ДАЛО́ (Dollo) Луі

(7.12.1857, г. Ліль, Францыя — 19.4.1931),

бельгійскі палеантолаг. Замежны чл.-кар. АН СССР (1928). Вучань і паслядоўнік У.А.Кавалеўскага. Праф. Брусельскага ун-та і хавальнік Прыродазнаўча-гіст. музея. Адкрыў «закон неабарачальнасці эвалюцыі» (закон Д., 1893). Вывучаў марфал. асаблівасці выкапнёвых пазваночных. Асн. праца «Эталагічная палеанталогія» (1909) прысвечана выкарыстанню эталагічнага метаду пры вывучэнні выкапнёвых рыб, дыназаўраў і некат. млекакормячых.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́СКАЯ У́НІЯ 1579,

пагадненне пра аб’яднанне валонскіх правінцый на Пд Нідэрландаў (Эно, Артуа, Дуэ), заключанае па ініцыятыве рэакц. каталіцкага дваранства. У выніку на пэўных умовах аднаўлялася ісп. панаванне над правінцыямі. Накіравана фактычна супраць нац.-выз. вайны з Іспаніяй у ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У адказ сем рэв. правінцый на Пн Нідэрландаў заключылі Утрэхцкую унію. Аформлена 6 студз. ў Арасе (прав. Артуа); пазней да Аранскай уніі далучыліся прав. Ліль, Аршы і інш.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛО́ (Lalo) Эдуар Віктор Антуан

(27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),

французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т.л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп. муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т.л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР ШАЦІЛЬЁНСКІ

(Walter von Châtillon; каля 1135, г. Ліль, Францыя — каля 1200),

французскі лацінскі паэт. Адзін з буйнейшых паэтаў-вагантаў. Вучыўся ў Парыжы і Рэймсе. Займаў пасаду каноніка ў Ам’ене, служыў пры двары Генрыха II. Шмат падарожнічаў. Паводле падання, памёр ад праказы ў Парыжы. У антыклерыкальных вершах «Скарга на своекарыслівасць і злачынствы духавенства», «Я, нядужы між нядужых...», «Выкрыццё Рыма» раскрыў унутр. заганы царквы, стварыў цэласную горка-іранічную карціну свету, які сышоў са шляху ісціны і, прыкрываючыся імем Хрыста, жыве пад уладай антыхрыста. Аўтар паэмы «Александрэіда» (каля 1178—82).

Тв.:

Рус. пер. — Александреида [Стихи] // Памятники средневековой латинской литературы Х — XII вв. М., 1972;

У кн.: Поэзия трубадуров;

Поэзия миннезингеров;

Поэзия вагантов. М., 1974.

Літ.:

Гаспаров М.Л. Поэзия вагантов // Памятники средневековой латинской литературы Х—XII вв. М., 1972.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬ (Gaulle) Шарль дэ

(22.11.1890, г. Ліль, Францыя — 9.11.1970),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1940). Скончыў ваен. вучылішча ў Сен-Сіры (1912) і Вышэйшую ваен. школу ў Парыжы (1924). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 ваен. саветнік у Польшчы. Выкладаў ваен. гісторыю ў Сен-Сіры (з 1921), служыў у штабе маршала А.Ф.Петэна (з 1925). У 1932 — 36 ген. сакратар Нац. савета абароны. У ваен.-тэарэт. працах «За прафесійную армію» (1934), «Францыя і яе армія» (1938) падкрэсліваў неабходнасць узмацнення абараназдольнасці краіны, хутчэйшай механізацыі франц. арміі, стварэння аператыўна самаст. танк. падраздзяленняў. У пач. 2-й сусв. вайны камандзір танк. Падраздзяленняў 5-й франц. арміі, потым 4-й бранятанк. дывізіі, нам. ваен. міністра. Перад капітуляцыяй Францыі эмігрыраваў у Лондан. Заснавальнік руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»). З 1943 у Алжыры, сустаршыня (1943) і старшыня (1943—44) Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. У 1944—46 кіраўнік урада (да ліст. 1945 Часовага) Франц. Рэспублікі, у ліст. 1945 — студз. 1946 таксама яе часовы прэзідэнт (да ўстанаўлення парламенцкай Чацвёртай рэспублікі 1946—58). Стваральнік і старшыня (1947—53) паліт. руху «Аб’яднанне франц. народа». Ва ўмовах паліт. крызісу 1958 выбраны прэм’ер-міністрам. У 1958—69 прэзідэнт Францыі. Ініцыіраваў устанаўленне прэзідэнцкай Пятай рэспублікі, спыненне калан. вайны ў Алжыры і наданне яму незалежнасці (1962), заключэнне германа-французскага дагавора 1963, выхад Францыі з ваен. арг-цыі НАТО (1966) і інш. Пайшоў у адстаўку пасля прайгранага рэферэндуму 27.4.1969 аб новым адм.-тэр. падзеле краіны і рэарганізацыі Сената.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—2. М., 1957—60.

Літ.:

Арзаканян М.Ц. Шарль де Голль // Вопр. истории. 1991. № 2—3;

Молчанов Н.Н Генерал де Голль. 3 изд. М., 1988.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)