прае́хацца, ‑едуся, ‑едзешся, ‑едзецца; зак.

Разм. Зрабіць падарожжа (на кані, аўтамашыне і інш.) на невялікую адлегласць. Добра праехацца ў аўтобусе раніцаю, калі яшчэ толькі-толькі прачынаецца наваколле. Лупсякоў. // Слізгаючыся, пракаціцца па чым‑н. Не ўтрымаўся хлапчук, разбегся і праехаўся па лёдзе. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыко́рыя, ‑і, ж.

1. Адна- або шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных.

2. Сушанае карэнне гэтай расліны, якое дадаюць для смаку і паху ў каву, а таксама для прыгатавання сурагату кавы. // Напітак, прыгатаваны з гэтага карэння. Раніцаю Балашоў .. піў густую горкую цыкорыю. Грахоўскі.

[Лац. cichorium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫ́ЛА Язэп (Восіп Лявонавіч; псеўд. Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша і інш.; 14.4.1880, г. Слуцк Мінскай вобл. — 7.4.1973),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890—98), Юр’еўскім вет. ін-це (г. Тарту, 1899—1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903—04 у газ. «Северо-Западный край» (Мінск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906—18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз.—лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сял. сав. урадзе Беларусі. У 1921—24 на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 правадз. член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Нац. тэатр імя Я.​Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 рэпрэсіраваны. З 1931 жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957. Як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве» абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вершам «Вечар ясны, ціхі...» (1912). У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыст. артыкулаў. Аўтар драм. твораў «Пінскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (апубл. 1981, пра Ф.​Скарыну, не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965, пра П.​Багрыма), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гіст. аповесці («Настасся Мякота», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра А.​Абуховіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, Я.​Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пад псеўд. А.​Дыла выдаў кн. для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Пераклаў на бел. мову вершы М.​Канапніцкай, п’есы Я.​Райніса «Гірт з воўчага логу», Э.​Сінклера «Злодзей», Я.​Яноўскага «Гнеў» і інш.

Тв.:

Творы. Мн., 1981.

Літ.:

Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;

Родчанка Р. Язэп Дыла // Беларусь. 1984. № 10.

А.​В.​Мальдзіс.

Я.Дыла.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

усо́хнуць, ‑не; пр. усох, ‑ла; зак.

1. Стаць, зрабіцца цвёрдым ад высыхання. Зямля ўсохла.

2. Зменшыцца ў вазе, аб’ёме пры высыханні; высахнуць.

3. Засохнуць, зачахнуць. Раніцаю ў сад прыйшоў гаспадар. Агледзеў яблыньку і са злосцю вылаяўся: праз адну галінку, маўляў, можа такая добрая яблыня без пары ўсохнуць... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змардава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змардаваць.

2. У знач. прым. разм. Змучаны, знясілены. Працавала [Кацярына] на багатых, Марна сілы кладучы, Змардаванаю дахаты Прыпаўзала ўначы. Броўка. Арына не спала ўсю ноч. Раніцаю ўстала змардаваная, пахудзелая. Карпаў. // Які выражае змучанасць, знямогу. На бледным, як палатно, худым і змардаваным твары блішчалі адны вочы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пато́п, ‑у, м.

1. Паводле біблейскай легенды — паводка, якая за грахі людзей затапіла ўсю зямлю. Сусветны патоп.

2. Разм. Разводдзе, паводка, навадненне. Патоп стаяў на Камароўцы Вясной і ўвосень кожны год. Гілевіч. У кватэры Кузьміча са столі лінула вада... Ён раніцаю ў рэмкантору: — Бяда, таварышы, бяда! Патоп у хаце, ў хаце мора... Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перазво́н, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. перазвоньваць (у 2, 3 знач.) і перазвоньвацца (у 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Перазвон Крамлёўскіх курантаў. □ Адчайна павісквалі скрыпкі, рассыпаліся з вясёлым перазвонам срэбныя бомы. Лынькоў. Касцы ў лугах пачалі сталёвы перазвон. Машара. А званы гудуць, плыве далёка Раніцаю свежай перазвон. Бялевіч. З самай раніцы і да позняга вечара з кузні даносіўся перазвон, малаткоў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.

2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бюст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Скульптура верхняй часткі чалавечага цела (да грудзей або да пояса). Граф.. паглядаў.. на свой бронзавы бюст, што стаяў на падстаўцы з чорнага дубу мастацкай разьбы. Бядуля. З беларускага фарфору зроблены бюст і статуэткі Суворава, Багдана Хмяльніцкага, Міцкевіча. «Беларусь».

2. Жаночыя грудзі. Назаўтра раніцаю каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройныя станам, па-маладому прыўзнятымі плячамі, моцным бюстам. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. павалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.

1. Тое, што і павалачыцца (у 1 знач.). Замест таго, каб паехаць на саломе, я заблытаўся ў вяроўках і павалокся жыватом па голым таку. Сяркоў.

2. Разм. Пайсці (звычайна павольна, з цяжкасцю). Пастагнаў [бацька] уночы, маці нашмаравала бакі тарпатынаю, а раніцаю павалокся на абход. Лужанін. [Дзямян:] — Як мяне ўжо збілі з ног, .. конь пайшоў... Няйначай павалокся з чужымі падводамі па іншай дарозе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)