Махлява́ць, махлева́ць ’ашукваць, жульнічаць’ (Нас., Шат., Касп., Бір. Дзярж., Сцяшк., Сцяц., Федар. 2, Сл. ПЗБ), ’круціць, маніць, хітрыць’ (КЭС, лаг.), рагач. мухлева́ць, тураў. мухлёва́ць ’тс’ (КЭС, ТС), мыхлюва́цца ’карыстацца воляй і добрымі ўмовамі’ (Бяльк.). Ст.-бел. (вы)махлевати (XVII ст.) ’змахляваць’ запазычана са ст.-польск. machlować ’махляваць, падманваць’, якое з н.-ням. makeln, mäkeln, гал. makelen < maken = machen ’рабіць’ (Брукнер, 317). Фасмер (3, 19) рус. махлевать, мухлевать, мухловать, мухлять ’падманваць’ выводзіць, аднак, з ням. (арго) moheln ’пазначаць карты’ (адкуль новав.-ням. mogeln ’хітрыць, надуваць’), якое са ст.-яўр. mâhal ’разбаўляць віно’. Сюды ж махлёўка ’ашуканка’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шны ’паважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)