МАЛЬТЫ́ЙСКІ О́РДЭН,
назва ордэна Іаанітаў з 1530, калі ён быў пераведзены на в-аў Мальта ў Міжземным м.
т. 10, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТЫ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,
група астравоў у цэнтр. ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км. На астравах дзяржава Мальта.
т. 10, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТЫ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,
у Міжземным м., паміж а-вамі Мальта і Сіцылія. Шыр. 93 км, глыб. ў цэнтр. ч. 100—150 м. Цячэнні накіраваны на У, іх скорасць каля 1 км/гадз. Порт — г. Валета (сталіца Мальты).
т. 10, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.
Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англа-франц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.
т. 1, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́ТА (Valletta),
горад, сталіца Мальты. На паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Мальта. Засн. ў 1560-я г. 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт Лука. Суднабудаванне і суднарамонт, харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая прам-сць. Рыбалоўства. Ун-т (з 1592). Музеі (Зброевая палата — узбраенне і даспехі рыцараў Мальтыйскага ордэна, Маст. галерэя). Нац. б-ка. Тэатр. Арх. помнікі 16—18 ст. Горад з’яўляецца сусв. помнікам культуры.
т. 3, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),
савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-р гіст. н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш. стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;
Восстановление лица по черепу. М., 1955;
Люди каменного века. М., 1964.
т. 5, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,
ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).
У.С.Кошалеў.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІААНІ́ТЫ,
члены рыцарскага ордэна, заснаванага крыжаносцамі ў Палесціне ў пач. 12 ст. І. называюцца таксама гаспітальерамі, ад іерусалімскага шпіталя св. Іаана (дома для паломнікаў) — першай рэзідэнцыі ордэна. Статут І. зацверджаны папам рымскім у 1113. І. абслугоўвалі крыжаносцаў і паломнікаў, неслі ваен. службу. У 12—13 ст. ордэн уяўляў магутную ваенна-паліт. сілу, меў падраздзяленні ў многіх краінах свету. У канцы 13 ст. крыжаносцы былі выцеснены з Усходу. У 1291 І. перасяліліся на Кіпр, у пач. 14 ст. — на в-аў Родас (адсюль назва радоскія рыцары), у 1530 — на в-аў Мальта (Мальтыйскі ордэн). У канцы 18 ст. ордэн страціў свой уплыў і магутнасць. У 1834 рэзідэнцыя І. перанесена ў Рым. Арганізацыі І. існуюць у Англіі, Германіі, Швейцарыі, Швецыі і інш. (каля 8 тыс. чал., пераважна арыстакратаў). У Бубіконе (Швейцарыя) існуе адзін з прапагандысцкіх цэнтраў І. — Рыцарскі дом (музей).
Т.І.Адула.
т. 7, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,
паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс. чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там 1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.
т. 6, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).
Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.
І.М.Таніева.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)