ПІЯДЭРМІ́Я (ад грэч. pion гной + дэрма),
гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 12, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
gruczoł, ~u
м. біял. залоза;
gruczoł limfatyczny — лімфатычная залоза;
~y potowe — потавыя залозы
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ЗАЛО́ЗЫ,
органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розных фізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.
А.С.Леанцюк.
т. 6, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апакры́нны
(ад гр. apokrino = аддзяляю)
які адлучае ад сябе;
а-ыя залозы — залозы, у якіх пры ўтварэнні сакрэту2 адбываецца частковае парушэнне цэласнасці клетак, напр. малочныя, потавыя залозы (параўн. гелакрынавы, мерыкрынавы).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
экзакры́нны
(ад экза- + гр. krino = аддзяляю)
знешнесакраторны;
э-ыя залозы — залозы, якія выдзяляюць прадукты сваёй дзейнасці на паверхню цела або ў яго пустоты (слінныя, потавыя, сальныя, малочныя і іншыя залозы); параўн. эндакрынны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)