БЕ́ЛЕВА,

вёска ў Беларусі ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр Першамайскага с/с і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад Оршы, 98 км ад Віцебска, за 7 км ад чыг. ст. Чэрвена, на шашы Орша—г.п. Коханава. 416 ж., 124 двары (1995). Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.

К.С.Заслонаў.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1653—1832 у Оршы. Заснаваў кн. Геранім Друцкі-Сакалінскі і аддаў кляштару фальварак Воскава. У 1816—19 пабудаваны касцёл св. Іосіфа. Пры кляштары быў шпіталь на 10 хворых. Пасля закрыцця кляштара касцёл стаў парафіяльным, пасля Вял. Айч. вайны ў ім размяшчаўся Дом культуры, з 1990 дзейнічае.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1680—1832 у Оршы. Засн. рэчыцкім стольнікам Войцехам Станіславам Катоўскім. Мураваны касцёл з бакавой вежай-званіцай асвячоны 10.8.1768. Тады ж пабудаваны жылы корпус, у якім пасля закрыцця кляштара размяшчаліся інвалідная каманда, потым арыштанцкі дом, у 1920—30-я г. рамеснае вучылішча. Касцёл знесены ў 1970-я г.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́Ф’ЕЎ Рыгор, бел. збройнік 17 ст. Родам з Оршы. Быў (у 1658) вучнем у быхаўскага збройніка-пішчальніка Васіля. Разам з ім у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вывезены ў Маскву. Жыў у Броннай слабадзе сярод бел. пасяленцаў-рамеснікаў. У 1677 Астаф’еў з Амелькам Сяргеевым зрабіў 4, у 1678 — 10 пішчаляў.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ КАЛЕКЦЫЯНЕ́Р»,

газета для калекцыянераў. Выдаецца з ліст. 1990 у Оршы, з сак. 1995 у Мінску на бел. мове. Перыядычнасць адвольная. Інфармуе бел. калекцыянераў пра выяўленне, збор, вывучэнне, сістэматызацыю і захаванне розных калекцыйных матэрыялаў. Друкуе матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі. Паказвае рэпрэзентацыю Беларусі ў свеце сродкамі філатэліі, нумізматыкі, філакартыі, фалерыстыкі і інш.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (15.5.1883, в. Варгуцева Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.1.1964),

рэвалюцыянер. Скончыў пач. школу. З 1905 чл. партыі эсэраў, потым эсэр-максімаліст, з 1919 чл. РКП(б). З 1895 рабочы на прамысл. прадпрыемствах Пецярбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У кастр. 1907 арыштаваны, высланы на радзіму. З 1909 за мяжой (Аргенціна, Францыя, ЗША), удзельнічаў у рабочым руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся на радзіму. Са жн. 1917 у Оршы, чл. гарсавета, старшыня рэўкома, камісар працы. З пач. 1918 старшыня Аршанскага пав. выканкома, дэлегат V Усерас. з’езда Саветаў. За агітацыю супраць Брэсцкага міру 1918 арыштаваны. У час леваэсэраўскага мяцяжу 6.7.1918 вызвалены паўстанцамі, абраны старшынёй Аршанскага часовага ВРК. Пасля задушэння аршанскага выступлення эсэраў зноў арыштаваны (апраўданы Гомельскім губрэўтрыбуналам). Са жн. 1919 на розных пасадах у Оршы, Сянне і інш. З пач. 1930-х г. у Маскве, нам. дырэктара Музея рэвалюцыі, нач. упраўлення Наркамата саўгасаў СССР і інш. У 1948—49 старшыня калгаса ў в. Варгуцева.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАЛЁЎСКІ (Юзаф) (5.3.1777, г. Гарадок, паводле інш. крыніц, каля г. Орша Віцебскай вобл. — 12.8.1845),

бел. педагог, паэт. Скончыў клас рыторыкі ў Аршанскім езуіцкім калегіуме (1790), вывучаў франц. мову ў Полацкім езуіцкім калегіуме, лац. і польск. л-ру ў Оршы. З 1794 настаўнік у езуіцкіх калегіумах у Мсціславе, Магілёве, Полацку. З 1806 праф. рыторыкі, паэтыкі і рус. мовы ў езуіцкім калегіуме ў Пецярбургу, з 1810 у Оршы, дзе загадваў і б-кай кляштара. З 1814 сакратар ордэна езуітаў бел. правінцыі, з 1816 «міністр» (адміністратар) Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1818 пераехаў на Валынь. Друкаваўся ў час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік»), «Вестник Европы». Пісаў на польск., лац., рус. мовах. Творчасць М. выяўляла характэрныя рысы л-ры ў часы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамант. стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманіст. і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю.

Тв.:

Wiersze. Wrocław etc., 1983.

У.​І.​Мархель.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1880 у Оршы на месцы царквы 1460 на левым беразе Дняпра.

Храм крыжова-купальнай кампазіцыі з 5-граннай апсідай і шатровай званіцай. Фасады дэкарыраваны філёнгамі, раскрапоўкамі, карнізамі, какошнікамі. Цэнтр. частка асн. аб’ёму завершана купалам. Тэр. царквы абнесена каменнай агароджай з брамай, вуглавымі вежамі і контрфорсамі.

Аршанская Ільінская царква.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1900 у Оршы як слясарныя майстэрні. З 1915 мех. і жалезаліцейныя майстэрні, з 1928 чыгуна- і медналіцейны з-д (выпускаў вентылятары і запчасткі да с.-г. машын). З 1960 спецыялізуецца на выпуску плоскашліфавальных станкоў. Асвоіў вытв-сць высокапрадукцыйных плоскашліфавальных станкоў высокай дакладнасці для хуткага шліфавання і станкоў для эл.-хім. шліфавання. Прадукцыя адзначана залатымі медалямі на міжнар. выстаўках.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)