лагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.

2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.

3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.

4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нелагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які супярэчыць логіцы, пазбаўлены логікі. Нелагічнае заключэнне. // Непаслядоўны, супярэчны ў сваіх думках, паводзінах і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Булева алгебра, гл. Алгебра логікі

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ ((Boole) Джордж) (2.11.1815, г. Лінкальн, Вялікабрытанія — 8.12.1864),

англійскі матэматык і логік; заснавальнік матэм. логікі. Праф. матэматыкі (1849) Куінс-каледжа ў Корку (Ірландыя). Спец. матэматычнай адукацыі не меў. У працах «Матэматычны аналіз логікі» (1847), «Логікавае злічэнне» (1848), «Даследаванне законаў мыслення» (1854) распрацаваў алгебру логікі. Імем Буля названы асобныя алг. сістэмы — булевы алгебры.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),

1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.​Расела і яго школы (гл. Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).

В.​М.​Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метало́гіка

(ад метал + логіка)

тэорыя даследавання сістэмы і паняцця сучаснай фармальнай логікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аналі́тыка

(гр. analytika)

вучэнне пра сілагізмы і паняцці як састаўная частка логікі Арыстоцеля.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.

В.​М.​Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,

раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рацыяналісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рацыяналізму (у 1 знач.); заснаваны на рацыяналізме.

2. Які абапіраецца толькі на патрабаванні логікі, розуму. Рацыяналістычныя паводзіны. Рацыяналістычная думка. □ Лёдзя абурала сваёю ўпартасцю, нейкім рацыяналістычным падыходам да самага інтымнага. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)