ніхто́, ніко́га, ніко́му, ніко́га, нікі́м, ні аб кім, займ. адмоўны.

1. Ні адзін чалавек. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Якімовіч. [Пятрусь] нікому не скардзіўся, ні на кога не наракаў і ні з кім не хацелася яму гаварыць. Крапіва. // у знач. вык. Ні адной душы. Радзівон Ксенафонтавіч застаецца адзін. Нікога побач. Шыловіч. [Мікуць:] — Дождж сабе ідзе, а я склею адзін... Нікога нідзе. Чорны.

2. у знач. наз. ніхто́, толькі ў Н і Т, м. і ж. Пра чалавека, які не мае ніякага дачынення да каго‑н. Хто ён табе? — Ніхто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зато́р 1, ‑у, м.

1. Скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці; пробка (у 2 знач.). Пранесліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, неўзабаве ў галаве калоны пачуліся выбухі. Утварыўся затор. Гурскі. Каб рэгуліроўшчык ведаў, што там затор, «пробка», ён бы ўсе машыны пусціў у аб’езд, па другой вуліцы. Жычка. // Скопішча крыг на рацэ вясной, бярвення ў час лесасплаву і пад. Воддаль чуліся гулкія выбухі — гэта ўзрывалі заторы [лёду] ля моста і ніжэй па рацэ. Хадкевіч. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Затрымка ў рабоце. — Не вырас яшчэ свой лес, а таму і з будаўніцтвам заторы. Лупсякоў.

зато́р 2, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Сумесь, прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і інш.

2. ‑а. Колькасць брагі, якая пераганяецца за адзін раз для атрымання гарэлкі, а таксама гарэлка, атрыманая ў выніку такой перагонкі. Радзівон выгнаў.. аж два заторы. Прыдалася гарэлка добрая. Сачанка. — Выгналі адзін затор, я хапануў першака — і мора па калена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берага — замацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)