ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г.Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),
нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.С.Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.
Літ.:
Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г.М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г.Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),
нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАФТ (Kraffi, Kraft) Адам (каля 1460, г.Нюрнберг ?, Германія — 1508 або 1509), нямецкі скульптар, прадстаўнік мастацтва, пераходнага ад готыкі да Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу.
Творчасць вызначаецца стрыманасцю вобразаў, размераным рытмам, пластычнай важкасцю форм, ураўнаважанасцю кампазіцый. У работах часам трапляюцца жанравыя элементы. Сярод твораў: надмагілле Зебальда Шрэера (1490—92), дарахавальніца з партрэтнымі фігурамі К. і 2 чаляднікаў (1493—96), рэльеф «Вагаўшчык» (1497), серыя з 7 рэльефаў «Хрэсны шлях Хрыста» для могілак св. Іаана (каля 1505—08).
А.Крафт. Аплакванне Хрыста з серыі «Хрэсны шлях Хрыста». 1505—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕ́РСКІЯ ГАРАДЫ́, вольныя імперскія гарады,
нямецкія гарады ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», якія ў межах сваёй акругі валодалі вярх. уладай і падпарадкоўваліся непасрэдна імператару. Найбольш іх было ў Швабіі і Франконіі (Нюрнберг, Рэгенсбург, Аўгсбург, Гейльброн і інш.). У час аслаблення (з 13 ст.) цэнтралізаванай улады ў Германіі яны дамагліся шырокіх правоў самакіравання. З умацаваннем ролі княстваў у 17 ст. пачынаецца заняпад І.г. Да пач. 18 ст. іх засталося каля 50. Пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806) перастаў існаваць статус І.г. З утварэннем Германскага саюза (1815) вольнымі гарадамі засталіся толькі Брэмен, Гамбург, Любек і Франкфурт-на-Майне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ВАЕ́ННЫ ТРЫБУНАЛ (МВТ),
міжнародны суд. орган па праследаванні і пакаранні гал.ваен. злачынцаў. Першы М.в.т. для пакарання гал.ваен. злачынцаў еўрап. краін, якія змагаліся на баку фаш. Германіі, створаны 8.8.1945 паводле Лонданскага пагаднення паміж урадамі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Да пагаднення далучыліся 19 краін. Месцазнаходжанне — Берлін, месца правядзення суд. працэсу — г.Нюрнберг (гл.Нюрнбергскі працэс). М.в.т. для Д. Усходу створаны 19.1.1946 у выніку пагаднення паміж Кітаем, Францыяй, Нідэрландамі, Канадай, Новай Зеландыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй, СССР, Аўстраліяй (пазней далучыліся Філіпіны і Індыя) з мэтай асуджэння яп.ваен. злачынцаў у 2-й сусв. вайне. Суд. працэс адбыўся ў 1946—48 (гл.Такійскі працэс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СКЕР ((Lasker) Эмануэль) (24.12.1868, г. Барлінэк, Польшча — 13.1.1941),
нямецкі шахматыст, шахматны тэарэтык і літаратар. Д-р філасофіі і матэматыкі (1902). Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1889). Рэд.-выдавец час. «Lasker’s Chess Magazine» («Шахматны часопіс Ласкера», 1904—09) і інш.перыяд. шахматных выданняў. Чэмпіён свету (1894—1921). Пераможца буйных турніраў (1893, 1924, Нью-Йорк; 1895—96, 1909, 1914, С.-Пецярбург; 1896, г.Нюрнберг, Германія; 1899, Лондан; 1900, Парыж; 1923 г. Мораўска-Острава, Чэхаславакія). У 1935 эмігрыраваў з фаш. Германіі, жыў у Маскве, двойчы выступаў як прадстаўнік СССР на міжнар. турнірах (1936, Масква і г. Нотынгем, Вялікабрытанія). З 1937 у ЗША.
Тв.:
Рус.пер. — Как Виктор стал шахматным мастером. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),
1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).
2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г.Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл.Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.
Літ.:
Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫТУ́РА (італьян. partitura ад лац. partio дзялю, размяркоўваю),
нотны запіс шматгалосага муз. твора для аркестра, хору, камернага ансамбля і інш. У П. кожная партыя пішацца ці друкуецца на асобным нотным стане; натаносцы (радкі) размяшчаюцца па вертыкалі — у пэўным парадку па групах інструментаў і па гарызанталі — паводле прынцыпу супадзення тактаў, тэсітуры — зверху ўніз (за выключэннем труб), партыі арфы, фп., аргана, салістаў, хору — над групай струнных (смыкавых). Размяшчэнне інстр. груп у П. для сімф. аркестра (зверху ўніз) наступнае: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя, струнныя. Чытанне (аналіз) П. — адна з дысцыплін муз. адукацыі кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў і інш.
Першыя звесткі пра П. датуюцца пач. 16 ст. («Tabulae compositorias», «Кампазітарскія табліцы»), Развіццё кампазітарскай тэхнікі, інструментарыя, інстр. складу аркестра адбілася на структуры П. Сучасная арганізацыя П. сфарміравалася ў 19 ст. Некат. змены ў традыц. правілы ўнеслі Г.Берліёз, Р.Вагнер, Р.Штраус, А.Месіян і інш. Спробы прасцейшага запісу арк. твораў рабілі М.Рымскі-Корсакаў, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў. У сярэдзіне 20 ст. новыя віды кампазітарскай тэхнікі (А.Шонберг, А.Берг, А.Анегер і інш.) спрыялі ўзнікненню ўмоўных спосабаў натацыі, а таксама інш. знакавых натацыйных прынцыпаў. У бел. музыцы гэта адбілася ў некат. творах Дз.Смольскага, В.Кузняцова, В.Капыцько і інш.
Літ.:
Таранов Г. Курс чтения партитур. М.; Л., 1939;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Мальтер Л. Таблицы по инструментоведению. М., 1966;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Фортунатов Ю.А. История оркестровых стилей. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.