УСЯНО́ЧНАЯ, усяночнае (дбанне) няспанне,
вячэрняе набажэнства правасл. традыцыі напярэдадні нядзелі або асобных царк. свят. Аб’ядноўвае службы вял. вячэрні, ютрані і 1-й гадзіны. Рэліг. сэнс У. у духоўным перажыванні падзей старазапаветнага часу (вячэрня) і Новага Запавета (ютрань). У. ўключае малітваслоўі, прызначаныя для чытання (псалмодыя) і спеваў (антыфоннага, эпіфоннага, рэспансорнага, з канонархам і гімнічнага). Тэксты песнапенняў падзяляюцца на нязменныя (абавязковыя) і зменныя (прымеркаваныя да асобных свят).
У. існавала ў 1-я стагоддзі хрысціянства. Як чын пашырылася ў Візантыі і правасл. Усходзе ў 4 ст. адначасова з літургіяй, Значнае месца ў развіцці муз.-паэт. драматургіі У. належыць Іаану Дамаск шу (8 ст.). З 11 да 17 ст. на Русі песнапенні У. выконваліся пераважна дзямественным спевам, знаменным спевам і пуцявым, пазней — балг., грэч. і кіеўскім, з 17 ст. — у стылі партэсных спеваў (на Беларусі з 2-й пал. 16 ст.). Кампазітары 18—пач. 19 ст. на тэксты У. стваралі хар. творы канцэртнага характару (Дз.Бартнянскі, А.Ведэль, С.Дзегцяроў). З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся цыклічныя хар., арыгінальныя творы ці апрацоўка стараж. распеваў («Усяночнае дбанне» А.Архангельскага, А.Грачанінава, М.Іпалітава-Іванава, А.Кастальскага, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова).
На Беларусі зафіксаваны мясц. варыянты песнапенняў У., у т. л. чын вячэрні і ютрані Супрасльскага ірмалоя (1598—1601, адзін з першых рукапісных помнікаў квадратнай натацыі). Літургічныя жанры, у т. л. У., у творчасці бел. кампазітараў М.Анцава, А.Бандарэнкі, А.Туранкова, М.Шчаглова-Куліковіча, М.Бутона, а таксама С.Бельцюкова, А.Хадоскі, Л.Шлег.
Літ.:
Успенский Н.Д. Чин Всенощного бдения на православном Востоке и в русской церкви // Богословские труды. М., 1978. Сб. 18—19;
Пікарда Г. дэ. Царкоўная музыка на Беларусі, 989—1995. Мн., 1995;
Гарднер И.А. Богослужебное пение русской православной церкви. Сергиев Посад, 1998;
Протопопов В.В. Музыка русской литургии: Пробл. цикличности: Исслед. М., 1999.
Г.Г.Осіпава.
т. 16, с. 282