помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЎТО́НСКІ О́РДЭН (лац. Ordo Theutonicorum), Нямецкі ордэн,
афіцыйная назва Ордэн шпіталя найсвяцейшай дзевы Марыі ў Іерусаліме, каталіцкая рыцарска-манаская арг-цыя і дзяржава. Засн. ў Палесціне ў 1198—99 пасля 3-га крыжовага паходу для апекі над пілігрымамі, хворымі і барацьбы з «нявернымі» (мусульманамі). У ім дамінавалі немцы. У Т.о. уваходзілі браты-рыцары, капеланы і працаўнікі. Вышэйшы кіраўнік — пажыццёва выбраны вял. магістр, якому падпарадкоўваліся цэнтр ураднікі — комтур, маршал і інш. Рэзідэнцыі вял. магістра — гарады Акон у Палесціне (да 1291), Венецыя (1291—1309), Мальбарк (1309—1457), Каралявец (Кёнігсберг; з 1457). Уладанні ордэна ў розных частках «Свяшчэннай Рым. імперыі» падзяляліся на вобласці на чале з краёвымі магістрамі: Нідэрланды, Багемія, Аўстрыя, Цюрынгія-Саксонія, Эльзас-Бургундыя, Латарынгія, Кобленц, Марбург, Боцэн і Вестфалія. У 1221 рым. папа вызваліў Т.о. ад кантролю свецкіх улад. Усталяванне ордэна ў Прусіі адбывалася на падставе прывілея імператара Фрыдрыха II (1226), Крушвіцкага дагавора з кн. Конрадам I Мазавецкім (1234), які дазволіў стварэнне рыцарскай дзяржавы ў Прусіі, і булы папы Грыгорыя IX (1234), які перадаў зямельныя ўладанні ордэну ў якасці папскага лена. Па просьбе мазавецкага князя рыцары пачалі барацьбу з прусамі, якіх канчаткова падпарадкавалі да 1283. У 1233 да Т.о. далучана ч. Дабжынскага ордэна, у 1237 — Лівонскі ордэн. Ордэнская дзяржава імкнулася пашырыць сваю тэр. за кошт суседзяў — ВКЛ (гл.Паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь) і Польшчы, у якой у 1308—09 захапіла Гданьскае Памор’е, а пазней і інш. землі. Экспансія Т.о. на слав. і літ. землі была спынена паражэннем у Грунвальдскай бітве 1410, пасля чаго пачаўся яго заняпад. Паражэнне ў Трынаццацігадовай вайне 1454—66 пазбавіла ордэн шэрагу зямель і гарадоў, у т. л. Мальбарка, і ператварыла яго ў васала Польшчы (гл.Тарунскі мір 1466). У 1525 апошні вял. магістр Альбрэхт Брандэнбургскі секулярызаваў ордэнскую дзяржаву і ператварыў яе ў свецкае герцагства Прусія (гл. таксама Прусія). Як міжнар. каталіцкая арг-цыя Т.о. існуе і цяпер (сядзіба і архіў у Вене), вядзе рэліг. і асв.-дабрачынную дзейнасць.