Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
возера на мяжы Глыбоцкага і Пастаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Галбіца, за 18 км на ПнЗ ад г. Глыбокае. Пл. 1,1 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. каля 1,2 км, найб.глыб. 34 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 8,04 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 1—5 м (на ПдЗ 12—13 м), завалуненыя, пад хмызняком. Берагі выш. да 0,5 м, пясчана- і пясчана-жвіровыя, месцамі завалуненыя, пад хмызняком, на ПнЗ абразійныя. На Пн, У і ПдЗ участкамі пойма шыр. да 15 м. Мелкаводдзе пясчана-жвіровае, глыбей дно пясчанае (да 7 м) і ілістае. Мінералізацыя вады каля 210 мг/л, празрыстасць 2,8 м. Мезатрофнае. Зарастае. Выцякае р. Плісаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІСА́,
вёска ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. Чырвоны Сцяг на лініі Мінск—Барысаў. Цэнтр сельсавета. За 7 км на У ад г. Смалявічы, 45 км ад Мінска. 356 ж., 150 двароў (2000). Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1904).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІСА́,
рака ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 25 км. Вадазбор у межах Навагрудскага ўзв., пл. 121 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Вялікія Карнышы, цячэ сярод лясных масіваў па Навагрудскім узвышшы, упадае ў р. Нёман за 0,6 км на З ад в. Мікалаева Іўеўскага р-на. Асн. прытокі — Ляхаўка і Лешчанка. Рэчышча ад вытоку на працягу 2,9 км каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз.Пліса, каля вытоку р. Мнюта, на аўтадарозе Глыбокае—Полацк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 166 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Падсвілле. 672 ж., 297 двароў (2000).
З пісьмовых крыніц вядома з пач. 16 ст. Пазначана на карце Полацкага ваяв. (1579) С.Пахалавіцкага. У розны час маёнтак П. належаў К.Астрожскаму, М.Пётуху, Р.І.Падбіпенту, В.П.Корсаку, Дэшпатам-Зяновічам. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У канцы 18—19 ст. ў мястэчку і фальварку П. існавалі школа, уніяцкая царква. капліца, сінагога, бровар, вадзяны млын, 6 крам, 2 корчмы. У 1897 у П. 899 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—50 цэнтр Пліскага раёна. У ліп. 1941—ліп. 1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія спалілі ў П. 197 двароў, загубілі ў П. і раёне 1676 чал. З 1962 у Глыбоцкім р-не.
Працуюць ПМК-33, сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Параскеўская царква (1887). Каля вёскі паселішча эпохі неаліту, бронз. і ранняга жал. вякоў, геал. помнік прыроды Пліскія тры вялікія камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІСА́,
рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СА,
возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мнюта (выцякае з возера), за 17 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 4,24 км², даўж. 6,2 км, найб.шыр. 1,43 км, найб.глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 18,2 км. Пл. вадазбору 54,2 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. да 10 м, на Пд і ПдЗ абрывістыя, пад лесам. На Пн тэраса выш. 1,2—1,5 м. На Пд пойма шыр. 5—15 м. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя. Вялікія залівы. 7 астравоў агульнай плошчай 2,5 га. Дно да глыб. 6—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Мінералізацыя вады 220—230 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Мезатрофнае. Уздоўж берагоў вузкая перарывістая паласа надводнай расліннасці. Упадаюць рэкі Шоша, Свіліца, 4 ручаі.