мундзі́р, ‑а, м.
Ваеннае або цывільнае форменнае адзенне. Быў выхадны дзень, салдатам далі звальненне. Ішлі вясёлыя, у парадных мундзірах. Хомчанка. Памешчыкі лёгка мянялі свае фракі і сурдуты на чыноўніцкія мундзіры. «Полымя».
•••
Бульба ў мундзірах гл. бульба.
[Ням. Montur, ад фр. monture — забеспячэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распрада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., што.
Прадаць па частках, паступова ўсё дарэшты. Памешчыкі ў нас распрадалі маёнткі яшчэ да першай сусветнай вайны, павыязджалі ў горад. Карпюк. Дзяўчаты распрадалі вязанкі сушаных баравікоў, мяшочкі ягад і арэхаў, яйкі, сыры, масла і накуплялі сабе ўбораў. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 12, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
малазяме́лле, ‑я, н.
Недастатковая колькасць зямлі для вядзення сельскай гаспадаркі. Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. У той час, калі ў БССР працоўныя сяляне вызваліліся ад прыгнечання і атрымалі бясплатна зямлю, у Заходняй Беларусі гаспадарамі краю засталіся памешчыкі, а сяляне задыхаліся ад малазямелля. Палуян.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыязджа́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. Выехаць адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Памешчыкі ў нас распрадалі маёнткі яшчэ да першай сусветнай вайны, павыязджалі ў горад. Карпюк.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Высунуцца, выпасці — пра ўсё, многае. У .. [маці] расплялася з куклы каса і павыязджалі чорныя шпількі. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АКРЭ́ЙЦ (Станіслаў Станіслававіч) (літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),
бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб. час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова ў мяст. Будслаў Вілейскага пав. (цяпер Мядзельскі р-н) у 1917—19. Засн. па ініцыятыве дзеячаў бел. нац.-вызв. руху І.І.Васілевіча (дырэктар) і Э.А.Будзькі ў канцы 1917 (афіц. адкрыта ў студз. 1918) на базе бел. пач. школы. У 1918/19 навуч. г. дзейнічала 1-я ступень гімназіі (2 падрыхтоўчыя, 2 першыя, 2-і, 3-і і 4-ы класы). Навучалася больш за 300 сял. дзяцей абодвух полаў. Выкладанне вялося на бел. мове. Пры гімназіі дзейнічаў вучнёўскі кааператыў. У 1918 пачалося буд-ва гімназіі паводле праекта, распрацаванага ў традыцыях нац. дойлідства арх. Л.І.Дубейкаўскім. Сродкі на будынак выдзеліў Нар. сакратарыят Беларусі. Мясц. спаланізаваныя памешчыкі разгарнулі кампанію супраць гімназіі, і перад пачаткам 1919/20 навуч. г. яна была забаронена польск. ўладамі.
С.С.Рудовіч.
т. 3, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,
сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.
т. 4, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІ́МАЎ (Уладзімір Іванавіч) (22.12. 1802—26.2.1874),
дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, ген. ад інфантэрыі (1859). З 1818 на вайск. службе. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1828—29. У 1833—34 у лейб.-гвардыі Літоўскім палку. З 1838 флігель-ад’ютант Мікалая I, у 1841 ген.-маёр світы. З ліст. 1842 нач. штаба пях. корпуса. З 1849 ген.-ад’ютант, папячыцель Маскоўскай навуч. акругі. З 10.12.1855 віленскі ваен. губернатар і кіраўнік грамадз. часткі, гродзенскі, ковенскі і мінскі ген.-губернатар. Па яго ініцыятыве памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. накіравалі прашэнне Аляксандру II аб вызваленні іх сялян ад прыгоннай залежнасці. 20.11.1857 імператар даслаў на імя Н. найвышэйшы рэскрыпт, у якім дазволіў стварыць у гэтых губернях дваранскія к-ты для падрыхтоўкі праекта адмены прыгоннага права (гл. Рэскрыпт Аляксандра II 1857). У 1861 Н. прызначаны членам Дзярж. савета з захаваннем ранейшых пасад, у 1862 — камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У час паўстання 1863—64 за нерашучасць у дзеяннях супраць паўстанцаў 13.5.1863 заменены М.М.Мураўёвым.
А.М.Лукашэвіч.
т. 11, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
заадно́, прысл.
1. Сумесна, у згодзе з кім‑н. (быць, дзейнічаць і пад.). Быць з сябрамі заадно. □ Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі.
2. Разам з тым, адначасова, мімаходам. [Міхась] зноў і зноў дакараў у думках сястру, а заадно і Толю, што яны згадзіліся пусціцца ў.. далёкую і небяспечную дарогу. Якімовіч. Настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)