БЕЛЕМНІ́ТЫ (Belemnitida),

атрад вымерлых беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. Каля 70 родаў, больш за 50 відаў. Жылі з карбону да палеагену, найб. у мезазоі (юра-мел). На Беларусі рэшткі Б. трапляюцца ў верхняюрскіх і мелавых адкладах. Выкапнёвыя рэшткі служаць для вызначэння ўзросту юрскіх і мелавых адкладаў.

Марскія жывёлы, драпежнікі, вонкава падобныя на сучасных васьміногаў і кальмараў. Мелі ўнутр. ракавіну, якая складалася з 3 частак: вапнавай ракавіны канічнай формы, падзеленай на камеры (фрагмакона), цераз якія праходзіў выраст мяккага цела — сіфон; рэдукаванай часткі жылой камеры пласціністай формы (праастракума); цыгара- або ланцэтападобнага цела даўж. да 40 см (ростра). Акамянелыя ростры захаваліся ў адкладах (наз. «чортавы пальцы»).

Белемніт. Рэканструкцыя.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ ФО́РУМ,

ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст. н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі форум.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)