ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч. За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць. Вялюгін.

2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў. Чорны.

3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. // перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу. Лынькоў.

4. перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лужанін.

5. перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам. Бядуля. // Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Лынькоў.

•••

Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).

На жывую ніткунетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха. Навуменка.

Прамокнуць да ніткі гл. прамокнуць.

Праходзіць чырвонай ніткай гл. праходзіць.

Шыта белымі ніткамі гл. шыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жывы́, -а́я, -о́е.

1. Такі, які жыве, валодае жыццём; проціл. мёртвы.

Жывая істота.

Жывыя кветкі.

2. Які мае адносіны да жывёльнага або расліннага свету.

Жывая прырода.

3. Поўны жыццёвай энергіі, сіл; актыўны, дзейны.

Хлопец быў малады, вясёлы, ж.

Ж. тэмперамент.

Жывая работа.

4. Сапраўдны, натуральны, арыгінальны.

Жывая рэчаіснасць.

Паказаць у творы жывых людзей.

Ж. прыклад гераізму.

5. Бойкі, поўны руху, ажыўлены.

Жывая дарога.

6. Выразны, яркі.

Жывая мова рамана.

Ж. паказ падзей.

Жывыя ўспаміны.

7. Які сапраўды існуе, яшчэ не знік.

Жывая граматычная форма.

Жывая літаратурная мова.

8. Які захоўваецца ў памяці, не забываецца.

Старыя будынкі — жывая гісторыя горада.

Жывая вага — вага жывой жывёліны (у процілегласць чыстай вазе мяса).

Жывая мова — мова, якой карыстаецца народ.

Жывая сіла (спец.) — людзі, жывёла (у адрозненне ад механізмаў, тэхнікі).

Жывое срэбра — ртуць.

Браць (узяць) за жывое (разм.) — даймаць (даняць) чым-н., расстройваць (расстроіць), прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Жывая капейка — пра ўсё, што дае прыбытак, даход.

Жывая крыніца — пра тое, што існуе ў сваім першапачатковым, натуральным стане.

Жывая рана

1) рана, якая яшчэ не зажыла;

2) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Жывога месца няма (разм.) — пра вельмі збітага чалавека.

Жывое слова

1) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай;

2) яркая мова, цікавае слова, якое хвалюе слухача.

Жывы труп — пра вельмі слабага, худога, хворага, блізкага да смерці чалавека.

Зачапіць за жывое — усхваляваць, закрануўшы што-н. важнае для каго-н.

На жывую нітку (разм.) — нетрывала, на скорую руку (зрабіць што-н.).

Ні адной жывой душы (разм.) — нікога, ні аднаго чалавека.

Ні жывы ні мёртвы (разм.) — у стане вялікага страху.

|| наз. жы́васць, -і, ж. (да 3, 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)