опер, у т. л. «Пскавіцянка» (паст. 1873, канчатковая рэд. 1894), «Снягурачка» (паст. 1882, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1981), опера-быліна «Салко» (паст. 1897, у т-ры оперы і балета Беларусі 1957), «Царская нявеста» (паст. 1899, у т-ры оперы і балета Беларусі 1933, 1950), «Кашчэй Бессмяротны» (паст. 1902), опера-легенда «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» (паст. 1907), «Залаты пеўнік» (паст. 1909, у Бел. студыі оперы і балета 1931, у т-ры оперы і балета Беларусі 1971). Майстэрства яго аркестроўкі выявілася і ў праграмных сімф. творах, у т. л. «Іспанскае капрычыо» (1887, на гэтую музыку паст. балет у т-ры оперы і балета Беларусі 1949), «Шэхеразада» (1888). Аўтар паэт. рамансаў, зб-каў апрацовак нар. песень, дапаможнікаў па гармоніі і аркестроўцы. Закончыў многія творы М.​Мусаргскага, А.​Барадзіна, А.​Даргамыжскага. Сярод вучняў (выхаваў больш за 200 кампазітараў і муз. дзеячаў): М.Анцаў, А.Глазуноў, В.​Залатароў, А.Лядаў, І.​Стравінскі і інш. Шматгранная дзейнасць Р.-К. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. муз. культуры і многіх прадстаўнікоў сусв. муз. мастацтва).

Літ. тв.: Летопись моей музыкальной жизни. 9 изд. М., 1982.

Літ.:

Страницы жизни Н.​А.​Римского-Корсакова: Летопись жизни и творчества. Вып. 1—4. Л., 1969—73;

Стасов В.В. Статьи о Римском-Корсакове. М., 1953;

Кандинский А. Н.​А.​Римский-Корсаков // История русской музыки. 2 изд. М., 1984. Т. 2. кн. 2.

Т.​А.​Дубкова.

М.А.Рымскі-Корсакаў.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)