Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Леановіч І. І. 4/151, 254, 297, 487; 5/105, 364; 6/223, 284, 339, 340; 7/111; 10/92, 278; 12/488
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для падымання і перамяшчэння грузаў і людзей на адносна невялікія адлегласці. Падзяляюцца на грузападымальныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны і транспартавальныя. Бываюць перыяд. дзеяння (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, ліфты, пагрузчыкі, фунікулёры, дамкраты, лябёдкі, талі і інш.) і бесперапыннага (канвееры, ральгангі, транспарцёры, элеватары, эскалатары, прыстасаванні гідраўлічнага транспарту і пнеўматычнага транспарту). Да П.-т.м. адносяцца таксама машыны падвесных канатных дарог і манарэйкавых дарог.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМЗІТАБЕТО́Н,
лёгкі бетон, у якім запаўняльнікам служыць керамзіт, а вяжучым — цэмент, гіпс або сінт. смолы. Выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, дазваляе значна зменшыць вагу канструкцый.
Сярэдняя шчыльнасць К. (кг/м³): цеплаізаляцыйнага для слаістых агараджальных канструкцый 350—600, канструкцыйна-цеплаізаляцыйнага для аднаслойных агараджальных канструкцый 700—1200, канструкцыйнага для нясучых канструкцый і элементаў інж. збудаванняў 1400—1800. Пры вытв-сці К. сумесь рыхтуюць, як і для цяжкіх сумесей, але з лепшым перамешваннем (у мяшалках прымусовага дзеяння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТАРЭ́З,
машына для расчысткі тэрыторыі ад хмызняку і драбналесся (дрэў дыяметрам да 25 см). Бываюць адвальна-нажавыя, вальцава-нажавыя і нажавыя.
Найб. пашыраныя адвальна-нажавыя К. складаюцца са штурхальнай рамы, навешанай на гусенічны трактар, клінападобнага адвала з гарыз. нажамі, канатна-блочнай ці гідраўл. сістэмы кіравання. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель (пры выкананні культуртэхнічных работ), буд-ве і эксплуатацыі дарог, пракладцы газаправодаў, каналаў, прасек і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЧКІН (Міхаіл Фёдаравіч) (17.11. 1891, с. Галубкі Навасільскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 5.8.1963),
расійскі і бел. вучоны ў галіне грунтазнаўства і фундаментабудавання. Чл.-кар. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957). Д-ртэхн.н., праф. (1945). Скончыў Тульскі настаўніцкі ін-т (1915), Маскоўскі ін-т шляхоў зносін (1927). Працаваў у праектных арг-цыях сістэмы шляхоў зносін. З 1953 у БПІ. Навук. працы па пытаннях грунтазнаўства, праектавання і буд-ва фундаментаў з выкарыстаннем мясцовых буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МНЫ МОСТ,
тып моста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.
І.І.Леановіч.
Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ КЛІМАТАЛО́ГІЯ,
навука, якая вывучае кліматычныя параметры, метады іх вызначэння і асаблівасці ўліку ў практыцы буд-ва; раздзел будаўнічай фізікі. Развіваецца на аснове дасягненняў фізікі атмасферы і агульнай кліматалогіі. Аснова распрацовак ген. планаў гарадоў, пасёлкаў і інш., праектавання збудаванняў, абгрунтавання выбару буд. матэрыялаў і канструкцый, сістэм ацяплення, вентыляцыі, газа- і водазабеспячэння, прыродаахоўных мерапрыемстваў, распрацоўкі тэхналогіі і арганізацыі буд. вытв-сці, забеспячэння аховы працы і інш. На Беларусі праблемы будаўнічай кліматалогіі даследуюцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це і інш.