ПАДЛЯ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podlaskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнУ Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю і Літвой. Утворана 1.1.1999. Пл. 19,9 тыс. км2. Нас. 1,2 млн. чал. (1999), гарадскога 55%. Сярод насельніцтва значная доля беларусаў. Адм. цэнтр — г. Беласток. Найб. гарады: Сувалкі, Ломжа, Аўгустаў, Бельск-Падляскі. Большая ч. тэр. ваяводства знаходзіцца ў межах забалочанай Падляскай нізіны, на Пн марэнная града Сувалкаўскага Паазер’я, на У Беластоцкае ўзв. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 16—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Густая сетка рэк, якія належаць да бас. р. Вісла. Гал. рэкі — Буг (з прытокам Нужац) і Нараў (з прытокамі Бебжа і Супрасль). Рэкі Нёман і Бебжа злучае Аўгустоўскі канал. На Пн шмат азёр, у т.л. самае глыбокае ў Польшчы воз. Ганча (108,5 м). Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам каля 27% тэрыторыі, найб. Аўгустоўская пушча і Белавежская пушчаБелавежскім нацыянальным паркам). Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень, лён, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць дарожных машын, абсталявання для лясной і харч. прам-сці), тэкст. (шарсцяная, баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Турызм (Аўгустоўскае Паазер’е).

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Białostockie),

у паўночна-ўсходняй Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю. Пл. 10 055 км², нас. 695,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц.г. Беласток. Займае паўн. ч. Падляскай ніз., Беластоцкую раўніну і Саколкаўскае узв. (выш. да 238 м). На Пн і З катлавіна р. Бебжа (найб. абшары балотаў у Польшчы), на Пд — даліна р. Нараў. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Буг, Нараў, Супрасль, Бебжа. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам больш за 30% тэрыторыі (найб. Кнышынская і Белавежская пушчы). Гаспадарка аграрна-прамысловая. Пад с.-г. ўгоддзямі 59% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, коней. Прам-сць: маш.-буд. (машыны с.-г., дарожныя, для лясной і харч. вытв-сці), тэкст., харч., дрэваапрацоўчая. Найб. прамысл. цэнтры: Беласток, Гайнаўка, Лапы, Бельск-Падляскі, Чарна-Беластоцкая, Саколка, Семятычы.

Утворана 2.8.1919, мела 12 паветаў: Астралэнцкі, Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Востраўскі, Высока-Мазавецкі, Кольнаўскі, Саколкаўскі, Сейнінскі, Сувалкаўскі і Шчучынскі (цэнтр г. Граева). 4.2.1921 у склад ваяводства перададзены яшчэ 3 паветы: Белавежскі (акрамя 4 гмін) Ваўкавыскі і Гродзенскі. Пл. 32,4 тыс. км², нас. 1643,5 тыс. ж (1931). У 1922—38 адбыліся новыя адм.-тэр. змены. У сувязі з уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР 4.12.1939 пераўтворана ў Беластоцкую вобласць. Адноўлена ў вер. 1944 у складзе Польшчы; тэр. Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. засталася ў БССР.

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́К (Białystok),

горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Беластоцкага ваяводства. 275 тыс. ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.

Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст. наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн. руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач. яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел. паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦК КПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.

Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).

У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-ва бел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел. т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-р муз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж. яўр. т-р БССР (1940).

У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац. т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм. т-р (1958, 1965).

А.П.Госцеў (гісторыя), Н.К.Мазоўка (архітэктура).

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)