ДАЎЖЫНЯ́ СВАБО́ДНАГА ПРАБЕ́ГУ,

сярэдні шлях, які праходзіць часціца (малекула, атам і г.д.) паміж двума паслядоўнымі сутыкненнямі з інш. часціцамі. Для звычайных малекулярных газаў пры нармальных умовах Д.с.п. ~0,1 мкм, што прыкладна ў 100 разоў перавышае сярэднюю адлегласць паміж малекуламі. Паняцце «Д.с.п.» ўзнікла ў кінетычнай тэорыі газаў і абагульнена на выпадак слаба ўзаемадзейных часціц, якія ўтвараюць газападобныя сістэмы (электронны газ у металах і паўправадніках, нейтроны ў слаба паглынальным асяроддзі і інш.). Выкарыстоўваецца пры разліках розных працэсаў пераносу (гл. Пераносу з’явы).

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́Д ЭЛЕМЕНТА́РНЫ,

найменшы зарад электрычны (дадатны ці адмоўны), роўны па абс. значэнні зараду электрона. Абазначаецца e і роўны 1,60211733(49)∙10​19 Кл (упершыню вымераны Р.Мілікенам у 1911). Усе элементарныя часціцы маюць зарад 0 (напр., нейтроны), +e (пратоны, пазітроны) або -е (электроны, антыпратоны); выключэнне — некаторыя рэзанансы, зарад якіх кратны e. Часціцы з дробавымі З.э. не назіраліся, аднак у тэорыі моцных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка) мяркуецца існаванне часціц з зарадам, кратным (​1/3)e (гл. Кваркі).

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВО́ЛЬВАННЕ НЕЙТРО́НАЎ,

змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.

У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КТАР-РАЗМНАЖА́ЛЬНІК,

разнавіднасць ядзернага рэактара, у якім «спальванне» ядз. паліва суправаджаецца расшыранай вытв-сцю другаснага ядз. паліва.

У Р.-р. нейтроны, што вызваляюцца ў працэсе дзялення ядраў (напр., урану-235 у рэактарах-канвектарах), узаемадзейнічаюць з ядрамі сыравіннага матэрыялу (напр., урану-238), у выніку чаго атрымліваецца другаснае ядз. паліва (плутоній-239). Узноўленае і спаленае палівы могуць быць таксама ізатопамі аднаго і таго ж хім. элемента (рэактар-брыдэр), напр., спальваецца і ўзнаўляецца плутоній-239. Р.-р. выкарыстоўваюцца для атрымання штучных падзельных матэрыялаў, а таксама «спальвання» урану-238 для атрымання электраэнергіі.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

адзін з дэтэктараў ядзерных часціц, асн. элементы якога — сцынтылятар і фотаэлектронны памнажальнік (ФЭП). Для змяншэння страт святла сцынтылятар прыклейваюць да катода ФЭП ці злучаюць з ім з дапамогай святлаводаў.

Зараджаная часціца, што праходзіць праз сцынтылятар, разам з іанізацыяй узбуджае атамы і малекулы рэчыва, якія пры вяртанні ў асн. стан выпрамяняюць фатоны. Фатоны выбіваюць электроны з катода ФЭП, у выніку чаго ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца лічыльнікам. Нейтральныя часціцы (нейтроны, гама-кванты і інш.) рэгіструюцца за кошт другасных зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пры іх узаемадзеянні з атамамі сцынтылятара.

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ Я́ДЗЕРНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прылады для рэгістрацыі ядз. часціц (альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.) ці квантаў эл.магн. выпрамянення. Выкарыстоўваюцца для вывучэння інтэнсіўнасці ядз. выпрамянення, вызначэння яго саставу і энергет. спектра часціц, а таксама пры вывучэнні ўзаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі, працэсаў нараджэння і распаду элементарных часціц.

Прынцып дзеяння Л.я.в. заснаваны на ўласцівасці зараджаных часціц пры праходжанні праз рэчыва выклікаць іанізацыю і ўзбуджэнне яго атамаў або (пры пэўных умовах) Чаранкова—Вавілава выпрамяненне (нейтроны і гама-кванты ствараюць другасныя зараджаныя часціцы, якія іанізуюць і ўзбуджаюць атамы рэчыва). Гл. таксама Вільсана камера, Гейгераўскі лічыльнік, Іанізацыйная камера, Паўправадніковы дэтэктар, Пузырковая камера, Сцынтыляцыйны лічыльнік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАГЕ́НЫ,

фізічныя і хімічныя фактары, уздзеянне якіх на жывыя арганізмы прыводзіць да паяўлення мутацый з частатой, большай за ўзровень спантанных мутацый. Да фіз. М. адносяць іанізавальныя (гама- і рэнтгенаўскія прамяні, пратоны, нейтроны і інш.) і ультрафіялетавае выпрамяненні, высокія і нізкія т-ры; да хім. — многія алкіліруючыя злучэнні, аналагі азоцістых асноў нуклеінавых к-т, некат. біяпалімеры (чужародныя ДНК ці РНК), алкалоіды і інш. Супермутагенамі наз. М., што павялічваюць частату мутацый у сотні разоў. Часта М. з’яўляюцца канцэрагенамі і тэратагенамі (выклікаюць парушэнні ў развіцці зародка). Выкарыстоўваюцца ў селекцыі с.-г. раслін і карысных мікраарганізмаў для атрымання мутацый, якія служаць матэрыялам для штучнага адбору.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

ядзернае выпрамяненне, якое складаецца з патокаў нейтронаў. Асн. крыніца нейтронаў розных энергій — ядзерны рэактар. Характар узаемадзеяння нейтронаў з рэчывам залежыць ад іх энергіі і складу рэчыва, што апрамяняецца. З-за адсутнасці эл. зараду нейтроны пранікаюць у рэчыва на значную глыбіню. Н.в. адносяць да шчыльнаіанізавальных выпрамяненняў, таму што пратоны, якія яно ўтварае, моцна іанізуюць рэчыва. Атамныя ядры пры паглынанні нейтронаў распадаюцца на моцнаіанізавальныя пратоны, α часціцы і фатоны γ выпрамянення, таксама здольныя ўтвараць іанізацыю (другасную). Пры такіх ядзерных рэакцыях могуць узнікаць радыеактыўныя ізатопы элементаў і наведзеная радыеактыўнасць, якая таксама выклікае іанізацыю. Канчаткова біял. эфект пры Н.в. звязаны з іанізацыяй, што ўтвараецца другаснымі часціцамі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ФСТЭДТЭР, Хофштатэр (Hofstadter) Роберт (5.2.1915, Нью-Йорк — 17.11.1990), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1958). Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1946 у Прынстанскім, у 1950—85 у Станфардскім ун-тах (з 1971 праф.). Навук. працы па даследаванні інфрачырв. выпрамянення, фотаправоднасці крышталёў, рассеяння электронаў высокіх энергій на атамных ядрах. Стварыў сцынтыляцыйны дэтэктар іанізавальных выпрамяненняў і часціц (1948). Адкрыў унутр. структуру нуклонаў і паказаў, што пратоны і нейтроны маюць цэнтр. дадатна зараджаны асяродак, акружаны падвойным воблакам π-мезонаў (1956—57). Нобелеўская прэмія 1961 (з Р.Л.Мёсбаўэрам). Нац. навук. медаль ЗША (1986).

Тв.:

Electron scattering and nuclear and nucleon structure: A collection of reprints with an introduction. New York, 1963.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Хофстэдтэр.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННАЯ ЗО́РКА,

надзвычай шчыльная, кампактная зорка, якая складаецца пераважна з нейтронаў. Утвараецца ў выніку выбухаў звышновых зорак, у якіх гравітацыйны калапс спыняецца ўзаемадзеяннем нейтронаў. Дыяметр 10—12 км, маса 1—2 сонечныя масы, шчыльн. рэчыва 10​17 кг/м³. У цэнтры Н.з. знаходзяцца гіпероны і мезоны, далей — нейтроны ў звышцякучым стане; вонкавы слой складаецца з надзвычай шчыльнай формы жалеза (цвёрды, таўшчыня каля 1 км, т-ра — да 1 млн. K). Мае вельмі магутнае магн. поле — больш за 1 мТл. Гіпотэза пра існаванне Н.з., выказаная ў 1930-я г., пацверджана ў 1967 адкрыццём пульсараў.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)