мяшча́нства, ‑а, н.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — гарадское саслоўе, якое складалася з рамеснікаў, гандляроў, ніжэйшых чыноў служачых і пад. // зб. Асобы, якія належалі да гэтага саслоўя; мяшчане.

2. перан. Погляды і паводзіны мешчаніна (у 2 знач.); абывацельшчына. [Горкі] бязлітасна выкрываў мяшчанства, рэакцыйную буржуазную ідэалогію. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мешчані́н, ‑а; мн. мяшчане, мяшчан; м.

1. Асоба, якая належала да мяшчанскага саслоўя. Па суседству з тым сталом, за які селі Стась і Андрэй, прымасціліся два чалавекі, з выгляду мешчанін і селянін. Колас.

2. перан. Чалавек з дробнаўласніцкімі інтарэсамі, вузкім кругаглядам; абывацель. Алеся пакахала нявартага яе чалавека, мешчаніна. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУНІ́ЧНІКІ,

у ВКЛ у 15—17 ст. назва людзей, якія бралі ў арэнду ворную зямлю і інш. ўгоддзі за пэўную плату — куніцу. К. выступалі сяляне, мяшчане, баяры, зямяне, татары і інш. Найб. К было ў Жамойці.

В.С.Пазднякоў.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мешчані́н, мяшча́нка, мяшча́не ’карэнны жыхар мястэчка, местачковец’, ’прадстаўнік мяшчанскага саслоўя’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Янк. 2, Сцяц.), смал. ’анучнік’, ст.-бел. мещанинъ, мещанка, предмещанинъ (XV ст.). Са ст.-польск. mieszczanin, mieszczanek ’гараджанін’ (Булыка, Лекс. запазыч., 202; Кохман, 86). Значэнне ’абывацель’ бел. лексема атрымала ў савецкі перыяд з рус. мещанин ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 151), якое прыйшло ў рус. мову ў XVIII ст. (Фасмер, 2, 616) з бел. (Козыраў, Бел.-рус. ізал., 59). На Палессі ў значэнні ’абывацель’ ужываецца мешчанчу́к (ТС; драг., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЦЁМ

(сапр. Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),

рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева).

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1835—1914 у г. Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў з жн. 1940 да чэрв. 1941 у Брэсце. Створаны з выпускнікоў Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (маст. кіраўнік курса М.Тарханаў). Адкрыўся ў снежні спектаклем «Любоў Яравая» К.Транёва. Маст. кіраўнік т-ра Б.Кульнёў, рэж. В.Старасціна. Спектаклі вызначаліся высокапрафесійнай рэжысурай, акцёрскім ансамблем, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў: «Мяшчане» М.Горкага, «Небяспечны паварот» Дж.Б.Прыстлі. У 1941 пастаўлены «Слава» В.Гусева, «Самадуры» К.Гальдоні, працавалі над гіст. драмай «Мсціслаў Удалы» І.Прута.

Р.Б.Смольскі.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНКАЎ Васіль Віктаравіч

(25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦКІ СУД,

прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж. гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,

адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.

Т.І.Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)