КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЕ́С,

язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСУ́Н, лесавік,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫНА,

1) грамадская трапеза членаў правасл. брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.

2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст. ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАЕ́ДЗІЦА,

старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 7, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ЗВЫ, перазовы,

у беларусаў звычай у канцы вяселля, паводле якога сваты, інш. вясельныя чыны або суседзі маладога ці маладой запрашалі маладых і найб. паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Наладжваліся з мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі бацькам маладых у правядзенні вяселля. У час П. выконвалі песні, у якіх усхвалялі сватоў, іх хату, гаспадарку, а таксама жартоўныя песні. П. называлі таксама наведванне маладых родзічамі маладой ці наведванне маладымі і родзічамі маладога бацькоў маладой праз тыдзень пасля вяселля. Характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. раёнаў Беларусі.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́Д,

у беларусаў старадаўні абрад, які звычайна спраўлялі ў пачатку вяселля. Маладую (радзей маладога) садзілі на хлебную дзяжу, накрытую вывернутым кажухом (сімвалізавалі здароўе, дабрабыт і шчасце). Важнай часткай П. маладой было расплятанне касы, якое ўрачыста адбывалася перад «прыпяканнем» (падпальваннем) валасоў і азначала пераход дзяўчыны ў іншы (жаночы) стан. Існаваў і сумесны П. маладых, састаўной часткай якога былі абрады «адвядзення», «злучэння» маладых, што азначалі заключэнне шлюбу. Абрад суправаджаўся журботнымі лірычнымі песнямі, якія вызначаліся багаццем варыянтаў, вял. колькасцю сюжэтаў, ’своеасаблівай кампазіцыяй (звычайна складаліся з 2 частак, пабудаваных на аснове паралелізму); шырока выкарыстоўваўся разгорнуты маналог (дыялог) і інш.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.

Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)