ДАФАМІ́Н, 3,4-дыоксіфенілэтыламін,

медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАМІ́Н,

C5H9N3, тканкавы гармон мясц. ўздзеяння, медыятар нерв. сістэмы, біягенны амін. Ёсць у значнай колькасці ў неактыўнай звязанай форме ў тлустых клетках розных органаў і тканак жывёл і чалавека (лёгкіх, печані, скуры), а таксама базафілах крыві. Утвараецца ў выніку дэкарбаксіліравання гістыдзіну. Пры ўзаемадзеянні антыгену (алергена) з малекуламі імунаглабулінаў, звязаных з тлустымі клеткамі, адбываецца вызваленне з клетак сакраторных пузыркоў, у якіх ёсць гістамін, што можа з’яўляцца прычынай алергічных рэакцый арганізма. Гістамін выступае ў ролі сігнальнай малекулы, як хімічны медыятар выклікае расшырэнне крывяносных капіляраў і павышэнне іх пранікальнасці, звужэнне буйных сасудаў, скарачэнне гладкай мускулатуры, рэзка павялічвае сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТР (ад грэч. plēktron),

медыятар, прыстасаванне для гуказдабывання на некат. струнных шчыпковых муз. інструментах (цытры, мандаліне, домры і інш.). Звычайна касцяная, пластмасавая або метал. пласцінка, гусінае пяро ці кальцо з «кіпцюром», якое надзяваюць на палец.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пле́ктармедыятар да мандаліны’ (Інстр. 3). Праз рускую (плектр) ці польскую (plektr — гл. Варш. сл., 3, 66, цяпер — pleklron, SWO, 1980) мовы з с.-лац. plēclrum ’палачка, якой ударалі па струнах кіфары ці ліры’ < ст.-грэч. πλῆκτρον ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

плектр

(гр. plektron)

медыятар для ігры на струнных шчыпковых музычных інструментах (цытры, мандаліне, домры і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ацэтылхалі́н

(ад ацэтыл + халін)

арганічнае злучэнне, воцатнакіслы эфір халіну, бясколерны крышталічны прадукт, выкарыстоўваецца ў медыцыне як медыятар 3.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла),

нервовая клетка, нейрацыт, асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв. трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.

А.​С.​Леанцюк.

Нейрон: 1 — цела клеткі; 2 — дэндрыт; 3 — аксон.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)