wybudować się

зак. пабудаваць сабе дом; пабудавацца

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

перабудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

1. Пабудавацца іначай, нанава або ў іншым месцы.

2. Змяніцца карэнным чынам; перастроіцца. За пасляваенныя гады сельская гаспадарка паспела перабудавацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

постро́иться

1. (построить себе дом и т. п.) пабудава́цца;

2. (стать в строй) пастро́іцца; пашыхтава́цца;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

збудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Пабудаваць для сябе будынак (будынкі), пабудавацца. — [Паўлюк] хоча, каб я аддаў свой зруб пад клуб у калгас. За дармовы лес, кажа, збудаваўся. А я яго прадам калгасу сам. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.

1. Заняць дзе‑н. месца для жылля. І вось гэты самы Янка Гукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч. Колас. Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча, ..Пасяліліся ў маленькім трысцене. Барадулін. // Заснаваць сядзібу, пабудавацца. Антонава хата вунь, у самым канцы новай вуліцы.. Пасяліўся Антон на выгодзе. Ермаловіч. У Пятроўцы за мостам, дзе першы пасяліўся Мітрафан Лугавы, здаецца, нядаўна яшчэ ляжала пустка. Ракітны.

2. перан. Устанавіцца, з’явіцца, узнікнуць (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Насцярожанасць пасялілася ў хаце Ігната Шылянка. Кавалёў. Добра, што сеецца, Хораша сеецца, — Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́гараць 1, ‑рыць; зак.

1. Згарэць поўнасцю, да канца. Выгаралі дровы ў печы. Выгарала газа ў лямпе. □ Тры гады назад выгаралі Мікуцічы, і тады дзядзька Марцін надумаўся пабудавацца тут, дзе было прастарней і спакайней. Колас. // Пасохнуць, загінуць ад спёкі. Пасека аж белая ад іх, нібы гэта не сіўцы, а ржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.

2. Выліняць, страціць натуральны колер пад уздзеяннем сонца. Валасы.. [хлапчуковы] белыя.. выгаралі на сонцы і сталі рыжаватымі. Чарнышэвіч.

вы́гараць 2, ‑рыць; зак.

Разм. Станоўча вырашыцца, удацца. [Аканом] крычаў, але разумеў, што справа яго не выгарала, што не прымусіць ён ні парабчанак, ні парабкоў рабіць за дваіх. Чарнышэвіч.

выгара́ць 1, а́е.

Незак. да вы́гараць ​1.

выгара́ць 2, ‑ае.

Незак. да вы́гараць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. памог, ‑магла, ‑магло; заг. памажы; зак.

1. Аказаць дапамогу, садзеянне, падтрымку ў чым‑н. Памагчы грашыма. Памагчы пабудавацца. □ [Іван:] — Тут.. прарэзаць дзірку наскрозь цяжка будзе.. — Нічога. Я табе памагу, — падтрымаў Арцём. — Будзем рэзаць напераменку. Ставер. Прывіталіся [сыны].., пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю парог выкаваць. Якімовіч. [Зося:] — Ты паслухай.. Можа ты ведаеш [у каго крадзеныя грошы], то памажы следчым. Чорны. // Выратаваць, выручыць. [Човен] гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі.. Лена стаяла на беразе і не ведала, як памагчы чалавеку. Ваданосаў. — Матуля, памажы мне! — Яшчэ ўсё задыхана шаптаў.. [палонны]. Брыль.

2. Аказаць патрэбнае дзеянне, даць патрэбны вынік. Лякарства памагло. □ Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Танк. Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Асабліва аддаваўся адпачынку ў нерабочую суботу, а пасля — нядзелю.. Але, урэшце, і гэта не памагло. Цераз сем месяцаў мускулы звалі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Памагчы каму‑н. сесці. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне і сама пачала секчы дровы. Чорны. Язэп пасадзіў Макарыху на лаўку, а сам пайшоў высветліць, ці праўда, што тут [у шпіталі] ляжыць Макар Кульба. Асіпенка. // Прапанаваць, прымусіць дзе‑н. сесці. Сама.. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе і пасадзіць гасцей. Шахавец. Пасадзіў пан Бандароўну У куце на лаве, Як бы тую маладую У вясельнай славе. Купала. // Памагчы каму‑н. заняць месца для паездкі на чым‑н. Пасадзіць на аўтобус. □ Старшыня памог .. [старому] выйсці на двор, пасадзіў у сані і сказаў яшчэ некалькі слоў. Чорны.

2. Усадзіць у зямлю, засыпаць зямлёй насенне, карэнне расліны, саджанца для далейшага росту. Пасадзіць дрэва. □ [Настаўнік:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкетнік, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак. [Дзед:] — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш. Чарнышэвіч. // Правесці пасадку. Пасадзіць бульбу. □ Трэба абавязкова пасадзіць сады ў кожным калгасе. Асіпенка.

3. Паставіць у гарачую печ пячыся. Пасадзіць пірагі. □ Яшчэ не хутка будзе кіснуць цеста І бабка новы хлеб у печ пасадзіць, А восень — найбагатая нявеста — Далоні іх шурпатыя разгладзіць. Чэрня.

4. Скіраваўшы да зямлі, прымусіць сесці, прызямліць (пра самалёт і пад.). Бурмакоў плаўна пасадзіў ракету. Лёгкі штуршок, і яна спынілася. Шыцік. З вялікімі цяжкасцямі экіпаж пасадзіў самалёт на ваду, і пажар быў ліквідаваны. Матрунёнак. // Разм. Нагнуўшыся на перашкоду, пазбавіць каго‑, што‑н. магчымасці рухацца. Пасадзіць баржу на мель. □ [Каваль:] — Памятаеш, Паліна так і сказала: «Я спадзяюся на цябе...» А ты што робіш? Машыну ў яміну пасадзіў і адпачываеш... Га? Савіцкі. — А, ты пра ўчарашняе... Ды я ж і вінаваты — пабаяўся трактар пасадзіць у багну і прастаяў. Хадкевіч.

5. Разм. Арыштаваць, засадзіць у турму, карцэр і пад. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

6. Прымусіць чым‑н. займацца, што‑н. рабіць (звычайна седзячы). Пасадзіць за ўрокі. // Разм. Прызначыць на якую‑н. пасаду, месца і пад. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Чорны. // Вызначыць месца каму‑н. дзе‑н. Чытаў.. [Косцік] бегла, пісаў і задачкі рашаў няблага, і настаўнік пасадзіў яго ў другі клас, разам са старэйшымі братамі. С. Александровіч.

7. на што. Разм. Абмежаваць у чым‑н. (пераважна ў ядзе). Пасадзіць на дыэту. □ [Шэмет:] — Каб пабудавацца некалі, то трэба было прыпухнуць, сябе і дзяцей на сухую бульбу пасадзіць. Лобан. — Чаго ты дабіваешся, Адам? Хочаш, каб на семдзесят рублёў у месяц пасадзілі? Мыслівец.

8. Спец. Замацаваць што‑н. у патрэбным становішчы. Пасадзіць дэталь.

9. Памясціць дзе‑н., у сярэдзіну чаго‑н.; размясціць (жывёл, пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. [Дзед:] — Думаю, перш за ўсё для калгаса вулляў з пяць за зіму змайстраваць. А вясною раі набуду, пасаджу... Краўчанка.

10. Разм. Нанесці (пляму, кляксу на што‑н.); пакінуць які‑н. знак на чым‑н. Пасадзіць сіняк. □ Зайшла аднойчы да нас суседка, убачыла на вокладцы буквара невялікую плямку, што я незнарок пасадзіў, раззлавалася і адабрала кнігу. Ляўданскі.

11. Затупіць; прывесці ў нягоднасць, сапсаваць. — А сенакасілка толькі адна. Ды і тая стаіць другі дзень ужо — Арсень Пахілка пасадзіў нажы. Савіцкі. Доўга ціснуць на стартэр нельга — можна пасадзіць акумулятары. Мяжэвіч.

12. перан. Разм. Збіць, зблытаць пры адказе, перамагчы ў спрэчцы; паставіць каго‑н. у няёмкае становішча. Пасадзіць на экзамене.

•••

Пасадзіць на ланцуг — пазбавіць магчымасці хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н.; абмежаваць чыю‑н. свабоду.

Пасадзіць на мель каго — паставіць у бязвыхаднае становішча.

Пасадзіць на шыю каго каму — прымусіць каго‑н. клапаціцца аб кім‑н.

Пасадзіць пад варту — арыштаваць.

Пасадзіць у лужыну (у галёш) — паставіць у няёмкае, смешнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)