чалавеказна́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да чалавеказнаўства, грунтуецца на чалавеказнаўстве. Аўтары лепшых твораў канца 20‑х — пачатку 30‑х гадоў, у тым ліку і Баранавых, умелі ў шматгалоссі рэчаіснасці адшукаць галоўнае, адшукаць чалавеказнаўчы пласт — той, на якім толькі і можа вырастаць сапраўдная, эстэтычна даўгавечная літаратура. Мушынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эро́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Павышаная пачуццёвасць, пачуццёвы элемент у чым‑н. Варта адзначыць, што пра інтымныя ўзаемаадносіны герояў Баранавых расказвае стрымана, тактоўна, з пачуццём меры, як і ўласціва сапраўднаму мастаку, — без эротыкі і грубай пачуццёвасці. Мушынскі.

2. зб. Творы мастацтва і літаратуры, насычаныя пачуццёвасцю, прысвечаныя апісанню яе.

[Грэч. érōs, érōtos — любоў, каханне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыма́т, ‑у, М ‑маце, м.

Кніжн. Перавага, найважнейшае значэнне; першаснасць. У поглядах на літаратуру М. Піятуховіч выходзіў з сацыялагічнага разумення творчай дзейнасці мастака, з прымату сацыяльна-эканамічных, гістарычных фактараў. Мушынскі. Загаловак «Песня кулікоў» на першы погляд аддае прымат мары над рэальнасцю. У. Калеснік. З Драздом пайшла Варона на заклад, Што лепш спяе, што лепшы голас мае, Што першы прыз бясспрэчна атрымае, Бо тут, маўляў, яе прымат. Валасевіч.

[Ад лац. primatus — першае месца, старшынство.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спро́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спрасціць.

2. у знач. прым. Больш просты; прасцей, чым раней. Спрошчаная арфаграфія. Спрошчаны механізм.

3. у знач. прым. Недастаткова глыбокі, прымітыўны. Бясспрэчна адно: дзіцячы пісьменнік не мае права даваць чытачу спрошчанае ўяўленне аб жыцці, ён павінен умець проста і зразумела гаварыць аб складаным. Шкраба. Спрошчаны фінал у пэўнай меры перашкодзіў твору стаць цэласным, унутрана завершаным. Мушынскі.

4. у знач. прым. Разм. Вызвалены ад патрабаванняў маралі; празмерна вольны. Спрошчаныя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛІТАРАТУ́РНАЯ КРЫ́ТЫКА,

ацэнка і вытлумачэнне літ.-мастацкіх твораў; адзін з відаў літ. творчасці; самасвядомасць л-ры ў яе адносінах да мастака і чытача. Развіваецца ў пэўных межах часу і прасторы, у межах вымыслу і рэальнасці, умоўнага і безумоўнага. Л.к. — састаўная частка літаратуразнаўства і ў той жа час мае агульныя рысы з маст. творчасцю і публіцыстыкай. Асвятляе бягучы літаратурны працэс, ацэньвае і тлумачыць творчасць асобных пісьменнікаў, выяўляе і сцвярджае творчыя прынцыпы таго ці іншага літ. кірунку, арыентуе чытача, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л.к. цесна звязана з жыццём, грамадскім рухам, філас. і эстэт. ідэямі свайго часу, актыўна ўплывае на развіццё л-ры і маст. густу. Яна мае розныя жанравыя структуры (рэцэнзія, кароткі водгук, праблемны, дыскусійны, аглядны і інш. тыпу артыкулы, эсэ, памфлет, творчы партрэт і інш.), якія ў залежнасці ад месца, часу і задач сац. і маст. развіцця арганізуюцца ў дынамічныя сістэмы са сваімі сэнсавымі і формаўтваральнымі прынцыпамі. Пра развіццё Л.к. на Беларусі гл. ў арт. Літаратуразнаўства.

М.​І.​Мушынскі.

т. 9, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЫБУ́ЦЫЯ,

1) устанаўленне аўтарства непадпісанага або псеўданімнага літ., навук., маст. твора, вызначэнне яго прыналежнасці да пэўнага гіст. часу, нац. школы; адна з важных праблем тэксталогіі і мастацтвазнаўства. У літаратуразнаўстве вял. роля адводзіцца атрыбуцыі помнікаў стараж. пісьменства, якія распаўсюджваліся пераважна ананімна, і атрыбуцыі твораў бесцэнзурнай л-ры. Для бел. літ.-знаўства атрыбуцыя мае асаблівае значэнне ў сувязі са спецыфічнымі ўмовамі развіцця л-ры ў дасав. перыяд (афіцыйная забарона друкавання кніг на бел. мове, малалікасць нац. перыёдыкі, рукапіснае і вуснае бытаванне многіх твораў ці ананімнасць выданняў). Асн. кірункі навук. атрыбуцыі: аналіз дакумент. матэрыялаў (аўтографаў, перапіскі, дзённікаў, мемуараў аўтара і яго сучаснікаў); супастаўленне ідэйна-вобразнага зместу твора з ідэйнай пазіцыяй магчымага аўтара; аналіз мовы і стылю тэксту. Побач з тэрмінам «атрыбуцыя» ў навуцы карыстаюцца таксама тэрмінам эўрыстыка.

М.​І.​Мушынскі.

2) У археалогіі атрыбуцыя — выяўленне асноўных, істотных, вызначальных уласцівасцяў, прыкмет аб’екта даследавання, без якіх ён траціць сэнсавую нагрузку. Пры археал. і гіст. даследаваннях атрыбуцыю праводзяць з дапамогай параўнальна-гістарычнага, параўнальна-тыпалагічнага і інш. метадаў. Высвятленне атрыбутыўных рысаў патрабуе гіст. падыходу. У археалогіі выкарыстоўваецца атрыбуцыя стараж. рэчаў, археал. помнікаў, комплексаў, культур. Найвышэйшай ступені дасягае атрыбуцыя этнічнай прыналежнасці гіст. помнікаў, калі археал. крыніцы ператвараюцца ў гіст. факты і з’яўляецца магчымасць вывучаць гісторыю пэўнага этнасу (племянной групы, народнасці, нацыі).

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

плынь, ‑і, ж.

1. Рух вады ў рэчышчы, а таксама сама вада, якая цячэ. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Краўчанка. Першае, што ўбачыў Коля, гэта халодны бляск нешырокай воднай плыні, сціснутай з абодвух бакоў лёдам. Шыловіч. / Аб рухомых патоках паветра. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны.

2. Мноства, маса каго‑, чаго‑н., якая рухаецца ў адным напрамку. Людская плынь. □ Уперадзе войск няспыннай плынню ішлі абозы бежанцаў. Лобан.

3. перан. Літаратурна-мастацкі або грамадска-палітычны напрамак. А. Бабарэка ў сучаснай яму літаратуры бачыў дзве плыні, два напрамкі. Мушынскі.

•••

Падводная плынь — нешта тайнае, што не відаць адразу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр. Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкідарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.​Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.​Гашака, ч. 1, 1931).

Тв.:

36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.

Літ.:

Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;

Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.

М.​І.​Мушынскі.

М.Зарэцкі.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прадстаўні́к, ‑а, м.

1. Асоба, якая прадстаўляе чые‑н. інтарэсы, дзейнічае па даручэнню або ад імя каго‑н. Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўніка Штаба партызанскага руху з Масквы. Карпюк. // Службовая асоба, якая прадстаўляе сабой інтарэсы якой‑н. дзяржавы. Дыпламатычны прадстаўнік.

2. Чалавек, які прадстаўляе сабой пэўную групу людзей або якую‑н. галіну дзейнасці, выразнік чыіх‑н. інтарэсаў. І гэтая пераклічка прадстаўніка старэйшага пакалення бальшавікоў з самым юным пакаленнем гучэла як клятва. Якімовіч. І. Замоцін, прадстаўнік старой акадэмічнай навукі, у новых сацыяльна-грамадскіх умовах здолеў зразумець сутнасць ленінскага вучэння аб культурнай спадчыне. Мушынскі.

3. Узор, экземпляр якога‑н. разраду жывёл, раслін і пад. Усурыйскі янот з’яўляецца адзіным прадстаўніком сямейства сабак, які на ўвесь зімовы час кладзецца спаць у нару, як мядзведзь ці барсук. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скараспе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка дасягае спеласці (пра расліны, плады, сельскагаспадарчую жывёлу). Скараспелая парода жывёлы. □ Вясковыя бабы ўжо спрабавалі мацаць на гародах скараспелую бульбу. Чыгрынаў. Побач з нашымі мясцовымі пародамі — дубам, сасной, ялінай, скараспелай асінай — лістоўніца павінна заняць ганаровае месца. Мяжэвіч. // Які мае адносіны да развядзення хутка паспяваючых парод, сартоў. Скараспелая мясная жывёлагадоўля.

2. перан. Разм., часцей іран. Які рана і без належнай падрыхтоўкі выступіў на якой‑н. ніве дзейнасці. Скараспелы паэт.

3. перан. Разм. Занадта хутка зроблены, атрыманы; паспешны, неабдуманы. І. Замоцін не прызнаваў скараспелых метадалагічных і тэарэтычных канцэпцый. Мушынскі. Памятай: нішто так не губіць чалавека, як скараспелая слава! Шашкоў. Пасля гаворкі з Паўлам Квітуном Міхаль цвёрда надумаў ажаніцца з Любай, але ўжо назаўтра рашэнне гэтае здалося яму вельмі скараспелым. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)