каю́р

(ненец. kaoti)

паганяты запрэжаных у нарты сабак або аленяў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НА́РЦКІ Э́ПАС, нартаўскі эпас,

гераічны эпас каўказскіх народаў: асецін, абхазаў, адыгейцаў, кабардзінцаў, чэркесаў. Вядомы таксама балкарцам, чэчэнцам, інгушам, карачаеўцам і інш. Існуе ў празаічнай і вершаванай форме. У яго аснове — стараж. аланскі эпічны цыкл 7—4 ст. да н.э. Першыя запісы зроблены ў сярэдзіне 19 ст.

Апавядае пра легендарны народ — бясстрашных, свабодалюбівых, знаходлівых і жыццярадасных нартаў, іх гераічную барацьбу з захопнікамі. Архаічныя рысы эпасу: фрагменты этыялагічных міфаў (пра паходжанне культ. раслін, зброі і інш), матывы сваяцкіх сувязей ці барацьбы з багамі, сваркі паміж роламі і кроўная помста, грабежніцкія паходы, якія ўзначальвалі выбарныя правадыры, мужчынскія нарады і інш. Вакол асн. герояў эпасу сфарміраваліся цыклы сказанняў: пра родапачынальнікаў нартаў у асецінскім эпасе — Урызмагу і Сата́не (у абхазаў і адыгейцаў — Сатаней), мудрай дарадчыцы волатаў; пра Сослана (Созрука, у адыгейцаў — Сосрука, абхазаў — Сасрыква), які спалучае ў сабе сілу, храбрасць і магічныя здольнасці з функцыямі культавага героя (ён здабывае агонь); пра самага моцнага з нартаў Батрадза, загартаванага ў агні; пра сейбіта сварак і махляра Сырдона і інш. Эпас вылучаецца багаццем сюжэтаў, гумарам.

Публ.: Нарты: Адыгейский героич. эпос. М., 1974; Сказания о нартах: Осетин. эпос М., 1978.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́рты ’лыжы’ (Гарэц., Касп., Бяльк.; Маш., 26). Рус. арл., смал. и́рты ’лыжы’; параўн. таксама славен. rtíče ’сані’. Ст.-рус. рты ’лыжы’ зафіксавана ў Ніканаўскім летапісе пад 1444 г. (спіс XVI ст.). Бел. лексема з прыстаўным і‑ ўзыходзіць да ст.-рус. рты і генетычна звязана з *rъtъ (гл. рот.). Назва паводле формы загнутых і завостраных спераду палазоў; параўн. ст.-рус. рътъ ’верх’, ’пярэдняя частка, нос у карабля’, славен. ŕt ’вастрыё’, ’мыс’, серб.-харв. р̑т ’верхавіна, вострая частка якога-н. прадмета’, ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, макед. ʼрт ’мыс’. Гл. нарты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)