насы́ціць, ‑сычу, ‑сыціш, ‑сыціць; зак., каго-што.

1. Накарміць уволю. Насыціў парсюкоў — карова ды цялушка з пашы бягуць. З качак вачэй не спускай, бо каршун ухапіць. Аношкін. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць (патрэбы, жаданні і пад.). Насыціць сваю цікаўнасць.

2. Прасякнуць, напоўніць што‑н. якім‑н. рэчывам у вялікай колькасці. Насыціць зямлю вадой. □ Нам паддадуцца снегавыя горы, Насыцяць рэкі цяжкім срэбрам хваль. Ліхадзіеўскі. // Спец. Дадаць да якога‑н. рэчыва гранічную колькасць якога‑н. іншага рэчыва, якое знаходзіцца ў раствораным або суспензаваным стане. Насыціць раствор солямі. // перан. Напоўніць, перапоўніць якімі‑н. ідэямі, пачуццямі і пад. Міровіч параіў Чароту насыціць п’есу камедыйнымі момантамі. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,

тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.​Марджанішвілі, М.​Ахлопкаў і інш.

На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.​Літвінаў, Е.​Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.​Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.

Літ.:

Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.

С.​А.​Пятровіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

увіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Хутка і спрытна рабіць што‑н., займацца чым‑н.; клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Увіхацца каля печы. Увіхацца па гаспадарцы. □ [Раёк] усё каля дому ўвіхаўся — пчол глядзеў, у лесе сеяў, дом і сядзібу высокім парканам абносіў... Сіўцоў. Спрытна арудуючы іголкай і нажніцамі, дзяўчына ўвіхалася каля .. шыняля. Васілевіч. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Карпаў.

2. Разм. Круціцца каля каго‑, чаго‑н.; неадступна хадзіць за кім‑н. Усцін Маркавіч .. абчышчаў рыбу. Каля яго .. увіхаўся кот. Кулакоўскі. // Увівацца, круціцца каля каго‑н., стараючыся дагадзіць чым‑н. Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы. Гартны. // Заляцацца, увівацца. [Наталля:] — [Ніна] расказала мне, як каля цябе ўвіхалася: у кіно вадзіла, у госці да сябе запрашала. Было гэта? Скрыган. Міровіч параіў Чароту .. увесці [у п’есу] два камічныя персанажы: бабыля Данілу і немаладую, адзінокую, але зухаватую Параску, за якой увіхаецца Даніла з надзеяй ажаніцца з ёю. Рамановіч.

3. Хутка рухацца; круціцца. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Гарбук. Увіхаюцца рукі, не ведаючы стомы. [Максімка] не для Радзівілаў .. працуе, а для сябе. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ.

Створаны ў 1920 у Мінску як Бел. дзярж. т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел. дзярж. т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.​Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.​Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.​Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.​Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.​Галіна, Г.​Глебаў, Г.​Грыгоніс, І.​Ждановіч, У.​Крыловіч, К.​Міронава, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Ржэцкая, У.​Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.​Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.​Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, К.​Буйло, Л.​Родзевіча, Ц.​Гартнага, В.​Гарбацэвіча, М.​Грамыкі, М.​Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.​Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.​Крапіўніцкі, М.​Старыцкі, І.​Катлярэўскі), рус. (М.​Горкі, Чэхаў, У.​Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.​Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.​Ждановіч, арт. А.​Крыніца, драматургі Грамыка, Р.​Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.​Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-р рэж. Л.​Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.​Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.​Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.​Бядулем, М.​Клімковічам, Э.​Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял. Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.​Карнейчука, «Рускія людзі» К.​Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.​Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.​Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.​Крапівы, К.​Губарэвіча, А.​Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял. Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.​Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.​Зорына, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Нора» Г.​Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.

У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.​Дзялендзіка, П.​Васілеўскага, С.​Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.​Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.​Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.​Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.​Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.​Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г. т-р на чале з рэж. В.​Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.​Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава і інш. Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял. Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.​Быкава, «Эшалон» М.​Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма, «Характары» паводле В.​Шукшына, «Гульня з кошкай» І.​Эркеня, «Святая святых» І.​Друцэ, «Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.​Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр. нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв. т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.​Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.​Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.​Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г. найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.​Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.​Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.​Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.​Кавалёва, «Восеньская саната» І.​Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел. нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.​Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.

У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.​Стома, У.​Уладамірскі, М.​Яроменка, нар. артысты Беларусі С.​Бірыла, М.​Бялінская, Г.​Грыгоніс, П.​Дубашынскі, І.​Ждановіч, П.​Кармунін, Р.​Кашэльнікава, Пола, В.​Філатаў, І.​Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.​Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.​Бараноўскі, А.​Дзянісаў, П.​Іваноў, В.​Краўцоў, Б.​Кудраўцаў, П.​Пекур, Б.​Уладамірскі, М.​Федароўскі, Р.​Філіпаў (нар. арт. Расіі), С.​Хацкевіч, Э.​Шапко, Л.​Шынко, Б.​Янпольскі, арт. Ю.​Авяр’янаў, Б.​Дакальская, Т. і У.​Кін-Камінскія, А.​Уладамірскі і інш., рэжысёры В.​Галаўчынер, Л.​Мазалеўская, М.​Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.​Агамірзян, А.​Андросік, М.​Зораў, Б.​Луцэнка, М.​Міцкевіч, І.​Папоў, І.​Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.​Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.​Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.​Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.​Саннікаў (1948—52), І.​Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.​Простаў (1958—60), В.​Броўкін (1960—62), Г.​Шчарбакоў (1962—64), Б.​Эрын (1964—68), Ц.​Кандрашоў (1969—72); мастакі А.​Марыкс (1922—29, 1934—39), І.​Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.​Галубовіч (1958—62), А.​Грыгар’янц (1962—76), Б.​Герлаван (з 1976).

У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.​Аўсяннікаў, С.​Станюта, В.​Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.​Белахвосцік, З.​Браварская, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, А.​Мілаванаў, А.​Памазан, Г.​Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.​Бальчэўская, З.​Белахвосцік (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.​Варанецкі, Г.​Давыдзька, М.​Зінкевіч, З.​Зубкова, Я.​Кавалёва, Н.​Качаткова, М.​Кірычэнка, У.​Кудрэвіч, Г.​Маляўскі, В.​Манаеў, Т.​Нікалаева, А.​Падабед, У.​Рагаўцоў, А.​Рынковіч, артысты А.​Гарцуеў, М.​Громава, І.​Дзянісаў, А.​Долгая, А.​Ельяшэвіч (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), А.​Іваннікава, С.​Краўчанка, Я.​Кульбачная, А.​Лабуш, А.​Луцэвіч, С.​Некіпелава, В.​Няфёдава, В.​Паўлюць, Н.​Піскарова, Т.​Пузіноўская, В.​Рэдзька (засл. арт. Аўт. рэспублікі Крым), А.​Сідарава, І.​Усовіч, Г.​Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар. арт. Беларусі В.​Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.​Савіцкі.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл. Мінскі гарадскі тэатр).

Літ.:

Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;

Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;

Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг. Мн., 1957;

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Мн., 1970;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг. Мн., 1989;

Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.​Макаёнка.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.​Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.​Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.​Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.​Дударава.

т. 11, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),

стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.

І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.​Вяземскі, В.​Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.​Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.​Дубейка, А.​Каранчук, З.​Хвораст, дудачнікі В.​Швед, М.​Глушань, гарманіст А.​Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.​Ф.​Гендэля, І.​С.​Баха, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, І.​Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.​Гузікаў, М.​Ельскі, А.​Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.​Жак-Далькроза, К.​Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар. тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж. т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.​Гоцы). У пач. 20 ст. К.​Станіслаўскі, Я.​Вахтангаў, У.​Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел. нар. т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш. Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, акцёры Дз.​Арлоў, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў і інш.

Літ.:

Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;

Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;

Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ АРТЫ́СТ БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь артыстам і рэжысёрам т-ра, тэлебачання, радыё, эстрады, кіно і цырка, кампазітарам, дырыжорам, рэжысёрам і муз. выканаўцам, якія маюць ганаровае званне заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, валодаюць выключным майстэрствам, стварылі выдатныя маст. вобразы, спектаклі, тэле- і радыёпастаноўкі, муз. творы, маюць асаблівыя заслугі ў развіцці мастацтва краіны. Устаноўлена СНК БССР 5.12.1927, потым Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 13.5.1982.

Народныя артысты Беларусі

1928. У.​І.​Галубок.

1934. М.​Ф.​Рафальскі.

1938. Л.​П.​Александроўская, А.​К.​Ільінскі, У.​І.​Уладамірскі (Малейка).

1940. Дз.​А.​Арлоў, З.​А.​Васільева, Г.​П.​Глебаў (Сарокін), А.​М.​Ермалаеў, І.​Ф.​Ждановіч, П.​І.​Засецкі, П.​С.​Малчанаў, Е.​А.​Міровіч, Р.​В.​Млодак.

1941. Г.​Ю.​Грыгоніс.

1944. Г.​Б.​Абуховіч, Л.​Ф.​Аляксеева, А.​Дз.​Арсенка, І.​Р.​Балоцін (Балотны), В.​Я.​Галаўчынер, М.​І.​Дзянісаў, М.​П.​Звездачотаў, А.​В.​Нікалаева, Л.​І.​Ржэцкая, Ц.​М.​Сяргейчык. 1946. В.​У.​Галіна (Александроўская), Б.​В.​Платонаў, Л.​Р.​Рахленка.

1949. У.​І.​Дзядзюшка, В.​А.​Залатароў, В.​М.​Малькова, К.​М.​Саннікаў, М.​М.​Чуркін, Р.​Р.​Шырма.

1952. А.​Р.​Шэлег.

1953. М.​С.​Бялінская, А.​Ф.​Кістаў, В.​М.​Пола, А.​П.​Радзялоўская, Я.​К.​Цікоцкі, І.​Б.​Шаціла.

1954. М.​Дз.​Ворвулеў, С.​У.​Дрэчын, М.​А.​Зюванаў, Р.​А.​Качаткоў.

1955. М.​І.​Аладаў, С.​С.​Бірыла, В.​Ф.​Валчанецкая, С.​Ю.​Друкер, І.​І.​Жыновіч (Жыдовіч), Я.​А.​Карнавухаў, У.​У.​Корш-Саблін, К.​К.​Кудрашова, Л.​У.​Любімаў, Т.​М.​Ніжнікава, Б.​А.​Пакроўскі, І.​М.​Раеўскі, Л.​М.​Ражанава, І.​П.​Сайкоў, М.​М.​Сярдобаў, А.​М.​Трус, В.​Ф.​Фёдараў, Г.​І.​Цітовіч.

1956. Я.​М.​Палосін.

1957. Р.​М.​Кашэльнікава, С.​М.​Станюта.

1959. Л.​Ф.​Бражнік, С.​С.​Бульчык, А.​А.​Рыбальчанка, Ф.​І.​Шмакаў.

1961. З.​Ф.​Стома.

1963. Л.​І.​Галушкіна, А.​М.​Генералаў, А.​І.​Клімава, І.​Дз.​Сарокін, Г.​Б.​Шчарбакоў, Т.​І.​Шымко.

1964. З.​І.​Бабій, В.​І.​Глушакоў, Л.​У.​Голуб, В.​К.​Давыдаў, Н.​С.​Давыдзенка, Т.​М.​Каламійцава, А.​А.​Карзянкова, В.​І.​Крыкава, І.​М.​Савельева, Дз.​М.​Смоліч, С.​Л.​Талкачоў, В.​М.​Чарнабаеў, М.​К.​Шэхаў.

1966. В.​П.​Міронаў.

1967. З.​І.​Браварская, Г.​А.​Волкаў, Т.​П.​Заранок, Я.​М.​Кімберг, Г.​К.​Макарава, В.​П.​Тарасаў, Р.​І.​Янкоўскі, М.​М.​Яроменка.

1968. А.​В.​Багатыроў, А.​К.​Логінаў.

1970. У.​У.​Алоўнікаў, А.​А.​Астрамецкі, Я.​К.​Глебаўская, І.​С.​Папоў, Б.​М.​Пянчук.

1971. С.​П.​Данілюк, А.​П.​Кагадзееў, К.​М.​Малышава.

1972. З.​І.​Канапелька, І.​А.​Матусевіч.

1973. І.​Н.​Вейняровіч, Я.​А.​Глебаў.

1974. Г.​С.​Аўсяннікаў, Ю.​У.​Семяняка.

1975. Л.​Г.​Бржазоўская, Л.​М.​Давідовіч, В.​У.​Саркісьян.

1976. В.​Л.​Вуячыч, Г.​П.​Маркіна, А.​М.​Саўчанка.

1977. М.​М.​Бяльзацкая, С.​С.​Вуячыч, М.​Г.​Захарэвіч, Ю.​У.​Сідараў, С.​А.​Штэйн.

1978. В.​У.​Роўда.

1979. В.​М.​Елізар’еў, У.​А.​Куляшоў, А.​А.​Ляляўскі, У.​Г.​Мулявін, Ю.​А.​Траян, В.​Ц.​Тураў, В.​П.​Чацверыкоў.

1980. Н.​В.​Гайда, Г.​М.​Гарбук, Л.​Д.​Гарэлік, Л.​І.​Златава, П.​В.​Кармунін, Н.​М.​Паўлава, Ю.​Ф.​Ступакоў, І.​С.​Шыкунова.

1982. І.​М.​Лучанок.

1984. У.​Ц.​Камкоў, Т.​А.​Кокштыс, Я.​Ф.​Пятроў, Я.​П.​Шыпіла.

1985. З.​А.​Бандарэнка, І.​М.​Дабралюбаў.

1987. А.​М.​Вараб’ёў, М.​П.​Дрынеўскі, Я.​А.​Еўдакімаў, М.​А.​Казінец, Дз.​Б.​Смольскі.

1988. Г.​М.​Вагнер.

1989. В.​І.​Гаявая, П.​П.​Дубашынскі, А.​Л.​Мілаванаў, Ю.​І.​Шэфер.

1990. В.​Н.​Дашук, Г.​С.​Дубаў, Н.​А.​Карнеева, Г.​С.​Талкачова, М.​М.​Пташук, У.​С.​Экнадыёсаў, Ю.​М.​Яфімаў.

1991. С.​А.​Акружная, Г.​А.​Арлова, І.​А.​Душкевіч, Л.​К.​Каспорская, М.​У.​Пятроў, У.​М.​Яскевіч.

1992. У.​У.​Іваноў, В.​Ц.​Лебедзеў, Т.​М.​Яршова.

1993. А.​І.​Ярмоленка.

1994, В.​С.​Белахвосцік, М.​Я.​Фінберг.

1995. В.​М.​Клебановіч, Б.​І.​Луцэнка, Б.​А.​Масумян, В.​П.​Раінчык, В.​М.​Раеўскі.

1996. У.​В.​Гасцюхін, Л.​І.​Трушко, Э.​С.​Ханок.

1997. В.​М.​Мазур, В.​М.​Філатаў.

1998. І.​У.​Алоўнікаў, М.​І.​Берсан, Л.​К.​Захлеўны, В.​К.​Іваноў, П.​В.​Рыдзігер, А.​Л.​Ткачонак.

1999. Ю.​Г.​Бастрыкаў, Я.​П.​Гладкоў, В.​У.​Дудкевіч, Э.​Б.​Зарыцкі, С.​А.​Картэс, Л.​К.​Лаўрыновіч, А.​К.​Памазан, Н.​А.​Руднева, К.​Ю.​Фадзеева. (Пра кожнага гл. асобны арт.).

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цэнтр, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы. Бядуля. Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера. Шамякін. // Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Колас. Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык. Васілевіч.

3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы. «Звязда». // перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты. Бугаёў. — Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч. Рамановіч. // Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група. Скрыган.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.

5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай. Калачынскі. // У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр». «Маладосць».

6. Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.

7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота». Ленін.

8. Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.

•••

Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.

Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.

Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

[Лац. centrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),

расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.​Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.​Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.​Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.​Чарот, М.​Грамыка, А.​Куляшоў, П.​Броўка, М.​Лужанін, У.​Хадыка, П.​Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.​Міровіч і Л.​Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, П.​Макаля, С.​Гаўрусёва, У.​Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.​Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.​Дзяркач, М.​Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.​Лужанін, Р.​Лынькоў), Т.​Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.​Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.​Вітка і Р.​Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, В.​Жуковіч, К.​Крапіва, Куляшоў, Г.​Пашкоў, М.​Танк, У.​Шахавец, А.​Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1955—61;

Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг. М., 1978;

Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1940;

Выбр. творы. Мн., 1952;

Кім быць? Мн., 1932;

Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;

Дзецям. Мн., 1950;

Конь-агонь. Ми., 1955;

П’есы. Мн., 1985;

Уладзімір Ільіч Ленін. Мн., 1987.

Літ.:

Крученых А. Стихи Маяковского. Выпыт. СПб., 1914;

Денисова И.В. Революция — любовь: Новатор. принципы послеокт. лирики Маяковского. 2 изд. М., 1988;

Карабчиевский Ю.А. Воскресение Маяковского. М., 1990;

Михайлов А.А. Мир Маяковского. М., 1990;

Яго Ж. Точка пули в конце: Жизнь Маяковского. М., 1993;

Скорятин В.И. Тайна гибели Владимира Маяковского: Новая версия трагич. событий, основанная на последних находках в секретных архивах. М., 1998;

Маякоўская А.А. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага: З успамінаў маці: Пер. з рус. Мн., 1957;

Маякоўскі ў Беларусі. Мн., 1957;

Агіевіч У. Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзіі // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954;

Гниломедов В. «Издалека сегодня виден подвиг ваш...» // Дружба народов. 1983. № 7;

Кенька М. Яго перакладчыкі // Братэрства, 83. Мн., 1983.

У.​В.​Гніламёдаў (У.​Маякоўскі і Беларусь).

У.У.Маякоўскі.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,

1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.

Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.​Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.​Мерымэ, А.​Дзюма), ням. (Т.​Ман, Л.​Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.​Пушкін, Л.​Талстой, А.​М.​Талстой), польскай (Г.​Сянкевіч, Б.​Прус), укр. (Т.​Шаўчэнка, П.​Заграбельны, І.​Лэ) і інш. літаратур.

У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» М.​Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.​Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.​Гарэцкага).

У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.​Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.​Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.​Хурсік («Францішак Скарына»), М.​Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.​Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.​Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.​Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).

Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.​Лобана, «Петраград—Брэст» І.​Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.​Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.​Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.​Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.​Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.​Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.​Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.​Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац. гіст. паэмы «Хамуціус» А.​Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.​Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.​Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.​Петрашкевіча, «Прымак» І.​Чыгрынава, «Купала» А.​Дударава, «Татры» А.​Бажко, «Настасся Мякота» Я.​Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.​Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.​Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.​Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.​Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.​Чаропка («Храм без бога»), К.​Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.​Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.​Сяднёва, «Споведзь» Л.​Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.​Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.​Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.​Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.

2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.

Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.​Учэла, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.​Веранезе, Тыцыян, Я.​Тынтарэта). З 16 ст. гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.​Пусэна (Францыя), Д.​Веласкеса (Іспанія), П.​П.​Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.​Лебрэна (Францыя), Дж.​Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.​Зубава і І.​Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.​Л.​Давіда, А.​Гро і Ж.​Гудона (Францыя), А.​Ласенкі, Р.​Угрумава, І.​Мартаса (Расія), Дж.​Рэйналдса (Англія), Дж.​Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.​Гоі (Іспанія), Т.​Жэрыко, Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е (Францыя), А.​Рэтэля, К.​Лесінга (Германія), К.​Брулова, А.​Іванава (Расія), Я.​Матэйкі (Польшча), М.​Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.​Радэна, П.​Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), С.​Выспянскага, К.​Дунікоўскага (Польшча), І.​Мештравіча (Харватыя), М.​Несцерава, М.​Урубеля, М.​Рэрыха, А.​Бенуа, К.​Сомава, В.​Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.​Апсіта, В.​Васняцова, В.​Верашчагіна, М.​Ге, М.​Неўрава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, скульптура М.​Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.​Дзікса, Г.​Грундыга, Ф.​Крэмера, О.​Нагеля (Германія), П.​Пікасо, А.​Фужэрона (Францыя), Р.​Гутуза (Італія), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), А.​Забранскага, К.​Покарні (Чэхія), Н.​Тоніцы, Б.​Караджы (Румынія), С.​Русева, Э.​Баяджыева (Балгарыя), Дж.​Андраевіч-Куна (Сербія), Г.​Коса (Славенія), А.​Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.​Каварскага (Польша), Э.​Даманоўскага (Венгрыя), К.​Пятрова-Водкіна, К.​Юона, Б.​Кустодзіева, А.​Дайнекі, Б.​Іагансона, М.​Грэкава, Я.​Вучэціча, У.​Фаворскага (Расія), Д.​Рыверы, Х.​К.​Ароска, Д.​Сікейраса (Мексіка), У.​Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).

У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.​Скарыны і інш. У 17—18 ст. гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.​Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.​Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).

У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, К.​Альхімовіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, К.​Бароўскі, Я.​Траяноўскі, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў, А.​Ромер), графіцы (М.​Падалінскі, Т.​Кіслінг, М.​Андрыёлі, М.​Кулеша, Ф.​Дмахоўскі, А.​Гротгер), скульптуры (Г.​Дмахоўскі, Я.​Астроўскі).

У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.​Філіповіч, В.​Волкаў, І.​Ахрэмчык, Я.​Кругер, М.​Эндэ, У.​Хрусталёў, К.​Касмачоў, С.​Андруховіч, М.​Гусеў, Я.​Красоўскі, І.​Давідовіч, З.​Мірынгоф, П.​Сергіевіч, А.​Шаўчэнка, Х.​Ліўшыц, М.​Манасзон, А.​Мазалёў — у жывапісе; А.​Грубэ, А.​Бразер, М.​Манізер, А.​Бембель, М.​Керзін, З.​Азгур, А.​Глебаў, А.​Жораў — у скульптуры; І.​Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.​Зайцава, Г.​Бржазоўскага, Я.​Ціхановіча, З.​Паўлоўскага, А.​Шыбнёва, У.​Сухаверхава, І.​Стасевіча, Н.​Воранава, Ф.​Бараноўскага, А.​Гугеля, П.​Явіча, М.​Савіцкага, П.​Крахалёва, Л.​Рана, В.​Цвіркі, Л.​Асядоўскага, А.​Малішэўскага, У.​Стальмашонка, Б.​Аракчэева, Ф.​Дарашэвіча, І.​Белановіча, М.​Аўчыннікава, В.​Сахненкі, У.​Гоманава, М.​Данцыга, М.​Залознага (станковы жывапіс), Б.​Няпомняшчага, В.​Мігаль, І.​Рэя, У.​Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава, Азгура, А.​Анікейчыка, Г.​Мурамцава, У.​Слабодчыкава, М.​Канцавога, А.​Курачкіна, М.​Палякова (скульптура), А.​Кашкурэвіча, П.​Дурчына, С.​Геруса, А.​Дзямарына, Э.​Агуновіч, В.​Волкава, П.​Драчова, Р.​Маліноўскага, Л.​Асецкага, І.​Раманоўскага, Г.​Паплаўскага, С.​Раманава, Ю.​Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).

У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.​Кудрэвіч, П.​Сергіевіча, Л.​Дударанкі, А.​Марачкіна, Ф.​Янушкевіча, Г.​Вашчанкі, У.​Пасюкевіча, Л.​Шчамялёва, У.​Ткачэнкі, У.​Тоўсціка, А.​Цыркунова, У.​Мінейкі, І.​Бархаткова, Я.​Ждана, В.​Маркаўца, В.​Барабанцава, В.​Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.​Вакара, Л.​Гумілеўскага, Анікейчык, Э.​Астаф’ева, І.​Міско, М.​Рыжанкова, А.​Глебава, У.​Церабуна, В.​Янушкевіча, А.​Фінскага, А.​Шатэрніка (у скульптуры); Я.​Куліка, М.​Купавы, У. і М.​Басалыгаў, М.​Селешчука (у графіцы) і інш.

Л.​І.​Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.​І.​Цыбульскі М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Гістарычны жанр. Д.​Веласкес. Здача Брэды. 1634—35.
Да арт. Гістарычны жанр. Э.​Дэлакруа. Свабода, якая вядзе народ. 1830.
Да арт. Гістарычны жанр. А.​Апсіт. Ваенны савет у Дрысе 1 ліпеня 1812. 1912.
Да арт. Гістарычны жанр. В.​Сурыкаў. Раніца стралецкай кары. 1881.
Да арт. Гістарычны жанр. П.​Сергіевіч. Каліноўскі і Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. 1959.
Да арт. Гістарычны жанр. І.​Трутнеў. Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні.
Да арт. Гістарычны жанр. І.​Стасевіч. У беларускіх балотах. 1958.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)