раке́тчык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Ваеннаслужачы ракетных войск.

2. Чалавек, які падае сігналы ракетамі (у 3 знач.).

|| ж. раке́тчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дывізіён, ‑а, м.

1. Асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ракетных войск і артылерыі. Артылерыйскі дывізіён. Ракетны дывізіён.

2. Атрад ваенных караблёў аднаго класа. Дывізіён мінаносцаў.

[Ад фр. division — дзяленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

батарэ́я, ‑і, ж.

1. Тактычнае падраздзяленне ў артылерыі і ракетных войсках, якое мае ў сваім саставе некалькі гармат або ракетных установак. Зенітная батарэя. Мінамётная батарэя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй. Новікаў. // Умацаванне, якое служыць пазіцыяй для некалькіх гармат або ракетных установак.

2. Аб’яднанне некалькіх аднатыпных прылад, прыстасаванняў, апаратаў у адзіную сістэму для больш эфектыўнага сумеснага дзеяння. Коксавая батарэя. Радыятарная батарэя.

3. Сукупнасць злучаных паміж сабой крыніц току, энергіі (акумулятараў, гальванічных элементаў і інш.). Атамная, сонечная, анодная батарэя.

4. чаго. Жарт. Шэраг якіх‑н. аднародных прадметаў. [Янушка] вабіла да сябе цэлая батарэя бутэлек, што стаялі на вітрыне на самым відным месцы і паводзілі на вясёлыя думкі. Дайліда.

[Фр. batterie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЫВІЗІЁН (франц. division ад лац. divisio дзяленне, раздзяленне),

асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій, а таксама ў ВМФ. Уваходзіць у склад часці (злучэння), можа быць асобным. Звычайны склад Д. ракетных войск і артылерыі — 2—4 агнявыя батарэі і падраздзяленні кіравання і забеспячэння. У ВМФ — злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (мінаносцаў, тарпедных катэраў і да т.п.).

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ва ўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.

С.​Л.​Савік.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́НГЕР ((Sänger) Эйген) (22.9.1905, г. Прэсніц, Чэхія — 10.2.1964),

нямецкі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі.

Чл.-заснавальнік Міжнар акадэміі астранаўтыкі, першы прэзідэнт Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі (1950—53). Скончыў вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1925). З 1936 кіраўнік Ракетнага НДІ у Траўэне. У 1942—45 у н.-д. цэнтры планетарызму ў Айнрынгу. З 1954 кіраўнік НДІ фізікі рэактыўных рухавікоў у Штутгарце (ФРГ). З 1963 праф. Тэхнал. ун-та ў Зах. Берліне. Навук. працы па тэхніцы ракетных палётаў, ракетных самалётаў, фатонных ракет, тэорыі касм. палёту. Аўтар праектаў арыгінальных лятальных апаратаў з вадкаснымі ракетнымі рухавікамі. Медаль Ю.​Гагарына Міжнар. т-ва «Чалавек у космасе». Імем З. названы кратэр на Месяцы.

Тв.:

Рус. пер. — Техника ракетного полета. 2 изд. М., 1947;

К механике фотонных ракет. М., 1958.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,

паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.

Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. Вадкае Р.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). Цвёрдае Р.п. падзяляюць на балістычнае (гл. Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл. Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛП,

адначасовы выстрал (пуск) з некалькіх гармат, мінамётаў, ракетных і рэактыўных пускавых установак, тарпедных апаратаў, стралковай і інш. зброі. Даецца па пэўным сігнале (камандзе) для нанясення агнявога ўдару, а таксама пры святочных салютах і адданні ваенных ушанаванняў («халастыя» З. — без снарадаў і куль).

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раке́тчык, ‑а, м.

1. Той, хто падае сігналы ракетамі (у 1 знач.). Лавілі і білі ракетчыкаў. Злавілі двух дыверсантаў, якія прабіраліся да моста са скрынкамі толу. Лынькоў.

2. Той, хто служыць у ракетных войсках. Збілі нашы ракетчыкі Паўэрса — Гістарычны архіўны факт... Панчанка.

3. Спецыяліст, які займаецца драблемамі запуску ракет у космас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы,

адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)