БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Г.Я.Галенчанка.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],
старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула
, каданс
. Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.К.Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.Шапэна. Да П. звярталіся І.С.Бах, В.А.Моцарт, К.М.Вебер, М.Глінка, П.Чайкоўскі, А.Скрабін, А.Лядаў і інш.
Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.Казлоўскага (для арк.), Н.Орды, А.Абрамовіча, С.Манюшкі, К.Ельскага, Ф.Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.
І.Дз.Назіна.
т. 11, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.
2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.
3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.
4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.
•••
Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)