КАНА́Л (ад лац. canalis труба, жолаб) у гідратэхніцы, штучнае рэчышча (вадавод) правільнай формы ў грунтавой выемцы або насыпе з безнапорным рухам вады; від гідратэхнічных збудаванняў. У папярочным сячэнні маюць трапецаідальную і паліганальную (у мяккіх грунтах), прамавугольную (у скальных пародах) і інш. формы. Памеры сячэння вызначаюць гідраўл. разлікам па прапускной здольнасці, дапушчальных скарасцях (якія не размываюць і не заглейваюць рэчышча) і г.д. Адкосы і дно ўмацоўваюць бетоннымі і гравійнымі пакрыццямі, каменным машчэннем (накідам), фашынна-галлёвым і плятнёвым мацаваннем, грунтавымі і плёначнымі экранамі, дзернаваннем і інш. На К. будуюць шлюзы, на К. з мех. пад’ёмам вады — помпавыя станцыі, у месцах перасячэння з вадатокамі — акведукі, дзюкеры, трубы, з шляхамі зносін — масты, віядукі, тунэлі, у месцах рэзкіх пераломаў рэльефу — спалучальныя збудаванні (перапады, быстратокі, пераходы), а таксама рэгуляцыйныя збудаванні.

К. бываюць: суднаходныя (злучальныя — злучаюць паміж сабой суднаходныя рэкі і азёры, моры; абводныя — для абыходу неспрыяльных участкаў воднага шляху; спрамляльныя — для скарачэння даўжыні звілістага шляху; падыходныя — для падыходу суднаў да партоў, гарадоў; энергетычныя (дэрывацыйныя — падводзяць ваду да гідраэлектрычных станцый, адводныя — адводзяць яе ад турбін); арашальныя, або ірыгацыйныя (сістэма магістральных, размеркавальных, уласна арашальных і вадаскідных К. для падачы вады на арашальныя землі); асушальныя (сістэма магістральных, падвадных, адводных, нагорна-лоўчых, скідных К., збіральнікаў, асушальнікаў для збору і адводу вады з забалочаных і залішне ўвільготненых тэрыторый); водаправодныя (для падачы вады ад крыніцы водазабеспячэння да прамысл. раёна, горада); абвадняльныя (забяспечваюць патрэбы с.-г. спажыўцоў, у асн. жывёлагадоўлі, у бязводных і засушлівых раёнах); лесасплаўныя, рыбаводныя і інш. Большасць К. комплекснага прызначэння. Буд-ва арашальных К. пачалося за 4400 г. да н.э. ў Егіпце, суднаходных — з 6 ст. да н.э. (К. ад Ніла да Чырвонага мора). Распачата да н.э. і ў 7 ст. закончана буд-ва часткі Вялікага канала ў Кітаі. У 8—6 ст. да н.э. арашальныя К. будавалі ў Харэзме, Урарту, у 12—13 ст. у Грузіі. У сярэдневякоўі суднаходныя К. будавалі пераважна ў Галандыі, Францыі, Англіі. Найб. значныя каналы міжнародныяСуэцкі канал, Панамскі канал; пабудаваныя ў СССРБеламорска-Балтыйскі канал. Волга-Данскі суднаходны канал, канал імя Масквы, Каракумскі канал.

На Беларусі адзін са старэйшых Агінскі канал; суднаходныя Дняпроўска-Бугскі канал і Мікашэвіцкі канал. З К. і вадасховішчаў складаюцца Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. На вял. ЦЭС (Лукомскай, Бярозаўскай) па К. падводзіцца або скідваецца вада для ахаладжэння энергет. установак. Аўгустоўскі і Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) К. страцілі гасп. значэнне. У раёнах масавага асушэння зямель вял. колькасць меліярац. К., сярод якіх вылучаюць самацёчныя (для скіду лішняй вады з с.-г. плошчаў) і падвадныя (для падачы вады ў наліўныя вадасховішчы, на арашэнне, абвадненне). Агульная даўжыня К. адкрытай асушальнай сеткі на Беларусі (1997) каля 160 тыс. км, больш за 16 тыс. км рэчышчаў (ці іх участкаў) малых і сярэдніх рэк каналізавана.

Г.​Г.​Круглоў, А.​А.​Макарэвіч.

Да арт. Канал. Найбольш пашыраныя формы папярочнага сячэння: а — трапецаідальная; б — поліганальная; в — прамавугольная; г — парабалічная. Мацаванне адкосаў і дна меліярацыйных каналаў; д — каменнай адмосткай (1 — адмостка, 2 — дзёран); е — жалезабетоннымі плітамі (1 — пліты і П-падобныя распоркі, 2 — засыпка грунтавая, 3 — дзёран); ж — камянямі ў клетках з жалезабетонных бэлек (1 — бэлькі, 2 — каменнае машчэнне, 3 — гравій, 4 — пясок).

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лата́к1, латок, латачок, лотак, лоток ’жалабок (на страсе) для сцёку вады’ (КЭС, лаг., Некр., Варл., Бяльк., Нас., Сл. паўн.-зах., ТСБМ), ’жолаб, драўляная трубка, па якой цячэ бярозавы ці кляновы сок’ (слуц., Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.; Шат.), ’драўлянае карыта ў хаце’ (Маш., Сержп. Грам., Грыг.), ’прыстасаванне, якое ў жорнах рэгулюе падачу зерня на камень’ (ельск., ЛАПП) ’адтуліна (у жорнах) для выграбання мукі’ (светлаг., Мат. Гом., Мат. Маг., Шатал.), ’жолаб, якім падводзіцца вада да кола млына’ (калінк., рэч., лоеў., ЛАПП), ’посуд накшталт начовак, у якім секлі націну’ (Мат. ЛАБНГ), ’коўш’ (Ян.), петрык., добр. латакі ’пот’ (Мат. Гом.), ’рагі, што цякуць з вакон’ (петрык., акц., КЛАБНГ), латаком ’у выглядзе жалабка’, ’струменем’ (паст., ашм., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. латока ’конаўка, жолаб’ (Скарына). Укр. лотик, лотоки ’канал, па якому цячэ вада ў вадзяным млыне’, чарніг. лоточок ’жолаб у жорнах для мукі’, рус. лоток ’жолаб для сцёку вады’, ’латок’, ’чарпак’, польск. łotok ’жолаб для сцёку вады на кола ў млыне’ — запазычана з бел. (Слаўскі, 5, 219). Прасл. усх.-слав. lotokъ ’карыта, прымітыўная рына, рэчышча ракі’, якому адпавядае літ. latãkas ’жолаб, ручэй’ (Бернекер, 1, 735), letẽkas ’ручай, струмень, карына’, lekẽtas, lèkets ’трубка, па якой цячэ сок з дрэва’ (Буга, Rinkt., 1, 455–458). Аднак Бернекер (1, 735), Фрэнкель (342–343), Мюленбах-Эндзелін (2, 424) без дастатковых падстаў мяркуюць, што балт. лексемы запазычаны з бел. мовы. Агляд недакладных этымалогій гл. Фасмер (2, 523), Слаўскі (5, 319–220). Буга (Rinkt., 1, 455) у якасці крыніцы запазычання ў балт. мовах прапануе фін. lotakko, lätäkkö ’лужа, лужына’. Параўн. таксама эст. latakas ’шырокі, плоскі’. Гл. таксама латока, латочына.

Лата́к2 ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (ельск., Нар., сл.), рус. тамб. латак ’жэрдка для латання страхі’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ак (Сцяцко, Афікс. наз., 202) ад лата2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)