чужазе́мны, ‑ая, ‑ае.

З чужой краіны, з чужых зямель; іншаземны. Самаахвярным барацьбітам з чужаземнымі захопнікамі людзі аддавалі апошні акраец хлеба, апошнюю чыстую кашулю. Паслядовіч. Чыталі мсціўцы Пушкіна радкі Аб тым, як нашы продкі пад Палтавай Грамілі чужаземныя палкі. Аўрамчык. // Замежны, не мясцовы. Бледны твар. Чужаземны акцэнт. Выраз вуснаў сухі і тонкі. Цьмяна бліскаюць на руцэ Тройчы вылінялыя пярсцёнкі. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕЙНЯРО́ВІЧ Іосіф Навумавіч (н. 28.11.1909, Мінск),

бел. кінааператар і рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял. Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.

Літ.:

Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973.

Р.​З.​Ясінскі.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Котовец» (газ., партыз. брыгада «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага) 8/15

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп. Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам. нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).

Тв.:

Тайными тропами. Мн., 1974.

М.​П.​Клімец.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТУ́Н Уладзімір Міхайлавіч (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.​Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.​Мулявіна (1980), Я.​Купалы (1984), П.​І.​Гучка (1994), А.​Я.​Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Лятун, П.​Белавусаў, В.​Бялянкін, М.​Мызнікаў, Б.​Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ («Юныя мсціўцы») у Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з пач. 1942 да жн. 1943 у Сіроцінскім р-не Віцебскай вобл. Створана па ініцыятыве Сіроцінскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ з моладзі пас. Обаль, вёсак Зуі, Масцішча, Ушалы і Ферма. Мела 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую і Ушальскую (каля 40 чал.). Узначальваў падполле камсам. к-т (сакратар Е.С.Зянькова). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, разведданыя пра размяшчэнне варожых войск, рух эшалонаў, забяспечвалі партыз. разведчыкаў дакументамі, учынілі 21 дыверсію (спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, эшалон з боепрыпасамі і інш.). У 1942—43 гітлераўцы арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі амаль усё кіраўніцтва арг-цыі і многіх падпольшчыкаў; пазбегшыя арышту пайшлі ў партызаны. Зяньковай і З.М.Партновай прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У гонар арг-цыі ў Обалі пастаўлены помнік, створаны Обальскага камсамольскага падполля музей.

Р.​А.​Чарнаглазава.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАДАРО́ЖСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 у Старадарожскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам камандавання партыз. атрада «Народныя мсціўцы» (з чэрв. 1942) і Старадарожскага райкома КП(б)Б (з сак. 1943). Складалася з 8 груп (150 чал.): у г. Старыя Дарогі (кіраўнікі М.​Н.​Белы, В.​І.​Цераховіч, А.​І.​Шуба), вёсках Горкі (М.​К.​Ільінчык), Залужжа (І.​І.​Рабцаў, А.​Я.​Шчыткавец), Навасёлкі (П.​К.​Грынкевіч, В.​Я.​Мельнік, Р.​І.​Ручан), Пад’яменец (С.​М.​Раманчук), Слабодка (І.​І.​Жукавец), Солан (С.​Ю.​Доўнар, М.​А.​Коршун), Урбанаўка (У.​І.​Івашка, В.​Ф.​Кнарус). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю і боепрыпасы, медыкаменты, пісчую паперу, прадукты харчавання, адзенне, бланкі дакументаў акупац. улад, разведданыя пра ўзбраенне ням. гарнізонаў, перамяшчэнні войск і ваен. грузаў ворага, яго карныя аперацыі, учынялі дыверсіі, уцёкі сав. ваеннапалонных. На працягу 1942—43 большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, да падыходу Чырв. Арміі дзейнічалі групы ў Навасёлках і Старых Дарогах. За час дзейнасці загінулі 12 падпольшчыкаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

Ю.​А.​Капіца.

т. 15, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЕ́ЎСКІ Дзмітрый Барысавіч (30.12.1904, С.-Пецярбург — 14.2.1987),

рускі кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Нар. арт. СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Правадз. чл. АПН СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1970). Чл.-кар. Германскай АМ (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кампазіцыі (1929, кл. М.Мяскоўскага) і фп. (1930, кл. А.Гальдэнвейзера), у 1932—80 выкладаў у ёй (праф. з 1939). Музыка К. адметная аптымізмам, жыццесцвярджальным пафасам. Зрабіў значны ўклад у музыку для дзяцей і юнацтва, у развіццё муз. т-ра. Сярод тв.: оперы «Кала Бруньён» (паводле Р.​Ралана, 1938, 2-я рэд. 1968, паст. 1970), «У агні» (1943), «Сям’я Тараса» (паст. 1950), «Мікіта Вяршынін» (1955), «Сёстры» (1969); аперэта «Вясна спявае» (1957); вак.-сімф. сюіта «Народныя мсціўцы» (1942), кантата «Песня раніцы, вясны і міру» (1958), «Рэквіем» на сл. Р.​Раждзественскага (1963), 4 сімфоніі; канцэрты для фп. (3), скрыпкі (1), віяланчэлі (2) з арк.; для фп. санаты (3), 24 прэлюдыі, ронда, дзіцячыя п’есы; для голасу з фп. — 10 санетаў Шэкспіра, рамансы, песні; музыка да драм. і радыёспектакляў, да кінафільмаў. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951, 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1966. Ганаровы чл. Міжнар. муз. савета (1984).

Літ. тв.: Избр. статьи о музыке. М., 1963; Педагогические размышления. М., 1986; Как рассказывать детям о музыке? 3 изд. М., 1989.

Літ.:

Михеева Л.В. Д.​Б.​Кабалевский. Л., 1977;

Пожидаев Г.А. Д.​Б.​Кабалевский. 4 изд. М., 1987.

Дз.Б.Кабалеўскі.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЕ́Ц,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка — Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад г. Вілейка, 111 км ад Мінска, 1 км ад чыг. раз’езда Куранец. 1115 ж., 473 двары (1998).

У пісьмовых крыніцах з 1519 упамінаецца як мястэчка ВКЛ, у 1665 горад. У 1539 пабудавана царква, у 1665 — касцёл. У 19 ст. заможнае гандл. мястэчка. У 1887—1765 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Віленскай губ., валасная ўправа, 2 царквы, царк.-прыходская школа, 2368 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага, з 1925 Віленскага ваяводстваў. З вер. 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Куранецкага раёна. З 12.10.1940 гар. пасёлак, цэнтр сельсавета. З 25.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія часткова спалілі К., стварылі тут лагер сав. ваеннапалонных, знішчылі каля 1,3 тыс. чал. Дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле. У ноч на 1.10.1943 партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага разграмілі ў К. варожы гарнізон. З 1946 у Вілейскім р-не, з 1954 вёска. У 1972—1427 ж., 446 двароў.

Лесацэх Вілейскага дрэваапр. камбіната, кандытарскі цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ўдзельнікаў паўстання 1863—64. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.).

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФРЫЦ»

(«Fritz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «Спартак», «За Радзіму», Ф.​Шляхтунова, імя Варашылава, імя Гастэлы, імя Жукава, імя Ракасоўскага, асобных атрадаў брыгад «Жалязняк», «Народныя мсціўцы», імя С.​Кароткіна, спец. атрада «Сокал» і мясц. насельніцтва ў Браслаўскім, Відзскім, Глыбоцкім, Дунілавіцкім, Міёрскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім р-нах Вілейскай вобл. ў вер.—кастр. 1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі баявых груп з ням. паліцэйскіх палкоў і батальёнаў, спец. танк., артыл., авіяц. падраздзяленняў, часцей пагран. аховы ген. акруг Беларусь, Латвія, Літва. 24 вер. карнікі пачалі акружаць тэрыторыю па лініі: воз. Дрысвяты — усх. бераг воз. Аболе — зах. бераг воз. Богінскае — в. Казяны — усх. бераг воз. Вял. Швакшта — в. Занарач — Чарэмшыцы—Крывічы—Параф’янава — г. Глыбокае — в. Ручай — Наўгароды—Міёры—г.п. Друя — воз. Дрысвяты. Пераўзыходзячыя сілы праціўніка вымусілі партызан адысці; пры адступленні яны мініравалі дарогі, вялі засадныя баі, у некалькіх месцах прарвалі акружэнне і выйшлі ў суседнія раёны за чыг. Полацк—Маладзечна. У канцы кастр.—пач. ліст. партызаны вярнуліся на ранейшыя месцы дыслакацыі. За час аперацыі, паводле няпоўных звестак, карнікі загубілі 509 мясц. жыхароў, вывезлі ў Германію 12 тыс. чал., у т. л. 1708 дзяцей, спалілі 87 вёсак у Браслаўскім, Пастаўскім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім р-нах; захапілі 35 тыс. галоў жывёлы, 1608 ц збожжа, 4104 ц бульбы, 1111 ц сена, саломы і агародніны. Гітлераўскае камандаванне карную аперацыю «Ф.» прыраўноўвала да вял. баявой аперацыі на фронце і яе ўдзельнікам выплаціла «франтавыя» і ўзнагароды «за ўдзел у баях».

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 608—609.

В.​С.​Лабезнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)