вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст.Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол.ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 23,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУ — р. Друць з прытокам Даўжанка, на З — р. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р.Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб.Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц.геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 59 тыс.га, з іх асушаных 19,2 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСА,
рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км². Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Ольса. За 91 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст.Нясета на лініі Магілёў—Асіповічы. 8,6 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1592 як в. Клічава Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1798 сяло ў Любашанскім старостве Аршанскага пав.; 20 гаспадарак, дзярж. ўласнасць. У 19 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ., дзейнічалі школа, млын, царква. У 1897 у К. 608 ж., праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1901 заснаваны Клічаўскі шклозавод. З 1924 мястэчка, цэнтр Клічаўскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 504 чал. 20.3.1942 К. вызвалілі партызаны, была створана Клічаўская партызанская зона. У 1943 партызаны зноў разграмілі ў К. адноўлены гарнізон ворага (гл.Клічаўскія баі 1942, 1943). Каля К. існаваў першы ў Беларусі партыз. аэрадром. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 3-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл. У 1962—65 уваходзіў у Кіраўскі р-н. У 1972—5,3 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр., лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Магілёўскі саўгас-тэхнікум, 2 сярэднія школы, вячэрняя, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Клічаўскі краязнаўчы музей лесу. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму, магілы ахвяр фашызму. Курган Славы. Помнік партызанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,
наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст.Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс.чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.
У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.