разма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.

1. Разнесці, расцерці па якой‑н. паверхні, мажучы, пэцкаючы яе. Размазаць слёзы па твары. Размазаць падцёкі. □ З носа ішла кроў, .. [Сотнікаў] размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. Быкаў. На трэцім слове [Аўдоля] зрабіла памылку, вярнулася назад, хацела паправіць і размазала пальцам цэлае слова. Крапіва.

2. перан.; і без дап. Разм. З лішнімі падрабязнасцямі, адступленнямі расказаць, апісаць што‑н. — Чаму не скажуць? ото дзіва! — Той самы «Тэш», каб падлізацца, Гатоў хоць чорту запісацца, Яшчэ прыбавіць і размажа! — У гневе дзядзька Антось кажа. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)