ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс. літар. бядняк, жабрак),

член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл. Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ,

сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),

навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.​Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.​Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.​Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.​Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.​Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.

Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал. паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬ МЕДЫ́ГА ((Del Medigo) Іосіф Саламон) (16.3.1591, г. Кандыя, цяпер г. Іракліян, Грэцыя — 1655),

яўрэйскі лекар, матэматык, астраном, філосаф. У 1606—13 вучыўся ў Падуанскім ун-це: вывучаў астраномію і матэматыку (пад кіраўніцтвам Г.​Галілея), а таксама філасофію і медыцыну. Пазней жыў у Каіры, Канстанцінопалі. Маючы славу знакамітага вучонага і медыка, у 1620 прыехаў у Вільню, некалькі гадоў быў лейб-медыкам Крыштафа Радзівіла. У 1628 выехаў у Амстэрдам. Памёр у Празе. Аўтар прац па філасофіі, яўр. л-ры, прыродазнаўчых навуках. Пакінуў нататкі пра сваё знаходжанне ў ВКЛ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХМА (ад грэч. drachmē жменя, кісць),

1) старажытнагрэчаская вагавая і грашовая адзінка. Як манета пачала чаканіцца ў 6 ст. да н.э. Была пераважна сярэбранай, радзей залатой ці меднай, мела розную масу (атычная Д. 4,17 г; карынфская Д. 2,8 г). Чаканіліся манеты вартасцю 72, 1, 2 (дыдрахма), 3, 4 (тэтрадрахма), 5, 6, 8, 10 (дэкадрахма) і 12 Д.; раўнялася 6 аболам, 100 Д. складалі міну, 6 тыс. Д. — талант.

2) У сярэдневякоўі сярэбраная манета масай 2,7 г. Чаканілася ў сярэдзіне 13 ст. ў лац. дзяржавах Б. Усходу.

3) Сучасная грашовая адзінка Грэцыі (з 1833).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ III (Leōn) Ісаўр, Леў III Сірыец (каля 675, Германікія, цяпер г. Мараш, Турцыя — 18.6.741), візантыйскі імператар [717—741], заснавальнік Ісаўрыйскай дынастыі. Узмацніў знешнепаліт. становішча імперыі: адбіў націск арабаў, якія ў 717—718 вялі аблогу Канстанцінопаля; пасля перамогі ў 740 пад Акраінонам вярнуў ч. візант. уладанняў у М. Азіі. З мэтай умацавання цэнтр. улады і абароны інтарэсаў ваенна-служылай знаці выдаў у 726 Эклогу (зб. законаў). Рэфармаваў армію, распачаў рэформы ў галіне права, грамадскіх адносін і царк. палітыкі. Узначальваў рух іканаборства, што прывяло ў 730 да разрыву адносін з рым. курыяй.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́НСКІ ((Gołoński) Анджэй) (24.11.1799, г. Улацлавак, Польшча — 1854),

польскі архітэктар. Ганаровы чл. Пецярб. АМ (1853). Праф. (1838). Скончыў Варшаўскі ун-т (1828). Працаваў (пераважна ў Варшаве) у стылі позняга класіцызму, выкарыстоўваў таксама рэнесансавыя і гатычныя формы.

Сярод работ: царква Аляксандра Неўскага ў варшаўскай Цытадэлі (1835), касцёл у в. Яблонна (каля Варшавы), дамы Міткевіча, Натансона, уласны, дом і ф-ка Фрагета. Перабудаваў барочны касцёл піяраў у сабор св. Тройцы (1835—37), палац Урускіх (1844, цяпер Ін-т геаграфіі Варшаўскага ун-та), царкву ў павільёне палаца «На вадзе» ў Лазенках (1846), цэнтр. частку Гомельскага палаца (1852, з А.​Іджкоўскім).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)