рост, -у, М -сце, м.
1. Павелічэнне арганізма або асобных органаў у працэсе развіцця.
Час росту раслін.
Трава пайшла ў р. (расце).
2. Павелічэнне ў колькасці, у памерах; развіццё.
Р. насельніцтва.
Р. прамысловасці.
3. Узмацненне, павышэнне.
Р. палітычнай актыўнасці.
4. Удасканаленне ў працэсе развіцця.
Творчы р.
Р. майстэрства.
5. Вышыня чалавека або жывёлы.
Сярэдні р.
Касцюм не па росце (вялікі ці малы).
◊
Ва ўвесь рост, на ўвесь рост —
1) выпраміўшыся;
2) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння (кніжн.).
Новыя праблемы паўсталі ва (на) увесь рост;
3) перан. поўнасцю, як мае быць.
Уласнік абудзіўся ў ім ва (на) увесь рост.
|| памянш. расто́к, -тка́, м. (да 5 знач.).
|| прым. ро́ставы, -ая, -ае (да 1 і 5 знач.; спец.).
Р. час.
Роставыя рэчывы (якія ўплываюць на рост раслін). Р. гармон.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АЎКСІ́НЫ,
прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.
У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.
т. 2, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.
У.М.Калюноў.
т. 5, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРААЎКСІ́Н,
індалілвоцатная кіслата, C10H9NO2, хімічнае рэчыва высокай фізіял. актыўнасці з групы гармонаў росту (аўксінаў). Ёсць у мачы і сліне жывёл, бактэрыях, грыбах, водарасцях і вышэйшых раслінах. Вылучаны ў 1934 з культуры плесневых грыбоў і інш. мікраарганізмаў галандскім хімікам Ф.Кёглем. Уздзейнічае на роставыя працэсы парасткаў, лісця, укаранення чаранкоў, узмацняе размнажэнне клетак у калусах, у спалучэнні з цытакінінамі стымулюе дыферэнцыяцыю клетак. Механізм уздзеяння гетэрааўксіна на клеткі звязваюць з актывацыяй H± выпампоўвальнага механізма ў плазмалеме, на дзейнасць рыбасом і ядра, узмацненне сакрэцыі кіслых гідралаз. Утвараецца ў верхавінкавых мерыстэмах сцябла. Фізіялагічна актыўны ў канцэнтрацыях 10-3 — 10-8 М. Гетэрааўксін — адзіны з аўксінаў, які атрымліваюць сінтэзам.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕРЭЛІ́НЫ,
роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.
т. 5, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)