МАР’ІНАГО́РСКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да студз. 1944 у г.п. Мар’іна Горка Мінскай вобл., з жн. 1942 пад кіраўніцтвам Пухавіцкага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 29 чал. (кіраўнікі В.​І.​Варывончык, з снеж. 1942 Г.​А.​Мазанік). Мела сувязь з Мінскім патрыят. падполлем, 2-й Мінскай партыз. брыгадай, атрадамі «Буравеснік», «Сокал», імя Сталіна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, радыёпрыёмнікі, медыкаменты, звесткі пра Дыслакацыю войск ворага, перасоўную электрастанцыю, пішучыя машынкі, графік руху цягнікоў праз ст. Пухавічы; узарвалі мост, майстэрню па рамонце ваен. тэхнікі, замініравалі электрастанцыю. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінулі 8 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп. арг-цыя (кіраўнікі груп Г.​К.​Баннікаў, Л.​В.​Папова, Б.​М.​Пікус, М.​А.​Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар. парт. к-та створана 2-я падп. арг-цыя на чале з У.​А.​Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРА́ЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1942 да ліп. 1944 у в. Азяраўцы і суседніх вёсках Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 26 чал., падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Жукава, вяло развед. работу ў ням. гарнізонах Даўгаўпілса, Вільнюса, праводзіла дыверсіі.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́ДЗЕНСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з чэрв. 1941 да ліп. 1944 у в. Блудзень (э 1964 Першамайская) Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Падпольшчыкі (21 чал.) распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, разведданыя, выводзілі са строю цягнікі на чыг. ст. Бяроза-Картузская. 13 падпольшчыкаў загінулі.

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.​Г.​Амельчанка, С.​П.​Шмуглеўскі, Я.​У.​Вільсоўскі, Л.​К.​Букацік, В.​Ф.​Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг. мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.

Да арт. Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Помнік асінторфскім падпольшчыкам.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.​Я.​Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—43 на тэр. Мотальскага с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Аб’ядноўвала больш за 60 чал. (кіраўнік І.​М.​Калілец). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі зброю і боепрыпасы, учынялі дыверсіі, у т. л. ў канцы жн. 1941 разграмілі Мотальскую гміну, у маі 1942 сарвалі вываз моладзі на работы ў Германію. Летам 1942 частка падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, удзельнічала ў стварэнні партыз. атрада. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 12 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПО́ЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала ў жн. 1941 — ліп. 1944 у в. Заполле Ружанскага р-на

(цяпер Пружанскі р-н) Брэсцкай вобл. пад кіраўніцтвам Ружанскіх антыфаш. к-та і падп. райкома ЛКСМБ (з жн. 1943). У 1942 налічвала 16 чал. Сакратары: Я.​І.​Гардзей (да чэрв. 1943),

У.​І.​Прадко (да жн. 1943), І.​М.​Маньчык (да ліп. 1944). Падпольшчыкі здабывалі зброю і боепрыпасы для партызан, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі, са здабытых шрыфтоў у 1942 абсталявалі друкарню. У в. Заполле ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗЯ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — крас. 1942 у вёсках Нізяны і Паўлаўшчына Поразаўскага (цяпер Ваўкавыскага) р-на. Аб’ядноўвала 12 чал. (кіраўнік М.​І.​Амшэй). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, 7.11.1941 у гадавіну Кастр. рэвалюцыі вывесілі чырв. сцягі ў Нізянах і інш. вёсках, псавалі тэлеф. сувязь акупантаў, ратавалі сав. ваеннапалонных, збіралі і перадавалі партызанам зброю, прадукты харчавання, медыкаменты, адзенне. 29.4.1942 фашысты арыштавалі і пасля катаванняў у чэрв. расстралялі падпольшчыкаў. У Ваўкавыску на іх магіле, у в. Нізяны ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнікі.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з вер. 1941 да ліп. 1944 у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім р-нах Гродзенскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала больш за 30 чал., 2 групы: у в. Явар (20 чал., кіраўнікі С.​І.​Белы, Б.​І.​Белы), в. Зачэпічы (М.​П.​Сніціч, Н.​П.​Сніціч). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты; вясной 1942 пашкодзілі тэлеф. сувязь паміж вёскамі Нясілавічы і Гезгалы; здабылі звесткі пра размяшчэнне варожага гарнізона ў г.п. Казлоўшчына, з іх дапамогай партызаны восенню 1942 разграмілі гарнізон; з групай партызан праводзілі дыверсіі на чыгунцы, падпалілі склады на ст. Наваельня. У канцы 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)