АРГЕ́ДАС (Arguedas) Хасе Марыя

(18.1.1911, г. Андаўайлас, Перу — 2.12.1969),

перуанскі пісьменнік, прадстаўнік т.зв. індыянісцкага кірунку ў л-ры Лац. Амерыкі. Аўтар зб. апавяданняў «Вада» (1935), аповесці «Свята Явар» (1941), раманаў «Брыльянты і крамяні» (1954), «Глыбокія рэкі» (1958), «Кроў усіх расаў» (1964), «Ліса ўнізе, ліса ўверсе» (1971), у якіх адлюстраваў жыццё індзейцаў і метысаў. Імкнуўся вырашыць праблему пераадолення іспана-індзейскага культурнага дуалізму ў працэсе фарміравання нац. культуры, карані якой бачыў у стараж. традыцыях карэннага насельніцтва.

Тв.:

Los rios profundos. La Habana, 1965.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВО́ЎНІК

(Gossypium),

род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн. тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.

Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). гл. таксама Баваўнаводства.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬЕ́ХА (Vallejo) Сэсар

(16.3.1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15.4.1938),

перуанскі празаік, паэт. У першым зб. вершаў «Чорныя геральды» (1918; бел. пер. Р.Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лаціна-амер. мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сял. хваляваннях. У турме напісаў зб. «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. З 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кн. «Расія ў 1931 г.» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зб. «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сац. і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыст. кн. «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Черные герольды. М., 1966;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Сесар Вальехо: Биобиблиогр. указ. М., 1986.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РГАС ЛЬЁСА (Vargas Llosa) Марыо

(н. 28.3.1936, г. Арэкіпа, Перу),

перуанскі пісьменнік. Чл. Перуанскай акадэміі мовы. Прэзідэнт Пэн-клуба (1976—79). З 1959 жыве ў Еўропе (Мадрыд, Барселона, Парыж, Лондан). У раманах «Горад і сабакі» (1962), «Зялёны дом» (1966), «Размова ў «Катэдрале» (1969), «Панталеон і наведвальніцы» (1973), «Цётачка Хулія і пісака» (1977), «Вайна канца свету» (1981), «Гісторыя Майты» (1984), «Хто забіў Паламіна Малера?» (1986), «Апавядальнік» (1987), «Пахвальнае слова мачысе» (1988), аповесці «Шчанюкі» (1967), зб. апавяданняў «Важакі» (1959) сплаў вымыслу з амаль дакументальнымі замалёўкамі з натуры, уражаннямі дзяцінства і юнацтва. Звяртаючыся да вопыту рыцарскага рамана, флабэраўскай традыцыі, экзістэнцыялізму, сцвярджаючы права мастака на творчую свабоду і паслядоўны нонканфармізм, Варгас Льёса робіць кожны з сваіх твораў востраактуальным, чарговым эксперыментам прасторава-часавых і жанравых пабудоў. Аўтар кніг эсэ «Гарсія Маркес: сведчанне богазабойства», «Сакрэтная гісторыя рамана» (абедзве 1971), «Спрадвечная оргія: Флабэр і «Мадам Бавары» (1975), «Паміж Сартрам і Камю» (1981), «Супраць ветру і прыліву» (1983—90), «Праўда няпраўды» (1990), п’ес.

Тв.:

Рус. пер. — Война конца света: Роман. М., 1987;

Кто убил Паломино Молеро?: Повесть, пьеса. М., 1989;

Рота добрых услуг: Романы. М., 1993.

Літ.:

Земсков В.Б. Марио Варгас Льоса: сознание художника и реальность // Латинская Америка. 1975. № 4.

І.Л.Лапін.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МЫ

(ад грэч. balsamon араматычная смала),

натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.

Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс. т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.

Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)