АЛГАРЫ́ТМ (Algorithmi — лац. транслітарацыя імя матэматыка аль-Харэзмі),

адно з асноўных паняццяў кібернетыкі; прадпісанне выканання сістэмы аперацый ці дзеянняў у зададзеным парадку для дасягнення выніку, які вызначаецца зыходнымі дадзенымі. Дазваляе праводзіць аперацыі з лікамі, літарамі, дужкамі і інш. сімваламі, атрымліваць рашэнні задач «у агульным выглядзе» (прыдатныя для цэлага класа аднатыпных задач). Напр., правілы арыфм. дзеянняў з рацыянальнымі лікамі, алгарытм знаходжання найб. агульнага дзельніка двух цэлых лікаў (А.​Эўкліда), алгарытм перакладу з адной мовы на другую. Уласцівасці алгарытму вывучае алгарытмаў тэорыя.

У сярэдневяковай Еўропе алгарытмам наз. дзесятковую пазіцыйную сістэму злічэння і майстэрства лічэння ў ёй (лац. пераклад трактата аль-Харэзмі; 12 ст.). Развіццё электронна-выліч. тэхнікі дало магчымасць ствараць і рэалізоўваць складаныя алгарытмы ў матэматыцы і яе дастасаваннях.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ІНЖЫНЕ́Р СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным інжынерам калгасаў, саўгасаў, міжгаспадарчых аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арг-цый Сельгастэхнікі і воднай гаспадаркі, н.-д. устаноў і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро, доследных станцый, эксперыментальных баз, навучальных гаспадарак, с.-г. органаў, што бездакорна працавалі па спецыяльнасці ў сельскай гаспадарцы не менш як 10 гадоў, мелі вялікія заслугі ў механізацыі с.-г. вытв-сці, укараненні перадавых метадаў працы, навук.-тэхн. дасягненняў, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання с.-г. тэхнікі і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 1.2.1978, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 1988.

Заслужаныя інжынеры сельскай гаспадаркі БССР

1978. Р.​І.​Байдак, В.​С.​Нікіценка, Б.​М.​Пажарскі, Я.​А.​Сантаровіч.

1979. М.​А.​Аляксейчык, В.​С.​Валадось, С.​В.​Юркевіч.

1980. Б.​П.​Лявонцьеў.

1982. У.​В.​Ліпніцкі.

1984. У.​Г.​Бабіцкі.

1988. А.​П.​Куляшоў.

т. 6, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае геаметрычныя аб’екты, звязаныя алг. ўраўненнямі, — алг. мнагастайнасці. Узнікла ў 17 ст. з увядзеннем у геаметрыю паняцця каардынат. У сярэдзіне 19 ст. алгебраічная геаметрыя выдзелілася з матэм. аналізу як тэорыя алг. крывых. У канцы 19 ст. італьян. вучоныя К.​Сегрэ, Л.​Крэмона і інш. стварылі тэорыю алг. паверхняў. У 1930-я г. матэматыкі галандскі Б.​Л.​Ван-дэр-Вардэн, ням. Г.​Гасе і франц. А.​Вейль стварылі асновы алгебраічнай геаметрыі над адвольным полем К. Падабенства тэорыі алг. крывых і тэорыі алг. лікаў стымулявала пошукі агульнай алг. асновы (амер. вучоны О.​Зарыскі, франц. матэматыкі К.​Шэвале і Ж.​Сер). Асновай стала тэорыя схем (франц. матэматык А.​Гратэндзік), дзе, напр., на геам. мове разглядаліся сістэмы алг. ураўненняў над адвольным камутатыўным кольцам, апісваліся ўласцівасці праектыўных мнагастайнасцяў. Алгебраічная геаметрыя звязана з тэорыяй функцый камплексных пераменных, лікаў тэорыяй, ураўненнямі матэматычнай фізікі і інш.

Літ.:

Шафаревич И.Р. Основы алгебраической геометрии. 2 изд. Т. 1—2. М., 1988;

Гриффитс Ф., Харрис Дж. Принципы алгебраической геометрии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1982.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННЫ ПЕРАКЛА́Д,

пераклад тэкстаў з адной мовы на другую з дапамогай ЭВМ. Працэс складаецца з аналізу тэксту на ўваходнай мове з пераўтварэннем яго ва ўнутранае (камп’ютэрнае) выяўленне і сінтэзу тэксту на выхадной мове. Задача М.п. з’яўляецца класічнай праблемай штучнага інтэлекту і прыкладной лінгвістыкі.

1-ы этап М.п. зводзіцца да марфалагічнага, сінтаксічнага і семантычнага аналізу зыходнага тэксту: слоўныя формы апрацоўваюцца з мэтай атрымання граматычнай і семантычнай інфармацыі і на яе аснове будуецца сінтаксічная структура кожнага сказа, пасля чаго атрыманая інфармацыя пераўтвараецца ва ўнутранае выяўленне, зададзенае семантычным графам, вяршынямі якога з’яўляюцца паняцці, а дугамі — суадносіны паміж імі. На 2-м этапе праводзіцца сінтаксічны і марфалагічны сінтэз сказаў на выхадной мове на аснове пабудаванага семантычнага графа. Пры гэтым спачатку фарміруюцца паслядоўнасці заведама сумежных слоў, якія аб’ядноўваюцца ў прыведзеныя групы слоў (напр., групы дзейніка, выказніка) і ўпарадкоўваюцца з улікам пэўных правіл расстаноўкі Марфалагічны сінтэз слоў рэалізуецца як працэс, адваротны марфалагічнаму аналізу.

Літ.:

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991.

С.​Ф.​Ліпніцкі.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАГАНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

1) мноства {xn} ненулявых вектараў у эўклідавай (гільбертавай) прасторы, для якіх скалярны здабытак (xn, xm) = 0 пры n ≠ m. Калі модуль кожнага вектара роўны 1, то сістэма {xn} наз. артанармоўнай. Поўную артаганальную сістэму наз. артаганальным базісам. Адпаведна вызначаецца і артанармоўны базіс.

2) Сістэма каардынатаў, у якой каардынатныя лініі (або паверхні) перасякаюцца пад прамым вуглом. Звычайна карыстаюцца дэкартавымі, палярнымі, эліптычнымі, сферычнымі, цыліндрычнымі артаганальнай сістэмай каардынатаў.

3) Сістэма мнагаскладаў {Pn(x)}, n = 0, 1, 2, ..., якія на адрэзку [a, b] з вагой g(x) задавальняюць умовам артаганальнасці ∫​ba Pn(x)Pm(x)g(x)dx = 0 /n≠m/, пры гэтым ступень кожнага мнагасклада Pn(x) супадае з яго індэксам n. Выкарыстоўваюцца ў задачах матэм. фізікі, тэорыі выяўленняў груп, вылічальнай матэматыкі і інш. 4) Сістэма функцый, n = 1, 2..., якія на адрэзку [a, b] з вагой p(x) задавальняюць умовам артаганальнасці: ∫​ba φn(x)φ​*m(x)p(x)dz = 0 пры n≠m, дзе ​* — знак камплекснай спалучанасці. Напр., сістэма трыганаметр. функцый ½, cos nπx, sin nπx (n = 1, 2, ...) — артаганальная сістэма на адрэзку [-1,1] з вагой 1. Выкарыстоўваецца для рашэння задач, напр., спектральнага аналізу ў тэорыі ваганняў, акустыкі, радыёфізікі, оптыкі.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ШАФЁР БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным шафёрам за працу па спецыяльнасці не менш як 15 гадоў і за вял. заслугі ва ўдасканаленні арганізацыі работы, эфектыўнае выкарыстанне тэхнікі і забеспячэнне безаварыйнай работы. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 21.10.1968, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. З 29.10.1971 прысвойвалася ганаровае званне засл. работнік транспарту Беларускай ССР, з 13.4.1995 — заслужаны работнік транспарту Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя шафёры Беларускай ССР

1968. К.​Ф.​Атрашэўскі, Б.​Л.​Аўрамаў, В.​І.​Балашоў, К.​Б.​Васільеў, П.​І.​Дзяржаўцаў, М.​А.​Драч, У.​Н.​Казлоў, М.​М.​Кір’янцаў, Ф.​М.​Кліменцьеў, А.​С.​Кончыц, В.​В.​Крук, Дз.​І.​Куханаў, В.​Д.​Максімішын, Т.​М.​Мядзведскі, В.​І.​Петрык, Н.​Я.​Петрыкевіч, У.​С.​Піскун, Л.​А.​Расцішэўскі, Р.​Я.​Снытко, В.​А.​Сяліцкі, М.​В.​Трошкін, І.​А.​Уліцкі, У.​А.​Філіманюк, А.​А.​Храменкін, І.​П.​Цыбулька, В.​А.​Шэін.

1970. У.​Р.​Азараў, У.​Р.​Багданаў, І.​А.​Беластоцкі, Р.​М.​Валюкевіч, Дз.​І.​Вярыга, М.​П.​Герасімовіч, І.​І.​Гулевіч, А.​К.​Гулееў, В.​В.​Дабрынеўскі, П.​М.​Драбышэўскі, І.​Ц.​Дрындрожык, В.​Ц.​Завядзееў, П.​І.​Зялёнка, А.​І.​Казакоў, П.​С.​Касінец, У.​Д.​Крывец, І.​К.​Ліпніцкі, В.​В.​Ліпскі, І.​А.​Малееў, П.​М.​Марозаў, П.​К.​Міхалёнкаў, М.​І.​Мурашка, Х.​І.​Муха, К.​М.​Нарановіч, Г.​І.​Нарышкін, М.​П.​Нікіфараў, Г.​А.​Палякоў, М.​І.​Плотнікаў, У.​М.​Пузына, М.​М.​Розін, В.​Р.​Рычаго, Ц.​П.​Сазонаў, М.​І.​Тхораў, Р.​А.​Хаўратовіч, С.​П.​Чайкоў, Ч.​В.​Часноўскі, А.​С.​Чуяшкоў, М.​П.​Шамшын, І.​А.​Шуба, А.​В.​Шыдлоўскі, К.​П.​Юда, В.​П.​Юзоніс, У.​В.​Якімовіч, С.​С.​Ясюкевіч.

т. 6, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)