ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),

французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.

Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжыарх. П.​Леско). 1547—49.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙКО́ (Баляслаў) (1877, Свянцянскі павет Віленскай губ. — 1939),

жывапісец. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе, у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Пасля 1902 жыў у Парыжы. Меў персанальныя выстаўкі ў Парыжы і Ніццы. Працаваў у жанры пейзажа і нацюрморта. У пейзажах адлюстроўваў мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю А.​Міцкевіча: «Від на Свіцязь», «Туганавічы». Творы Буйко зберагаюцца ў музеях Вільнюса, Варшавы, прыватных зборах.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖАНЧЫ́Н (МДФЖ),

масавая дэмакратычная арг-цыя, якая аб’ядноўвае жанчын свету «для сумеснай барацьбы ў імя заваявання і абароны сваіх правоў грамадзян, маці, працоўных, у імя шчасця дзяцей, забеспячэння міру, дэмакратыі і нац. незалежнасці» (Статут МДФЖ). Створана 1.12.1945 у Парыжы на Міжнар. жаночым кангрэсе. У 1999 у МДФЖ уваходзілі больш за 130 нац. арг-цый больш як 100 дзяржаў. Актыўна ўдзельнічае ў руху прыхільнікаў міру. Вышэйшы орган — з’езд (у ліст. 1998 у Парыжы адбыўся XII з’езд МДФЖ). З’езд выбірае прэзідэнта МДФЖ (з 1998 С.​Жан, Францыя) і Кіруючы к-т, які кіруе арг-цыяй паміж з’ездамі. Штаб-кватэра МДФЖ (Кіруючы к-т і Сакратарыят) знаходзіцца ў Парыжы (да 1989 — у Берліне).

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗУКЕ́ВІЧ (Баляслаў Вінцэнтавіч) (12.11.1879, Вільня — 13.2.1935),

бел. скульптар. Вучыўся ў Віленскай школе малявання і рамёстваў (1894—97), у школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1902—09), скончыў Кракаўскую АМ (1902). З 1904 працаваў у Вільні, з 1908 — у Пецярбургу, потым у Парыжы (удзельнік салонаў 1909, 1912, 1914). З 1919 жыў у Вільні. У рэаліст.манеры ствараў партрэты, помнікі, бюсты, мемар. дошкі, медальёны і інш.

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),

французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.​Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.

В.​Я.​Буйвал.

А.Марке. Марына (Неапаль). 1909.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНДЭ́ЛЬ ((Blondel) Франсуа) (1617, паводле інш. звестак 15.7.1618, Рыбемон-сюр-Анкр, дэпартамент Сома, Францыя — 21.1.1686),

французскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Дырэктар Каралеўскай акадэміі архітэктуры (з 1672). Планаваў гарады і ўмацаванні, пабудаваў у Парыжы арку Сен-Дэні (1672), падобную на стараж.-рым. трыумфальныя аркі. У кн. «Курс архітэктуры» (1675—83) абвясціў арх. формы антычнасці і Адраджэння «вечнымі сапраўднымі законамі», імкнуўся знайсці для іх абс. лічбавае выражэнне.

Ф.Бландэль. Арка Сен-Дэні ў Парыжы. 1672.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСКО́ ((Lescot) П’ер) (паміж 1500 і 1515, Парыж ? — 10.9.1578),

французскі архітэктар эпохі Адраджэння. Працаваў у Парыжы (пераважна са скульпт. Ж.Гужонам). Творы Л. адметныя багаццем ордэрных чляненняў, вытанчанага скульпт. дэкору, тонкасцю прафілёўкі дэталей: драўляны амбон царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа (каля 1542—44), праект перабудовы Луўра (часткова ажыццяўляўся з 1546), атэль Ліньеры (цяпер Музей Карнавале; пачаты ў 1544, скончаны ў 1661 Ф.​Мансарам) у Парыжы, замак Валеры каля Санса (з Ф.​Дэлормам, 1549).

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ ((Carpeaux) Жан Батыст) (11.5.1827, г. Валансьен, Францыя — 11.10.1875),

французскі скульптар і жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Ф.​Руда (з 1844), у Школе прыгожых мастацтваў (з 1848) у Парыжы, у Італіі (1854—61), дзе зазнаў уплывы творчасці Данатэла і Мікеланджэла. Аўтар манум. рэльефаў і статуй, якія вызначаюцца дынамікай, блізкай да пластыкі 18 ст., экспрэсіяй, пачуццёвай грацыяй фігур, гульнёй святлацені. Сярод твораў; скульпт. групы «Угаліна і яго дзеці» (1857—60), «Чатыры часткі свету» для фантана ў Люксембургскім садзе (1867—72), гарэльефы «Трыумф Флоры» для павільёна ў садзе Цюільры (1863—66), «Танец» на фасадзе «Гранд-Апера» (1865—69) — усе ў Парыжы, і інш. У жывапісе капіраваў творы старых італьян. і флам. майстроў, Э.​Дэлакруа і Т.​Жэрыко.

Ж.Б.Карпо. Танец. Скульптурная група на фасадзе «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1865—69.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кардэлье́ры

(фр. cordeliers)

1) адгалінаванне каталіцкага манаскага ордэна францысканцаў;

2) члены аднаго з палітычных клубаў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—1799 гг., якія збіраліся ў будынку колішняга манастыра францысканцаў-кардэльераў у Парыжы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́ (Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),

міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)