КІРКУ́К,

горад на ПнУ Ірака. Адм. ц. мухафазы Таамім. Больш за 600 тыс. ж. (1996, з прыгарадамі). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна здабычы нафты. Ад К. ідуць нафтаправоды ў парты Баніяс (Сірыя) і Трыпалі (Ліван). Нафтаперапр. з-д. Вытв-сць серы. Гарбарна-абутковая і тэкст. прам-сць.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКА́ЙК,

нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1940, распрацоўваецца з 1946. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1210 млн. т. Прадукцыйныя залежы на глыб. 1,7—2 км. Шчыльнасць нафты 880 кг/м³. Дзесяткі фантануючых свідравін. Нафтаправоды да Сайды (Ліван) і партоў Рас-Танура і Ямбу. Эксплуатуецца кампаніяй «Арамка».

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́БРА І ШАЦІ́ЛА,

назва двух лагераў палесцінскіх бежанцаў у сталіцы Лівана Бейруце. Набылі вядомасць у час уварвання войск Ізраіля ў Ліван у 1982, калі 15—17 ліст. саюзная Ізраілю міліцыя хрысціян-маранітаў учыніла там разню мірных жыхароў, у выніку чаго загінула ад 1 да 2 тыс. жанчын, дзяцей і старых.

Ізраільскія войскі, якія знаходзіліся побач, не прадухілілі гэтыя забойствы, што выклікала ўсеагульнае асуджэнне Ізраіля сусв. супольнасцю.

т. 14, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́ЗКІ УСХО́Д,

назва тэрыторыі на З і ПдЗ Азіі і ПнУ Афрыкі. Да краін Блізкага Усходу адносяць Егіпет, Судан, Бахрэйн, Ізраіль, Іарданію, Ірак, Йемен, Катар, Кіпр, Кувейт, Ліван, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Саудаўскую Аравію, Сірыю, Турцыю, араб. дзяржаву Палесціну (пра кожную гл. асобны арт.). У замежнай (пераважна ў амер. і англ.) л-ры Блізкі Усход разам з Іранам і Афганістанам уключаецца ў паняцце Сярэдні Усход. У 19 — пач. 20 ст. ў паняцце Блізкі Усход уключалі ўсю тэр. Асманскай імперыі (Турцыі), у т. л. краіны Балканскага п-ва.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЖА́Л (араб.),

клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.

Літ.:

Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

Ю.​М.​Бохан.

Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЎРСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1920 Падпісаны саюзнымі дзяржавамі-пераможцамі ў 1-й сусв. вайне 1914—18 [Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй, Бельгіяй, Грэцыяй, Польшчай, Партугаліяй, Румыніяй, Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў, Хіджазам (Саудаўская Аравія), Чэхаславакіяй і Арменіяй] з Турцыяй 10 жн. ў г. Сеўр. Быў ч. Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Аформіў падзел Асманскай імперыі, у т. л. расчляненне ўласна тур. тэрыторыі. Паводле ўмоў дагавора Сірыя і Ліван перадаваліся Францыі, Палесціна і Ірак — Вялікабрытаніі як мандатныя тэрыторыі. Турцыя адмаўлялася ад прэтэнзій на Аравійскі п-аў і краіны Паўн. Афрыкі, прызнавала пратэктарат Вялікабрытаніі над Егіптам, англ. анексію в-ва Кіпр. Усх. Фракія, Галіпальскі п-аў, раён Ізміра перадаваліся Грэцыі, а-вы Дадэканес — Італіі, Чарнаморскія пралівы дэмілітарызаваліся і пераходзілі пад кантроль новаўтворнай міжнар. Камісіі праліваў. Прадугледжвалася стварэнне незалежнай дзяржавы Курдыстан (не адбылося). Дагаворам абмежаваны тур. ўзбр. сілы (50 тыс. чал.). Урад Вял. нац. сходу Турцыі адхіліў С.м.д. На Лазанскай канферэнцыі 1922—23 Турцыя дамаглася замены яго Лазанскім мірным дагаворам 1923.

т. 14, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),

парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.​Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.​Шчуко, У.​Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.​Сімбірцаў, І.​Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон).

С.​А.​Сергачоў.

Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́КСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1958,

антыманархічны ваен. пераварот у Іраку 14.7.1958. Падрыхтавана членамі падп. арг-цый Фронт нац. адзінства (ФНА) і «Свабодныя афіцэры», незадаволенымі знешнепаліт. курсам урада Саіда Нуры (арыентацыя на Вялікабрытанію і ЗША, дзейнасць Ірака ў межах Арганізацыі цэнтральнага дагавора, або Багдадскага пакта). Адбылася напярэдадні інтэрвенцыі дзяржаў-удзельніц Багдадскага пакта і ЗША у Ліван, у якой павінны былі ўдзельнічаць і 2 брыгады іракскай арміі. 14 ліп. гэтыя брыгады (камандзіры — А.К.Касем і А.​С.​Арэф) уступілі ў Багдад, захапілі стратэг. пункты сталіцы і акружылі каралеўскі палац. Былі забіты кароль Фейсал II, эмір Абдул Ілах і яшчэ больш за 20 чал. Па закліку ФНА да вайскоўцаў, што паўсталі, далучылася насельніцтва, якое ўдзельнічала ў ліквідацыі ачагоў супраціўлення, затрымцы прыхільнікаў манархічнага рэжыму (15 ліп. забіты Саід Нуры), перадачы органаў дзярж. кіравання пад кантроль грамадскіх арг-цый і ваенных. У выніку рэвалюцыі Ірак абвешчаны рэспублікай, сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Касемам (яго нам. і міністрам унутр. спраў стаў Арэф).

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛ (акадскае Губл, стараж.-яўр. Гебал),

старажытны горад і порт у Фінікіі (цяпер г. Джубейль, Ліван). З 6-га тыс. да н.э. невял. гандлёва-рамесны цэнтр, праз які Егіпет вывозіў з Фінікіі лес. У 4—2-м тыс. да н.э. гандл. (ліванскі кедр, медзь) і рэліг. (месца культу Адоніса) цэнтр; апрацоўка папірусу — адсюль назва (грэч. byblos кніга). У 16—13 ст. да н.э. быў залежны ад Егіпта, але меў сваіх цароў. У канцы 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне, пазней яго неаднаразова падпарадкоўвалі Асірыя і Вавілонія. У 11—9 ст. да н.э. вёў барацьбу з Цірам і Сідонам за панаванне ў Фінікіі. Пры Ахеменідах і ў эліністычна-рымскі перыяд перажываў уздым, чаканіў манету, меў самакіраванне. З 7 ст. н.э. араб. горад.

Раскопкамі выяўлены надпісы на каменных і бронзавых прадметах (гл. Біблскае пісьмо), рэшткі храма багіні Баалат Гебал (2-е тыс. да н.э.), саркафаг цара Ахірама з раннеалфавітным надпісам 13 ст. да н.э., каля 1800 пахаванняў, дамы багатых гараджан, шмат вырабаў з медзі, серабра, золата.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)