ЭЛЕКТРО́ДЫ ПАРАЎНА́ННЯ,

гальванічныя электроды для вымярэння электродных патэнцыялаў. Звычайна вымяраюць рознасць патэнцыялаў паміж дадзеным электродам і выбраным Э.п., які мае вядомы патэнцыял адносна ўмоўна прынятага за нуль патэнцыялу нармальнага вадароднага электрода. У якасці Э.п. выбіраюць электроды, патэнцыялы якіх характарызуюцца стабільнасцю і ўзнаўляльнасцю.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРАКТАРЫСТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ ў тэрмадынаміцы,

функцыя незалежных параметраў (гл. Параметры стану), якія вызначаюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да Х.ф. адносяць патэнцыялы тэрмадынамічныя і энтрапію. Х.ф. сістэмы роўная суме Х.ф. яе складальных частак. З дапамогай Х.ф. і яе вытворных па незалежных пераменных (т-ры, аб’ёме і інш.) вызначаюць тэрмадынамічныя ўласцівасці сістэмы.

т. 16, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ЛЬНІЦТВА КА́РТЫ Адлюстроўваюць сац. і эканам. характарыстыкі насельніцтва. Адрозніваюць геаграфічныя Н.к.

(размяшчэнне і шчыльнасць насельніцтва, патэнцыялы поля рассялення, тыпы паселішчаў і рассялення і інш.),

дэмаграфічныя карты (склад насельніцтва паводле полу і ўзросту, яго натуральны і мех. рухі і г.д.), сацыяльна-эканамічныя карты (прац. рэсурсы і іх выкарыстанне, сац. склад, узровень жыцця і інш.), этнаграфічныя карты.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ СУ́МА,

велічыня, адваротная нарміравальнаму множніку кананічнага Гібса размеркавання ў квантавай статыстычнай фізіцы. С.с. Ƶ = Σ exp (-Ei/kT), дзе Ei — энергія сістэмы ў i-тым квантавым стане, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Складанне праводзіцца па ўсіх дапушчальных (у т. л. з аднолькавай энергіяй) станах. С.с. дазваляе вызначыць патэнцыялы тэрмадынамічныя сістэмы ў залежнасці ад т-ры, аб’ёму, колькасці часціц і характару іх узаемадзеяння.

т. 15, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́САЎ Іван Аляксеевіч (11.6.1919, в. Бярозаўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.9.1994),

бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай механікі. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1971). Скончыў Львоўскі ун-т (1950). З 1969 у БДУ (у 1970—86 заг. кафедры). Навук. працы ў галіне прыкладной тэорыі пругкасці анізатропных асяроддзяў. Распрацаваў новы варыянт удакладненай тэорыі выгіну пласцін з шырокім дыяпазонам дастасавальнасці, тэрмапругкія камплексныя патэнцыялы, на аснове якіх атрымліваюць эфектыўныя рашэнні асн. краявых задач анізатропных асяроддзяў.

Тв.:

Некоторые задачи термоупругости. Мн., 1972.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМБРА́ННАЯ ТЭО́РЫЯ ЎЗБУДЖЭ́ННЯ ў фізіялогіі,

тэорыя ўзбуджэння мышачных і нервовых клетак. Асн. яе палажэнні сфармуляваны ням. нейрафізіёлагам Ю.​Бернштэйнам (1902). Паводле гэтай тэорыі пры раздражненні ўзбудлівай клеткі ў яе вонкавай мембране адбываецца малекулярная перабудова, што вядзе да змены пранікальнасці мембраны і з’яўлення трансмембранных іонных токаў. Крыніца энергіі гэтых токаў — нераўнамернае размеркаванне асн. неарган. іонаў (іонны градыент) паміж цытаплазмай і пазаклетачным асяроддзем, якое абумоўлівае ўзнікненне рознасці эл. патэнцыялаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Іонная тэорыя ўзбуджэння.

Літ.:

Ходоров Б.И. Проблема возбудимости. Л., 1969;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

т. 10, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СЕР (Gasser) Герберт Спенсер (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),

амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.​Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.​Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).

Г.Гасер.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЛЯЧЭ́ННЕ, электратэрапія,

мясцовае або агульнае ўздзеянне на арганізм чалавека эл. токамі, эл., магн. і электрамагн. палямі з лекавай мэтай. Адносіцца да фізіятэрапіі.

Метады Э.: гальванізацыя, дарсанвалізацыя, дыятэрмія, індуктатэрмія, электрасон (уздзеянне на галаўны мозг чалавека слабым імпульсным эл. токам нізкай частаты), франклінізацыя (пастаяннае эл. поле высокага напружання) і інш. Пры Э. ў арганізме змяняюцца эл. патэнцыялы і пранікальнасць біял. мембран, узмацняецца крова- і лімфазварот, інтэнсіўнасць абменных працэсаў і інш. Аказвае процізапаленчы, абязбольвальны, спазмалітычны і інш. эфекты. Выкарыстоўваецца пры галаўных болях, неўрозах, артэрыяльнай гіпертаніі, бранхітах, пнеўманіях, атытах і інш. хваробах, пры ранах, якія не зажываюць доўгі час, язвах, варыкозным расшырэнні вен і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЯ́НАЯ КІСЛАТА́, хлорыставадародная кіслата,

раствор хлорыстага вадароду ў вадзе; моцная аднаасноўная неарганічная к-та, НСІ. Ёсць у страўнікавым соку жывёл і чалавека.

Бясколерная празрыстая вадкасць (тэхн. С.к. жоўта-зялёнага колеру з-за прымесей жалеза, хлору і інш.). Канцэнтраваная С.к. (макс. канцэнтрацыя пры 20 °C 40% НСІ па масе, шчыльн. 1198 кг/м³) дыміць у паветры. С.к. ўзаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з металамі, якія маюць адмоўныя нармальныя патэнцыялы, з аксідамі і гідраксідамі металаў (утварае хларыды). У прам-сці атрымліваюць адыябатычнай ці ізатэрмічнай абсорбцыяй хлорыстага вадароду вадой. Выкарыстоўваюць у гідраметалургіі, для ачысткі паверхні металаў пры пайцы і луджэнні, для атрымання хларыдаў металаў (цынку, марганцу, жалеза і інш.), пры вытв-сці каўчукоў, соды, хлору і інш.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННЫЯ ЛІ́НЗЫ,

электронна-аптычныя сістэмы, якія ствараюць эл. і магн. палі пэўнай канфігурацыі для факусіроўкі электронных пучкоў. Адрозніваюць электрастатычныя і магн. Э.л., таксама іх камбінацыі.

Электрастатычныя Э.л. складаюцца з сістэмы электродаў рознай формы (дыяфрагм з круглымі адтулінамі, пустацелых цыліндраў ці конусаў і інш.), якія знаходзяцца пад пэўнымі патэнцыяламі. У магнітных Э.л. поле ствараецца пастаяннымі магнітамі ці электрамагнітамі. Электрамагніт мае абмотку ўзбуджэння, магнітаправод, які поўнасцю абкружае абмотку (стварае панцыр), і полюсныя наканечнікі. Э.л. выкарыстоўваюцца ў электронных мікраскопах, паскаральніках зараджаных часціц і інш.

Імерсійныя электронныя лінзы: 1 — з 2 дыяфрагмаў; 2 — з 2 цыліндраў. Сінім колерам вылучаны эквіпатэнцыяльныя паверхні. чырвоныя стрэлкі — шлях электронаў; V1 і V2 — патэнцыялы электродаў.

т. 18, кн. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)