Масці́ць ’рабіць насціл з дошак, бярвенняў (у мосце, падлозе)’, ’старанна ўкладваць, высцілаць’, ’брукаваць’, ’слаць пасцель’, ’рабіць сядзенне ў возе’, ’віць гняздо’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Мат. Гом.; КЭС, лаг.), ’рабіць кладку’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’рабіць падлогу з грунту (дзёрну, пяску)’ (ТС); масці́цца ’падсядаць’ (Шат., Нас.), ’ладзіцца, рыхтавацца’ (КЭС, лаг.), ’заляцацца’ (ігн., Сл. ПЗБ); масці́шча ’памост’ (красл., Сл. ПЗБ), масці́шчэ ’балотца за дварамі, да якога вялі масты праз ручай’ (Янк. 2), масці́шча, машчы́шча, маставі́шча, мастоўе ’места, дзе быў мост і грэбля’ (слаўг., Яшк.). Укр. мостити(ся), мостище, рус. мостить(ся) ’тс’, ст.-рус. мостити ’насцілаць мост, рабіць гаць, падлогу’, мостище ’месца, дзе быў мост ці гаць’. Да прасл. mostiti. Гл. мост.

*Масці́ць2, драг. умостэ́тэ, намостэ́тэ ў бо́ке ’накласці грымакоў, адлупцаваць, старанна біць’ (КЭС), мостыты ’знеслаўляць’ (З нар. сл.). Народная этымалогія злучае з масціць, аднак параўн. ст.-грэч. μαστίω ’біць хвастом аб свае бакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАСЦЮ́К (Міхаіл Паўлавіч) (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Акад. Нац. АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д-р гіст. н. (1980), праф. (1987). Правадз. чл. Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АН БССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).

Тв.:

Идейно-политическое воспитание крестьянства. Мн., 1979;

Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986;

Социалистические ценности труженихов села: История, современность, перспективы. Мн., 1989;

«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;

Сталіншчына і Беларусь // Бел. гіст. часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.

М.П.Касцюк.

т. 8, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маладзечна. Уключае: г.п. Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн. ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас. р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., ​1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» з філіялам літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал.19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)