БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,

1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.

На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас. Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.

2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).

Літ.:

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Мінскай вобл. Утвораны 29.6.1934 (у сучасных межах з 1959). Пл. 2 тыс. км-. Нас. 127,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 6,5% (без Мінска). Сярэдняя шчыльн. 64 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мінск; г. Заслаўе, г.п. Мачулішчы, 368 сельскіх населеных пунктаў, Мачулішчанскі пасялковы Савет і 19 сельсаветаў: Астрашыцка-Гарадоцкі, Бараўлянскі, Гаранскі, Ждановіцкі, Каладзішчанскі, Крупіцкі, Лашанскі, Лугаваслабодскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Папярнянскі, Пятрышкаўскі, Рагаўскі, Самахвалавіцкі, Сеніцкі, Хацежынскі, Цнянскі, Шчомысліцкі, Юзуфоўскі.

Большая ч. тэр. раёна на Мінскім узвышшы, паўд.-ўсх. ўскраіна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пераважна ўзвышаная, 92% яе на выш. 180—250 м, найвыш. пункт 342 м (Лысая гара). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф, Ждановіцкая мінер. крыніца. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб. рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма), Пціч, Усяжа. Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Воўчкавіцкае, Астрашыцкі Гарадок, ч. Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (69,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,3%). Пад лесам 31,2% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, трапляюцца асінавыя, альховыя, дубовыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 20% пл. лесу) пераважна хваёвыя і яловыя. Пад балотамі 2,4% тэр. раёна, 7,7 тыс. га асушана. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны — Прылуцкі, біял.Лебядзіны і Кайкаўскі; мясц. значэння: ахоўваемыя тарфянікі — Гайдукоўскае, Янапольскае, Гарадоцкае; біял. — Крыніца, Маяк. Помнікі прыроды рэсп. значэння: геал. агаленне Заслаўе, валун «Камень кахання» паміж в. Чаромуха і в. Гуры, дуброва каля в. Шчомысліца, парк камянёў (музей валуноў) на паўн.-ўсх. ускраіне Мінска, дуб і хвоя каля в. Ждановічы і парк Ігнацічы каля в. Кацягі. Зоны адпачынку: Мінскае мора, Пціч, Зялёны Гай, Вяча, Чараўніца, Раўбічы, Стайкі, часткова Вязынка, Вясёлка. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 102,2 тыс. га (51,7%), з іх асушаных 10,9 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 12 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка; аграфірма «Рассвет», аграгандл. фірма «Ждановічы», Бел. занальная доследная станцыя па птушкагадоўлі, племптушкарэпрадуктар «Праўда», птушкафабрыкі імя Н.​К.​Крупскай, «1-я Мінская», «Дубаўляны», рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі ў пас. Ратамка, эксперым. базы «Курасоўшчына», «Анопаль», «Русінавічы», вучэбная гаспадарка імя М.​В.​Фрунзе, с.-г. прадпрыемства «Усход», доследная гаспадарка Бел. машынна-доследнай станцыі. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, вырошчванне бульбы і агародніны. Прадпрыемствы гарбарнай (Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне), металаапр. (перапрацоўка металалому), хіміка-фармацэўтычнай (ветпрэпараты), лясной (вырабы з драўніны), харч. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), буд. матэрыялаў, мэблевай, паліграф. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Гомель; аўтадарогі Брэст—Масква, Вільнюс—Мінск. Мінск—Бабруйск—Гомель, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Слуцк—Мікашэвічы, Мінск—Гродна. У раёне 34 сярэднія, 6 базавых, 11 пач. школ, раённая шматпрофільная школа для дзяцей з павышаным узроўнем інтэлекту і разумовага развіцця, гімназія, 8 муз., спарт. школы, 3 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом, Навапольскі с.-г. тэхнікум, Сеніцкі с.-г. каледж, 54 дашкольныя ўстановы, 6 цэнтраў культуры, 34 дамы культуры і клубы, 38 б-к, 8 бальніц, 22 урачэбныя амбулаторыі, 3 паліклінікі, 10 фельч.-ак. пунктаў. На тэр. раёна размешчаны: абл. клінічная бальніца (пас. Лясны), абл. тубдыспансер (в. Лескаўка), шпіталь інвалідаў вайны і працы (пас. Лясны), рэсп. псіхіятрычная клінічная бальніца «Навінкі» (в. Навінкі) і інш.; НДІ: бульбаводства, агародніцтва, пладаводства (в. Самахвалавічы), аховы раслін (в. Прылукі), эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (в. Кунцаўшчына), анкалогіі і мед. радыялогіі (пас. Лясны); курорт «Ждановічы» (санаторыі «Беларусь», «Крыніца»), дзіцячы санаторый «Астрашыцкі Гарадок», 9 санаторыяў-прафілакторыяў, спарткомплексы «Раўбічы» і «Стайкі», водна-спарт. база «Воўчкавічы». Музеі: Бел. дзярж музей нар. архітэктуры і побыту ў в. Строчыца, Музей бел. нар. мастацтва (філіял Нац. маст. музея) у в. Раўбічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 18 ст. — 1-я пал. 19 ст.) у в. Анопаль, царква і капліца (19 ст.) у в. Астрашыцкі Гарадок, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Прылукі, касцёл (1858—62) і спарт. комплекс «Раўбічы» (1973) у в. Раўбічы, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Сеніда, сядзіба (2-я пал. 18 ст.) у в. Сёмкава, Троіцкі касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Сёмкаў Гарадок. Помнік ахвярам фашызму (1963) каля в. Вялікі Трасцянец на месцы Трасцянецкага лагера смерці, на тэр. Бараўлянскага с/с урочышча Курапаты. Выдаецца газ. «Наша жыццё».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс. км². Нас. 1554,6 тыс. чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗМінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУВерхнебярэзінская нізіна, усх. ч.Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд.Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл. Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.кастр.). Большая ч. тэр. вобласці адносіцца да бас. р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас. р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас. р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс. км² тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб.тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.

Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн. га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн. га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл. табл. 1).

У 1997 сабрана (тыс. т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл. табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.

У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс. т малака (1713 тыс. т), 961 млн. шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс. т. (356 тыс. т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс. га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал. чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс. км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990 1997
Уся пасяўная плошча 1280,5 1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя 550,3 558,1
Лён-даўгунец 24,2 12,4
Цукровыя буракі 14,4 14,1
Бульба 155,9 187,6
Агародніна 10,8 20,1
Кармавыя культуры 513 524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990 1997
Буйная рагатая жывёла 1522,9 1016,1
у т. л. каровы 549,6 444,5
Свінні 1226,4 866,6
Авечкі і козы 115,3 34,4
Птушка 13 148 11 976
Да арт. Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.
Да арт. Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),

мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.

Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.​Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.​Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.

У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.​Гюго, А.​Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.​Санд, Э.​Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.​Р.​Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.​Ламарцін, А.​Мюсэ, Ш.​А.​Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.​Вордсварт, С.​Т.​Колрыдж, Р.​Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.​Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.​Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.​Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.​Г.​Вакенродэр, Наваліс, Л.​Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.​Брэнтана, Л.​Арнім, Г.​Кляйст, А.​Шаміса, Г.​Гейнэ, браты Грым, І.​Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.​Леапардзі, У.​Фоскала, А.​Мандзоні (Італія), Ш.​Пецёфі (Венгрыя), А.​Эленшлегера (Данія), Э.​Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.​Радзічавіча (Сербія), Я.​Колара (Чэхія), Я.​Краля (Славакія), В.​Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.​Ірвінг, Дж.​Ф.​Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.​Хотарн, Э.​По, Г.​Мелвіл, Г.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсан, Г.​Д.​Тора, Э.​Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.​Рылеева, В.​Кюхельбекера, А.​Адоеўскага, А.​Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.​Жукоўскага, Я.​Баратынскага, К.​Бацюшкава, І.​Казлова, А.​Пагарэльскага, Ф.​Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.​Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.​Лермантава і М.​Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.

У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел. рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.​Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.​Караткевіча, Я.​Брыля, І.​Навуменкі, А.​Карпюка і інш.

У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.

Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.​Гро. Ж.​Л.​Давід, П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Дам’е, Э.​Дэлакруа, Т.​Жэрыко, П.​П.​Прудон, Ф.​Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.​Рунге, І.​Г.​Фюслі), пейзаж (К.​Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.​Бонінгтан, Дж.​Констэбл, У.​Тэрнер) і ЗША (Дж.​Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.​Матэйка, П.​Міхалоўскі (Польшча), І.​Манес, І.​Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.​Брулова, Ф.​Бруні, Ф.​Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.​Іванава, П.​Фядотава.

На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.​Дмахоўскі, Я.​Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.​Бартэльса, Б.​Клямбеўскага, Я.​Манюшкі, Р.​Слізня, сфарміравалася творчасць М.​Э.​Андрыёлі.

У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.​А.​Гофмана, К.​М.​Вебера (Германія), Н.​Паганіні, Дж.​Расіні (Італія), Дж.​Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.​Шапэна (Польшча), Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Дж.​Меербера (Францыя), Ф.​Ліста (Венгрыя), В.​Беліні, Дж.​Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.​Брамса (Германія), А.​Брукнера, Х.​Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.​Малера (Аўстрыя), Р.​Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.​Вярстоўскі, пазней П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.​Метнер, А.​Скрабін, Вердзі, Ж.​Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл. Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.​Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.​Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.

Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел. нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.​Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).

Літ.:

Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;

История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;

Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;

Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;

Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;

Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;

Романтизм в музыке. Мн., 1999;

Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;

Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;

Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.

М.​С.​Рагачэўская (літаратура, выяўленчае мастацтва), В.​Я.​Буйвал (бел. выяўленчае мастацтва), А.​М.​Кулагін (архітэктура), Т.​А.​Цітова (музыка).

Да арт. Рамантызм. Э.​Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.
Да арт. Рамантызм. І.​Г.​Фюслі. Жах. 1790—91.
Да арт. Рамантызм. К.​Д.​Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.
Да арт. Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)