МА́СЛЕНІЦА.

масленка, старажытнае перадвеснавое свята ў слав. народаў. Звязана з культам прыроды, адраджэннем пладаносных сіл зямлі, ушанаваннем продкаў, павінна была паскорыць вясну, забяспечыць дастатак і багаты ўраджай. М. прыпадала на 8-ы тыдзень перад Вялікаднем. На М. забаранялася есці мяса, яго замянялі бліны — сімвал сонца, надыходу вясны. На Беларусі святкаванне М. пачыналася ў чацвер, на Уласа; у пятніцу праводзілі бяседныя застоллі, у нядзелю — развітальныя, прабачальныя бяседы. На М. адведвалі бабку-павітуху, вадзілі па вёсцы маладзіцу, што выйшла замуж у апошні мясаед, халасцякам і незамужнім дзяўчатам прывешвалі да нагі калодкі, дзяўчаты і хлопцы гойдаліся на варотах у гумне і на арэлях (каб доўгім рос лён), рабілі і запальвалі кола, спальвалі сімвалічную антрапаморфную выяву холаду-зімы — саламяную ляльку або імітавалі «пахаванне» М. з «папом» і «галашэннямі», спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды, жартавалі, пачыналі «гукаць вясну». М. заканчвалася «запускамі» на малако і малочныя стравы. Традыцыі М. захаваліся ў сучасным святкаванні праводзін зімы. У краінах Зах. Еўропы М. адпавядаў карнавал.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, [ч.] 1. С. 137—141;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд. Мн., 1998.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мя́са, мя́со, мʼя́со, мʼя́са, мне́со ’туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак’, ’мышцы цела рыб’, ’мышца’, ’мякаць, мяздра пладоў і ягад’ (ТСБМ, Яруш., Жд. 1, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; зэльв., Жыв. сл.; в.-дзв., Шатал.), мʼя́со ’слёзная залозка ў воку’ (Дразд.). Укр. мʼясо, мнясо, рус. мясо, польск. mięso, каш. mjąso, палаб. mąsi < męsьje, н.-луж. měso, в.-луж. mjaso, чэш. maso, славац. mäso, славен. mesȏ, серб.-харв. ме̑со, макед. месо́, балг. месо́, ст.-слав. мѧсо ’мяса’. Прасл. męso роднаснае да ст.-прус. mensā (або без устаўнога ‑n‑: літ. mėsà, meisa, лат. misa, mięsa, ст.-інд. māṁsám, máms, māḥ, алб. mish, арм. mis ’тс’, тахар. B misa. І.‑е. mē(m)so‑ (Бернекер, 2, 43–44; Траўтман, 178–179; Фрэнкель, 427–428; Покарны, 725; Фасмер, 3, 30–31; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 759). Сюды ж мясае́д, мясае́дніца ’перыяд ад каляд да масленіцы, калі дазваляецца (паводле законаў праваслаўнай царквы) есці мяса’ (ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл.) — параўн. серб.-харв. месојеђе, ст.-славен. mesojeja, мясі́ва ’мясная страва’ (Нас.), мясюга ’мяса добрай якасці’ (капыл., Жыв. сл.), меся́ны ’мясісты’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)