ПРАГРА́МА РАЗВІЦЦЯ́ ААН (ПРААН). Засн. ў 1965 для аказання дапамогі найменш развітым краінам свету ў справе эканам. развіцця. Кіруецца выканаўчым саветам з 36 чал. (7 ад Азіі, 4 ад Усх. Еўропы, 5 ад Лац. Амерыкі, 12 ад Зах. Еўропы і ЗША). Мае 4 рэгіянальныя бюро, якія знаходзяцца пры Сакратарыяце ААН. Супрацоўнічае з больш чым 150 краінамі у такіх сферах, як эканам.планіраванне, транспарт, сувязь, гандаль, ахова здароўя, адукацыя, занятасць. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на безграшовай аснове, у форме накіравання ў пэўную краіну спецыялістаў, падрыхтоўкі і адукацыі мясц. кадраў, распрацоўкі планаў эканам. і тэхн. развіцця і г.д. З 1990 штогод ПРААН выдае Даклад пра чалавечае развіццё, які змяшчае звесткі пра т.зв. індэкс чалавечага развіцця. З 1990-х г. праводзіць. канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, на якіх абмяркоўваюцца асн. пытанні павелічэння дабрабыту людзей і захавання правоў чалавека. Беларусь супрацоўнічае з ПРААН у выкананні нац. праграмы па структурнай перабудове эканомікі і рацыянальным прыродакарыстанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,
тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл.Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).
Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл.Філагенез).
А.С.Леанцюк.
Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).