помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. з цэглы ў г. Браслаў (Віцебская вобл.) каля стараж. замчышча. Чатырохчасткавы ў плане будынак 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з цыбулепадобнай гранёнай галоўкай на шатровым завяршэнні, невысокая трапезная, вялікі асн. аб’ём з пяцікупаллем на 4-схільным даху і 5-гранная апсіда. Фасады з кілепадобнымі аконнымі праёмамі і парталам, вуглавым рустам, ордэрнай сістэмай. У інтэр’еры трох’ярусны іканастас. Сцены ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІВО́ЛЬТ (італьян. archivolto),
архітэктурна-дэкаратыўная дэталь абрамлення арачнага праёма; вылучае дугу аркі з плоскасці сцяны. Архівольты з’явіліся з развіццём арачных канструкцый у Стараж. Рыме і Візантыі; на Беларусі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. Выконваюць архівольты з клінавых камянёў, тынку, стука. Мае прафіляваную паверхню з выкарыстаннем розных па малюнку абломаў архітэктурных або арнаментаваную разьбой, рустам, лепкай. Архівольт, які самастойна выступае на плоскасці сцяны і не звязаны з праёмам, называецца «сляпой» аркай.
Архівольт аркі галоўнага партала Мінскага паштамта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АРХІЕПІ́СКАПСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780-я г. Быў рэзідэнцыяй каталіцкага архіепіскапа С.Богуш-Сестранцэвіча (да 1827). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. бакавымі крыламі, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад вылучаны 3 плоскімі рызалітамі: цэнтральны завершаны прамавугольным атыкам, бакавыя — трохвугольнымі франтонамі. Паверхі вылучаны развітымі гарыз. цягамі, ніжні аздоблены рустам, верхні — пілястрамі. Аконныя праёмы прамавугольныя, з разнастайным абрамленнем. Дваровым фасадам будынак выходзіў у сад, дзе знаходзіліся карпусы духоўнай кансісторыі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАВІ́ТАЯ ПАЛА́ТА,
помнік архітэктуры Расіі канца 15 ст.; адзін з стараж. будынкаў Масквы. Уваходзіць у комплекс Крамля Маскоўскага. Пабудавана ў 1487—91 італьян.арх. М.Фразінам і П.А.Салары. Назва з-за аздаблення гранёным рустамусх. фасада палаты. Выкарыстоўваецца як парадная зала для ўрачыстых прыёмаў. Пл. каля 500 м². Перакрыта крыжовымі скляпеннямі, што апіраюцца на цэнтр. слуп. У 1882 сцены палаты размалявалі палехскія іканапісцы, якія паўтарылі своеасаблівую кампазіцыю стараж. размалёўкі. Разны залочаны партал 15 ст. выкананы ў формах рэнесансавай архітэктуры.
Літ.:
Насибова А. Грановитая палата Московского Кремля: [Альбом]. Л., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,
помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1905—08 (праект віленскага арх. Т.Раствароўскага) пры гал. уездзе ў сядзібна-паркавы ансамбль Скірмунтаў (не захаваўся). Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Ніжэйшыя за асн. аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з 3 бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Апрацаваны гарыз.рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірляндаў і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы аконных праёмаў (мелі каляровыя вітражы) аздоблены ляпным расл. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Сядзібны дом пабудаваны памешчыкам Гласкам у стылі несапраўднай готыкі на беразе воз. Расона. Мураваны будынак складанай асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з рознавял. прамавугольных аб’ёмаў, гранёных эркераў, рызалітаў. Асн. 2-павярховы аб’ём завершаны ў цэнтры высокім ступеньчатым шчытом з люкарнай, да яго паўн. боку прылягае 3-ярусная вежа з поясам машыкуляў у завяршэнні, а паўд. — 1-павярховы аб’ём са ступеньчатым франтонам на тарцы. Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркульныя і лучковыя арачныя завяршэнні. Фасады аздоблены рустам, аркатурай, фрызамі, гранёнымі вежачкамі з зубцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКНО́,
канструкцыйна-мастацкі элемент пабудовы, які служыць для асвятлення, натуральнай вентыляцыі будынка. Найб. архаічнае акно — адтуліна ў 2 сумежных вянках драўлянай сцяны і валаковае (зачынялася звонку драўлянай засаўкай — волакам). У архітэктуры готыкі былі пашыраны вокны са спічастым завяршэннем, у архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму — прамавугольныя, лучковыя, арачныя, паўцыркульныя, падковападобныя, крыжовыя, у выглядзе разеткі або картуша, круглыя, авальныя і інш., якія аздабляліся філянговымі абрамленнямі, рустам, стылізаванымі порцікамі, завяршаліся франтонамі, сандрыкамі, аканіцамі і інш.
Да арт.Акно. Схемы вокнаў: 1 — валаковае; 2 — прамавугольнае; 3 — квадратнае; 4 — рамбічнае; 5 — «картушовае»; 6 — круглае; 7 — прамавугольнае з трохгранным завяршэннем; 8 — прамавугольнае са спічастым завяршэннем; 9 — прамавугольнае з паўцыркульным завяршэннем; 10 — «венецыянскае»; 11 — спараныя вокны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ЖАНО́ЧАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1889—92 (арх. П.Камбураў, М.Маркаў). Мураваны 3-павярховы П-падобны ў плане будынак на высокім цокалі. Да яго цэнтр. часткі далучаны больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутр. дворык. У цэнтры па восі гал. ўвахода размяшчалася царква (не захавалася), злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр гал. фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, 1-ы паверх аддзелены гарыз. цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, 3-га паверха — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі.
Т.І.Чарняўская.
Магілёўскага губернскага праўлення будынак. Чарцёж галоўнага фасада.