ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,
дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш. дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.І.Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВК БССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦК КП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш. сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл. Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).
У.Е.Снапкоўскі.
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРЫ НАРО́ДНЫМ КАМІСАРЫЯ́ЦЕ АСВЕ́ТЫ РСФСР,
орган для каардынацыі і кіравання сістэмай нац. адукацыйных і культ.-асв. устаноў, якія абслугоўвалі бел. насельніцтва на тэр. РСФСР. Дзейнічала ў Маскве ў 1921—30. Засн. па хадайніцтве Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Уваходзіла ў склад Савета па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР на правах бел. аддзела. У 1921—22 адчынены Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы; арганізаваны бел. культ.-асв. ўстановы ў Сібіры і С.-Пецярбургу. Супрацоўнічала з бел. студэнцкімі зямляцтвамі ў Маскве і інш. гарадах РСФСР. У 1924—26 пасля далучэння Віцебскай, Гомельскай і ч. Смаленскай губ. да БССР функцыі бюро звузіліся. У 1930 яно ліквідавана. Да лета 1927 загадчыкам бюро быў М.Ф.Лойка, пазней — Н.Каляда. У розныя часы ў ім працавалі бел. пісьменнік У.Дубоўка, мовазнавец Ю.Вольскі і інш.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн. руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
А.В.Ціхаміраў.
т. 10, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ВАЕ́ННЫМ І ГАСПАДА́РЧЫМ САЮ́ЗЕ ПАМІ́Ж РСФСР І БССР, Саюзны рабоча-сялянскі дагавор паміж РСФСР і БССР. Падпісаны 16.1.1921 у Маскве нам. старшыні СНК БССР Я.А.Адамовічам і нам. наркома замежных спраў РСФСР Л.М.Караханам, ратыфікаваны ВЦВК і ЦВК БССР у ліп. 1921. Паводле дагавора наркаматы ваен. спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, поштаў і тэлеграфа, а таксама ВСНГ сталі аб’яднанымі, уваходзілі ў склад СНК РСФСР і мелі ў СНК БССР сваіх упаўнаважаных, якіх зацвярджалі і кантралявалі ЦВК БССР і Усебеларускі з’езд Саветаў. У дапаўненне да дагавора 26.7.1921 намеснікі наркомаў замежных спраў РСФСР (М.М.Літвінаў) і БССР (А.Л.Бурбіс) падпісалі пагадненне па фінансавых пытаннях, якое прадугледжвала адзіны для абедзвюх рэспублік бюджэт, цэнтралізаваную падатковую сістэму і інш.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАДАДДЗЕ́Л АДДЗЕ́ЛА АСВЕ́ТЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ НАРО́ДНАГА КАМІСАРЫЯ́ТА АСВЕ́ТЫ РСФСР.
Дзейнічаў у Маскве з крас. 1919 да сак. 1921. Створаны на базе культ.-асв. аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята з мэтай праводзіць культ.-асв. работу сярод беларусаў. Загадчык Ф.Ф.Турук, інструктар Я.І.Хлябцэвіч. Пададдзелам выдадзены дапаможнік для настаўнікаў школ Беларусі «Курс беларусазнаўства» (1918—20), частка лекцый, прачытаных у Беларускім народным універсітэце, першы на рус. мове зборнік Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), «Нарысы беларускай літаратуры» (1920, рэд. М.А.Янчук), «Этнаграфічная карта беларускага племя» Я.Ф.Карскага (1920). Падтрымліваў сувязі з Я.Купалам, А.Р.Чарвяковым, вучнямі навуч. устаноў у Горках (сярод іх Г.І.Гарэцкі), акад. А.А.Шахматавым. Пададдзел удзельнічаў у арганізацыі БДУ, Бел. драм. студыі ў Маскве і інш.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дэкларацыя першага Усебеларускага з’езда Саветаў аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж Беларускай рэспублікай і РСФСР, гл. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
усерасі́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўсёй Расіі, да ўсёй РСФСР; агульны для ўсёй Расіі, РСФСР. Усерасійскі з’езд Саветаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́нсі, нескл.; адз. мансі, нескл., м. і ж.
Народ, які жыве ў Ханты-Мансійскай нацыянальнай акрузе РСФСР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́псы, ‑аў; адз. вепс, ‑а, м.
Народ, блізкі да карэлаў, пражывае ў Ленінградскай і Валагодскай абласцях РСФСР і ў Карэльскай АССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́скія, ‑іх; адз. рускі, ‑ага, м.; руская, ‑ай, ж.
Усходнеславянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва РСФСР і шырока прадстаўлены ў іншых рэспубліках Савецкага Саюза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)