Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛЬНЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на вярховым балоце Парэцкі Мох у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1784 га (1994). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-сфагнавыя і хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах і «астраўках» балота — хваёвыя, хваёва-бярозавыя і асінава-яловыя лясы. Шматлікая касандра (балотны верас); на прылеглых да балота сырых лугавінах вялікая папуляцыя касача сібірскага, занесенага ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
1) частка тэр. Рэчы Паспалітай, якая ў 1795 адышла да Прусіі, а паводле Тыльзіцкага міру 1807 перададзена Рас. імперыі. Царскім указам ад 13.7.1808 атрымала назву Беластоцкая вобласць з цэнтрам у г.Беласток і падзелена на 4 паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі. Пл. 7742 кв. вярсты, нас. 278 937 чал. (1835). У 1842 скасавана, тэрыторыя далучана да Гродзенскай губ.; Драгічынскі пав. увайшоў у склад Бельскага пав.
2) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана 4.12.1939 на тэрыторыі 9 усх. паветаў б.Беластоцкага ваяводства. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 20,9 тыс.км² (ліст. 1940), нас. 1368 тыс.чал. (на 1.1.1941). 15.1.1940 падзелена на 24 раёны: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Монькаўскі (пазней Кнышынскі), Парэцкі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжэўскі, Ядвабнаўскі. У ліст. 1940 Парэцкір-н скасаваны ў сувязі з перадачай Літ. ССР тэрыторый з пераважна літ. насельніцтвам. 20.9.1944 Беластоцкае ваяводства ліквідавана ў сувязі з перадачай б.ч. вобласці Польшчы. Бераставіцкі (б. Крынкаўскі), Ваўкавыскі, Гродзенскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі і Скідзельскі р-ны засталіся ў БССР (увайшлі ў Гродзенскую вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЦІХ (Міхаіл) (? — 1654),
літаратар, палеміст. Нарадзіўся на Беларусі. Выхоўваўся ў духу арыянства. Вучыўся ў Альтдорфскай гімназіі (з 1607, Германія), выключаны за прапаганду прагрэс. ідэй. Паслядоўнік С.Буднага. У 1611 вярнуўся на Беларусь, жыў у Навагрудку. Вядомы філас. трактатамі, палемікай, перапіскай. Пісаў на лац. мове. У 1612 напісаў трактат «Аб задавальненні Хрыста», у 1649 склаў алфавітны даведнік «Багаслоўскія зборнікі». У перапісцы з польск. мысліцелямі Я.Крэлем, І.Маскажэўскім, М.Руарам выказваў думкі пра сілу чалавечага розуму і законы прыроды (апубл. ў Амстэрдаме, 1677). Палеміка Гіціха з альтдорфскім праф. Л.Люцыусам надрук. пад назвай «Аб задавальненні... паміж М.Гіціхам, сацыніянцам і Л.Люцыусам артадоксам» (Базель, 1628).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.
На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах.ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, з Пн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс.км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял. — Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛІ́ЦКІ (Ян) (каля 1485—1520-я г.),
паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГЛА́СІЯ, дугласавая піхта,
дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii),
від голанасенных дрэвавых раслін роду лжэтсуга, або псеўдатсуга, сям. хваёвых. Названа па імю шатл. батаніка Д.Дугласа, які апісаў і інтрадукаваў Д. ў Еўропе. Пашырана на ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША і Канады. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца з пач. 20 ст. (1904; Парэцкі парк Пінскага р-на).
Шматгадовазялёнае дрэва з прамым ствалом, выш. да 25 (на радзіме да 100) м і канічнай кронай. Кара тоўстая, буравата-шэрая. Ігліца пляскатая, зялёная або шыза-зялёная. Жаночыя шышкі падоўжаныя, звіслыя, з крыючай луской. Насенне з крыльцамі. Дэкар. расліна, прыдатная для групавых і алейных пасадак, мае шэраг садовых разнавіднасцей і формаў. Расце павольна. Жыве да 500 гадоў. Выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА (Пётр Бластус) (Бластусовіч Пётр),
выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.Л.Намыслоўскага, у зб. прыказак С.Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАРО́ЎСКІ (Даніла) (1573, Кракаў ? — 1640),
паэт, перакладчык, урач. У 1590—93 слухач Вітэнбергскага ун-та. Вывучаў лац., грэч., ням., франц., італьян. мовы, у Базелі — медыцыну, у Арлеане і Страсбуры (1595—96) — антычную л-ру. Слухаў лекцыі Г.Галілея ў Падуі (1602) і стаў прыхільнікам яго вучэння. На аснове вучэння Голена напісаў 2 мед. трактаты. Жыў у Нясвіжы, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі на Беларусі. У вершах і вершаваных пісьмах (на лац. і польск, мовах) са Слуцка, Смалявіч, Дзяляціч — замалёўкі сац. супярэчнасцей на Беларусі 16—17 ст., высмейваў рэакц. шляхту, езуітаў, духавенства. Для многіх яго вершаваных твораў характэрны алегарызм, рытарычная вобразнасць, гульня слоў і інш. стылявыя асаблівасці, уласцівыя маньерызму. На польск. мову перакладаў з латыні (М.Сарбеўскага), італьян. (Ф.Петрарку), франц. і ням. моў.
Тв.:
Poezje. Warszawa, 1961.
Літ.:
Грыцкевіч В. Чатыры факелы ў цемры // Маладосць. 1972. № 10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),
паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.Красіцкаму, М.Пачобут-Адляніцкаму, Р.Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.
Літ.:
Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;