ГОРНАКРЫ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (8—5 тыс. г. да н.э.) на тэр. Горнага Крыма (Украіна). Насельніцтва займалася паляваннем на высакародных аленяў, дзікоў і збіральніцтвам, жыло ў пячорах, а таксама на высокіх пласкагор’ях. Для ранняга этапу горнакрымскай культуры характэрны разцы, касцяныя вастрыі для стрэл і інш., у познім пераважалі крамянёвыя скрабкі, пласціны з рэтушшу, геаметрычныя мікраліты (трапецыі), гарпуны і дроцікі з косці і рогу. У пячорах выяўлены пахаванні — скурчаныя трупапалажэнні, пасыпаныя вохрай.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс. г. назад) на тэр. паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікралітыт.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана з імерэцінскай культурай.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГО́РЫНЫ,

археалагічныя помнікі (паселішча каменнага і могільнік бронзавага вякоў, гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі) каля в. Загорыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. У ніжнім гарызонце паселішча знойдзены мезалітычныя крамянёвыя прылады працы, мікраліты, зброя і кераміка позняга мезаліту і ранняга неаліту (7—4-е тыс. да н.э.), у верхнім — позняга неаліту і бронз. веку (3—2-е тыс. да н.э.). Выяўлены рэшткі неаліт. стаянкі і грунтавых пахаванняў культуры шнуравой керамікі Палесся. На гарадзішчы 12—13 ст. знойдзены рэшткі посуду і касцей чалавека.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн. Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн. Афрыцы і Усх. Іспаніі.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́ГІРЫ,

шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)