МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТЭРФЕЛЬД ((Westerfeldt) Абрахам ван) (? — 24 ці 30.4.1692),

галандскі жывапісец, рысавальшчык і каліграф. У канцы 1640 — пач. 1650-х г. працаваў на Беларусі як прыдворны мастак кн. Радзівілаў у Нясвіжы. Стварыў серыю карцін і малюнкаў на тэмы ваен. паходаў кн. Я.​Радзівіла: «Уступленне князя Я.​Радзівіла ў Кіеў», «Паланенне М.​Крычэўскага пад Лоевам» (1649, паводле карціны на Карэліцкай мануфактуры каля 1760 створаны габелен), «Разгром казакамі літоўскай флатыліі на Дняпры» (1651) і інш. Аўтар партрэтаў Крычэўскага, Б.​Хмяльніцкага, замалёвак помнікаў архітэктуры Кіева.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пісарчу́к, ‑а, м.

Разм.

1. Памочнік пісара. З боку ж Даўбешкі быў яго памочнік, пісарчук, прозвішча якога мне казалі, ды я забыўся. Гарэцкі. Уладыслаў адразу заняў пасаду пісарчука ў адным з маёнткаў князя Радзівіла. Машара.

2. Зніж. Пісар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НЯСВІ́ЖСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у Нясвіжскім замку (г. Нясвіж, Мінская вобл.) у 1726—36 спачатку як плавільня або ліцейня. Выпускаў гарматы для арміі Радзівіла. Працавала каля 50 чал.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.

Г.​І.​Барышаў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́Й З КАРЭ́ЛІЧ, Матэвуш,

бел. скрыпач сярэдзіны 18 ст. Нарадзіўся ў г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. Прыгонны М.К. Радзівіла Рыбанькі, першая скрыпка яго прыдворнай капэлы. Адукацыю атрымаў у італьян. музыкантаў (паводле слоў магната, «яго навука дорага каштавала»).

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЗІ (Donesi) Алесандра, італьян. спявак («сапраніст») і капельмайстар 18 ст. Працаваў у прыдворным т-ры К.​С.​Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы (у 1776 і 1784—85). У 1776—78 капельмайстар прыдворнага т-ра гетмана М.​К.​Агінскага ў Слоніме.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,

абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач. студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.​Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.

т. 2, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»

(«Archiwum domu Radziwiłłów»),

зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.​К.​Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.​Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял. літ. Л.​Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.​Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ (Тамаш) (1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630),

бел. гравёр. У 1600—11 працаваў пры двары кн. М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы, кіраваў друкарняй. Творы вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. Выгравіраваў першую дакладную карту Вял. кн. Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, уключыў у яго важнейшыя звесткі пра Беларусь, даў агульную характарыстыку краю (захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та). Аўтар гравюр да кніг «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К.​Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня). Выканаў гравіраваныя партрэт Радзівіла, віды Нясвіжа, Масквы (каля 1600), Вільні, Гродна, Клецка, Коўна, Трокаў, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Асада Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т.М. У Нясвіжы ўстаноўлены бюст М.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка: Невядомы партрэт з творчай спадчыны Тамаша Макоўскага // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12;

Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiedo od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989.

С.​А.​Акуліч, А.​В.​Белы.

Т.Макоўскі Панарама Вільні. 1600.

т. 9, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)